Мінабароны РФ расказала пра 19 збітых і перахопленых дронаў.

У Северскім раёне Краснадарскага краю на тэрыторыі Ільскага нафтаперапрацоўчага завода адбыўся пажар, піша «Настоящее время».
Узгаранне адбылося каля 2:00 гадзін ночы, да 3:00 гадзін адкрытае гарэнне было ліквідавана службамі завода. Пацярпелых няма, прычыны здарэння высвятляюцца.
Паводле звестак тэлеграм-канала «Осторожно, новости», жыхары да гэтага паведамлялі ў сацсетках аб серыі выбухаў і гуках дронаў, якія ляцяць. Тэлеграм-канал Shot піша, што Ільскі НПЗ атакаваў беспілотнік, на месцы здарэння быў моцны пажар.
У Мінабароны Расеі заявілі, што сілы СПА знішчылі і перахапілі за ноч 19 беспілотнікаў над Краснадарскім краем, а таксама над Курскай, Бранскай і Арлоўскай абласцямі і акваторыяй Чорнага мора.
У Арлоўскай вобласці чатыры дроны спрабавалі атакаваць аб'екты паліўна-энергетычнага комплексу, але былі збітыя. Пацярпелых няма, паведаміў губернатар рэгіёну Андрэй Клычкоў.
Аб адным знішчаным над Бранскім раёнам беспілотніку напісаў губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз.
Ільскі НПЗ займаецца захоўваннем і перапрацоўкай сыравіны, а таксама адгрузкай гатовай прадукцыі. Летась завод некалькі разоў зазнаў атаку дронаў.
Каментары