Зяць былога віцэ-прэм'ера і міністра аховы здароўя Васіля Жарко праз кіпрскую юрыдычную асобу валодае крыптабіржай Free2ex, якая базуецца ў Беларусі, высветліла «Люстэрка». У прыватнасці, гэтая кампанія трапіла ў лік замежных інвестараў, якім забаранілі продаж бізнэсу ў нашай краіне.
Дом у Драздах, салоны прыгажосці і месца ў БелВЭБ
У 2018 годзе ў Беларусі арыштавалі дзясяткі людзей па так званай «справе дактароў» — адным з самых гучных антыкарупцыйных працэсаў у гісторыі краіны. Справа датычылася хабару падчас пакупкі і паставак медыцынскага абсталявання і прэпаратаў. Тады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пад следствам знаходзіцца больш за 100 чалавек. Сярод іх — чыноўнікі, галоўныя дактары бальніц, дырэктары дзяржпрадпрыемстваў.
Самым статусным затрыманым аказаўся намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і асудзілі на шэсць гадоў узмоцненага рэжыму. На волю былы намеснік міністра выйшаў у 2021 годзе. Мяркуючы па ўсім, яго памілавалі.
У перыяд расследавання «справы дактароў» пасаду віцэ-прэм'ера, які курыруе сферу аховы здароўя, займаў Васіль Жарко. Да гэтага ён дзесяць гадоў (з 2006-га да 2016-га) быў міністрам аховы здароўя Беларусі. Сілавікі дапытвалі Жарко па справе пра хабар, і нават хадзілі чуткі, што ён арыштаваны, але яны аказаліся памылковымі. Неўзабаве яго адправілі ў адстаўку. У 2020 годзе TUT.BY пісаў, што Жарко стаў дарадцам старшыні праўлення «Банка БелВЭБ». Чым ён займаецца цяпер, невядома.
У ліпені 2018 года інфармацыю пра арышт Жарко абвяргала яго дачка — Вольга Разгонава. Тады ж «Наша Ніва» каротка расказала пра яе і яе мужа. Шэсць гадоў таму жанчына кіравала сеткай салонаў прыгажосці Pastelle Salons у Мінску. Дарэчы, цікава, што ў 2018 годзе, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», дачка былога топ-чыноўніка атрымала ў падарунак ад бацькоў апартаменты ў Драздах — кватэру плошчай больш чым 120 квадратных метраў. Тады ж за Нацыянальнай бібліятэкай скончылася будаўніцтва сямейнага катэджа плошчай каля 500 квадратных метраў.
Pastelle ў Беларусі існуюць дагэтуль, вось ужо амаль дзевяць гадоў. У Мінску яны працуюць у гандлёвых цэнтрах «Замак» і «Тытан». У Беларусі салоны належаць прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству «Мелівана», заснавальніца і адзіная ўласніца якога — акурат дачка экс-чыноўніка.
У сацсетках Pastelle Salons пазіцыянуе сябе як «прыбалтыйская сетка». Праўда, мы адшукалі толькі адзін салон у Рызе. У іншых гарадах краін Балтыі іх мы не знайшлі. Аднак падобна, што Pastelle першапачаткова пачала працаваць менавіта ў Латвіі, а ўжо праз дзесяць гадоў з’явілася ў Беларусі.
«Сетку салонаў стварылі два на той час маладыя прафесіяналы — Руслан Разгонаў і Эдгар Заблоцкі, — цытавала «Наша Ніва» інфармацыю з сайта кампаніі, які цяпер не працуе. — Для таго каб рэалізаваць назапашаны досвед, шматлікія задумы і велізарны патэнцыял, майстрам не хапала толькі аднаго — сустрэць адзін аднаго. Калі гэта адбылося, агульнае бачанне развіцця індустрыі моды і жаданне падараваць людзям максімальную свабоду рэалізацыі іх ідэй дазволіла сябрам неўзабаве стаць яшчэ і партнёрамі — у 2005 годзе Руслан і Эдгар адкрылі першы салон Pastelle».
Руслан Разгонаў (у рэестрах латвійскіх і кіпрскіх юрыдычных асоб ён часта фігуруе як Ruslans Razgonovs) пасля стаў мужам Вольгі і, адпаведна, зяцем Васіля Жарко.
Кіпрскі бізнэс і крыптабіржа ў Беларусі
Сфера прыгажосці — не адзіная галіна, у якой вядзе бізнэс зяць былога віцэ-прэм'ера Беларусі. У еўрапейскіх бізнэс-каталогах чалавек з імем Ruslans Razgonovs пазначаны як кіраўнік латвійскай кампаніі RR Concept. Магчыма, яна названая па першых літарах яго імені і прозвішча (напрыклад, на сваёй старонцы ў Facebook Руслан Разгонаў змясціў на аватарцы эмблему з літарамі RR). Чым займаецца латвійская кампанія — невядома. У каталогах сярод сфер яе дзейнасці згадваецца кансалтынг у тэхнічнай і навуковай сферах. Яшчэ адзін офіс RR Concept зарэгістраваны ў Празе. Сайта ў кампаніі няма.
Больш вядома пра іншы бізнэс Руслана Разгонава. Як высветліла «Люстэрка», зяць былога міністра і віцэ-прэм'ера — адзін з уладальнікаў крыптабіржы Free2ex.
Яна была створаная ў 2019 годзе. З 2020-га яна ёсць у складзе ПВТ — пад юрыдычным імем ТАА «Піксель Інтэрнэт». Free2ex прапануе стандартныя для крыптабіржаў паслугі: куплю і продаж папулярных крыптавалют (Bitcoin, Ethereum і іншыя), а таксама гандаль такенізаванымі актывамі (напрыклад, акцыямі кампаній ці сыравінай).
У «Піксель Інтэрнэт» багатая гісторыя. Як вынікае з інфармацыі Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб і звестак сайта kartoteka.by, да 2016 года кампанія займалася оптавым і раздробным гандлем электратаварамі. Засталася інфармацыя пра пастаўкі тэхнікі будучай крыптабіржы дзяржустановам: лядоўня — у Дзяржкамітэт судовых экспертыз, прас — у Палац Рэспублікі, прэзентатар — у Акадэмію навук.
Спіс паставак ТАА «Піксель Інтэрнэт» дзяржарганізацыям у 2016 годзе. Скрыншот з сайта kartoteka.by
Цяпер адзіны ўладальнік Free2ex — кіпрская кампанія «Рэфірал ЛТД» (валодае 100% долі ў памеры 2,37 мільёна рублёў). Сама біржа ўключаная ў пералік юрыдычных асоб з «недружалюбных краін», якім Аляксандр Лукашэнка сваім указам забараніў прадаваць бізнэс.
Уласнік ТАА «Піксель Інтэрнэт». Скрыншот выпіскі з АДР
У сваю чаргу, у «Рэфірал ЛТД» (Refiral LTD) два ўладальнікі: грамадзянін Літвы Уладзімір Бярэзін (належыць 75% долі кампаніі) і грамадзянін Латвіі Руслан Разгонаў (25%).
Прычым да пачатку 2023 года ў выпісцы кіпрскай юрыдычнай асобы Руслан Разгонаў фігуруе як грамадзянін Беларусі.
Мяркуючы з выпісцы з АДР, з сярэдзіны 2016-га да пачатку 2020 года ўласнікам будучай крыптабіржы, кампаніі «Піксель Інтэрнэт», была «Піксель Інвестментс», дырэктарам якой быў Уладзімір Бярэзін. З канца 2017-га да пачатку 2019-га мужчына таксама быў кіраўніком «Піксель Інтэрнэт». Мяркуючы з профіля Бярэзіна ў LinkedIn, бізнесовец каля васьмі гадоў працаваў у аўтамабільным холдынгу «Атлант-М». Апошняя яго пасада — дырэктар па інвестыцыях.
З 2016 года «Піксель Інтэрнэт» мяняе свой від дзейнасці на фінансавыя паслугі, а са студзеня 2020 года змяняе і ўладальніка — на «Рэфірал ЛТД», якая была створаная на Кіпры ўсяго за два месяцы да гэтага (ужо з зяцем былога віцэ-прэм'ера сярод уласнікаў).
Наколькі паспяховая Free2ex, якія абароты і колькі карыстальнікаў у біржы, сказаць складана. Заўважна, што платформа арыентуецца на карыстальнікаў з Беларусі, Расіі і, магчыма, іншых краін постсавецкай прасторы. У сайта біржы ёсць дзве версіі: на англійскай і рускай мовах. Аднак нават у англійскай версіі ў раздзеле Mass Media (відаць, маюцца на ўвазе СМІ, якія пісалі пра біржу) пералічаныя ў асноўным беларускія і расійскія выданні: Onliner, РБК, Myfin. У сродках аплаты побач з карткамі Visa і MasterCard ёсць айчынныя аплатныя сістэмы Belcard і bePaid.
— Мне здавалася, Разгонаў не вельмі ў тэме таго, што адбываецца ў кампаніі, — кажа крыніца «Люстэрка». — Асабліва цяжка яму даваліся пытанні, звязаныя менавіта з крыптавалютамі. Было адчуванне, што ён не грае вырашальнай ролі, а апошняе слова заўсёды застаецца за менеджментам біржы і Бярэзіным. Грошы ў кампаніі ёсць, але, з маіх назіранняў, выдаткоўвалі яны іх не вельмі ахвотна. Кліенты «з вуліцы» прыцягваліся з цяжкасцю. Але ў біржы ёсць нейкі пул пастаянных кліентаў, якія і давалі асноўны прыбытак.
З лета 2020 года ў Facebook Руслана Разгонава з’яўляюцца рэпосты навін са старонкі Free2ex у сацсеткі. Апошні датуецца 22 лютага 2022 года. Пасля яго іншых публікацый на старонцы грамадзяніна Латвіі і Беларусі ў сацсетках няма.
«Люстэрка» папрасіла Руслана Разгонава адказаць на пытанні пра крыптабіржу (у прыватнасці, ці ўдзельнічае ў гэтым і іншых сямейных бізнес-праектах былы віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Жарко). На момант публікацыі гэтага тэксту адказу не было.
Каментары
В Спортлото напиши, бот губопика!