Гісторыя5757

25 гадоў таму прайшлі прэзідэнцкія выбары без Лукашэнкі. Кандыдат Чыгір быў у СІЗА, Пазняк — за мяжой

У маі 1999 года беларуская апазіцыя паспрабавала ўзяць рэванш і правяла альтэрнатыўныя выбары. Згадваем, як праходзіла тое галасаванне.

Стары аўтобус, задзейнічаны пад выбарчы ўчастак на Паўднёвым Захадзе недалёка ад універсама «Валгаград». Фота Vytoki.net

Праз рэферэндум да дыктатуры

Аляксандр Лукашэнка ў 1996 годзе правёў чарговы рэферэндум па змяненні Канстытуцыі, паставіўшы за мэту ўмацаванне ўласнай улады, якой пагражалі тыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, якія былі ў жорсткай апазіцыі да яго з моманту абрання прэзідэнтам.

Старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, які супраціўляўся правядзенню рэферэндуму, Лукашэнка зняў яшчэ напярэдадні правядзення галасавання, замяніўшы на лаяльную Лідзію Ярмошыну.

Праведзены, як сцвярджалі апаненты Лукашэнкі, з вялікім парушэннямі заканадаўства рэферэндум даў беларускаму прэзідэнту больш шырокія паўнамоцтвы, што дазволіла яму ліквідаваць незалежнасць іншых галін улады — Вярхоўнага Савета, Канстытуцыйнага суда і Кантрольнай палаты. Замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета паўставаў двухпалатны Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, а значыць, склад дэпутатаў мусіў кардынальна абнавіцца.

«Ганчар не падпіша пратакол рэферэндуму». Выразка з газеты

Першы склад ніжняй палаты парламенту быў цалкам прызначаны Лукашэнкам з ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія падтрымлівалі яго палітыку. Такім чынам, дэпутацкі мандат захавалі 110 дэпутатаў са 199 абраных у 1995 годзе.

Па-за бортам

Ва ўрэзаным складзе Вярхоўны Савет працягваў дзейнічаць паралельна з Палатай прадстаўнікоў і лічыў сябе адзіным легітымным прадстаўнічым органам, а дзеянні Лукашэнкі кваліфікаваў як захоп улады неканстытуцыйным шляхам, хоць ніякай рэальнай улады больш не меў. З пачатку 1997 года колькасць дэпутатаў на яго пасяджэннях не перавышала 50 чалавек. Фактычна «парламенцкія сесіі» ператварыліся ў сходы апазіцыйных дэпутатаў.

Аляксандр Лукашэнка ў 1998 годзе. Фота: Holger Hollemann picture alliance via Getty Images

З дапамогай рэферэндуму-1996 Лукашэнка не толькі пашырыў свае паўнамоцтвы, але і «абнуліў» свой пяцігадовы тэрмін, які раней адлічваўся з 1994 года. Скарыстаўшыся тым, што па старым разліку паўнамоцтвы прэзідэнта сканчаліся 20 ліпеня 1999 года, рэшткі Вярхоўнага Савета прызначылі новыя прэзідэнцкія выбары. 

Дэпутаты наіўна меркавалі, што на іхнюю ініцыятыву мусяць быць закладзены сродкі ў бюджэце на 1999 год. Вядома, што ў бюджэце лукашэнкаўскай Беларусі нічога падобнага і быць не магло. Правесці паўнавартасныя выбары без дзяржаўных грошай і ўплыву на выканаўчую ўладу на месцах было немагчыма. Ад ідэі, аднак, не адмовіліся, выбары вырашылі праводзіць за кошт добраахвотных ахвяраванняў.

Віктар Ганчар. 

Рэшткі Вярхоўнага Савета «вярнулі» на ранейшую пасаду старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, у яе ўвайшлі прадстаўнікі Беларускага народнага фронту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама незалежных прафсаюзаў. 

Праца па падрыхтоўцы выбараў вялася падпольна, а «адроджаны» ЦВК нават не меў сталага памяшкання. Былі вызначаныя тэрміны збору подпісаў за вылучэнцаў і фарміравання выбарчых камісій. Афіцыйныя асобы ігнаравалі гэты альтэрнатыўны орган.

Але заходнія прадстаўнікі выказвалі падтрымку ініцыятыве Вярхоўнага Савета, які ўсё яшчэ лічылі легітымным органам. У Беларусь да выбараў вярнуліся заходнія паслы, якія пакінулі краіну пасля дыпламатычнага скандалу ў Драздах у 1998 годзе. 

Міхаіл Чыгір паціскае руку Кебічу ў Вярхоўным Савеце

Група АБСЕ правяла сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага Савета Сямёнам Шарэцкім, а таксама Віктарам Ганчаром і былым прэм’ерам Міхаілам Чыгіром, які абвясціў пра намер балатавацца на гэтых выбарах.

Пазняк і Чыгір

Зянон Пазняк у 1996 годзе. Скрыншот відэа

Пазняк, асцерагаючыся арышту, яшчэ ў 1996 годзе з’ехаў разам з паплечнікам Сяргеем Навумчыкам з краіны. КДБ Беларусі спрабаваў яго вярнуць з Украіны, але тая адмовілася выдаць палітыка.

Зянон Пазняк, нягледзячы на рызыку, паспеў яшчэ раз вярнуцца ў краіну на Чарнобыльскі шлях, пасля чаго цудам пазбег арышту, калі АМАП акружыў і ўзяў штурмам сядзібу БНФ. Палітык ізноў выехаў за мяжу, пазней атрымаўшы прытулак у ЗША.

Напярэдадні выбарчай кампаніі 1999 года ў Варшаве адбылася сустрэча Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазняка.

Яны дамовіліся, што пераможца абмяжуе прэзідэнцкія паўнамоцтвы і правядзе новыя парламенцкія выбары, але мемарандум не падпісалі, бо Пазняк патрабаваў унесці пункт аб спыненні адносін з Расіяй, на што Чыгір не пагадзіўся.

«У апошні час я атрымаў дакладныя агентурныя звесткі з гэтай жа арганізацыі, так сказаць, КДБ, што Ганчар у Латвіі быў завербаваны ФСБ. Яны прыехалі да мяне ў Варшаву…» — распавядаў пасля «Нашай Ніве» Зянон Пазняк.

Прыхільнікі Пазняка закідалі перад выбарамі інфармацыю пра маскоўскую інспірацыю Чыгіра, якая не знаходзіла ніякага пацвярджэння. Да таго ж расійскія СМІ пакінулі без усялякай увагі альтэрнатыўныя выбары, замест таго каб асвятляць мерапрыемства, на якім мусіў перамагчы іх «стаўленік».

А вось беларускія ўлады на альтэрнатыўныя выбары ўвагу звярталі і ўсяляк спрабавалі супрацьдзейнічаць. Беларускія партыі, а таксама беларускія СМІ, якія асвятлялі гэтую падзею, атрымалі афіцыйныя папярэджанні ад дзяржаўных органаў. На беларускім тэлебачанні паказалі шэраг прапагандысцкіх перадач, у якіх на зборшчыкаў подпісаў «палявалі» супрацоўнікі міліцыі.

30 сакавіка 1999 года, за дзень перад рэгістрацыяй кандыдатаў у прэзідэнты, Міхаіл Чыгір быў арыштаваны. Ён быў абвінавачаны ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, халатнасці.

Міхаіл Чыгір перад арыштам. Скрыншот відэа 

Тым не менш, Цэнтральная выбарчая камісія пад кіраўніцтвам Ганчара 31 сакавіка 1999 года зарэгістравала абодвух кандыдатаў у прэзідэнты. Ініцыятыўная група Пазняка сабрала 114 тысяч подпісаў, а Чыгіра — 132 тысячы.

У гэты ж дзень у бальніцу з дыягназам «крывацёк у мозг» трапіў адзін з лідараў беларускай апазіцыі, намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Генадзь Карпенка, які пасля праведзенай аперацыі памер 6 красавіка. Яго смерць здавалася загадкавай і выглядала як застрашванне апазіцыі. 

Паколькі стварыць выбарчыя ўчасткі ў варожых умовах было немагчыма, ЦВК вырашыў правесці галасаванне з 6 па 16 мая шляхам абыходу выбарцаў. Гэта ніяк не адпавядала міжнародным стандартам, але адступаць ужо было позна.

Адзін кандыдат у СІЗА, другі за мяжой — у такіх дзіўных умовах пачаліся альтэрнатыўныя выбары.

Галасаванне ў імправізіраваным аўтобусным «участку». Фота Vytoki.net

Адразу пасля пачатку галасавання Пазняк адмовіўся ад удзелу ў выбарах і заклікаў чальцоў БНФ выйсці з выбарчых камісій. Выбары сталі безальтэрнатыўнымі і ператварыліся ў палітычную акцыю.

Пра іхнюю масавасць пры тых выкліках і пагрозах, якія стаялі перад беларускай апазіцыяй, казаць не даводзілася. Тым не менш 19 мая на прэс-канферэнцыі старшыня ЦВК Ганчар абвясціў, што ў выбарах удзельнічалі ажно 53,2% выбарцаў, але потым прызнаў іх несапраўднымі з-за парушэнняў.

Гэтыя лічбы выглядаюць маларэальнымі — з улікам таго, што пасля зняцця Пазняка БНФ фактычна выйшаў з працэсу галасавання. Але на «Нашай Ніве» тады знаходзілі важкія пацверджанні такому шырокаму ахопу насельніцтва: 

«Другое пытанне — пра фальсіфікацыю ліку сабраных галасоў, маўляў, яны нерэальныя. Варта ўявіць сабе, што 10 тысячаў зборшчыкаў па ўсёй краіне на працягу 10 дзён ходзяць па кватэрах. Ім трэба сабраць кожнаму па 350—400 галасоў, г.зн. усяго па 35—40 у дзень. Хто калі-небудзь рабіў такія абходы, зразумее, чаму яны збіралі болей. А тое, што хадзілі, — пра гэта сведчаць рэпрэсіі — затрыманні, штрафы — па ўсёй краіне».

Пазняк да апошняга верыў, што гэтыя выбары могуць змяніць сітуацыю:

«Калі б мы правялі гэтыя выбары, калі б, скажам, разведка не спрацавала, то мы мелі б рэальнага прэзідэнта. Мы б у гэтым годзе Лукашэнку выгналі.

Але яны гэта ўсё палажылі на нуль. Іхная задача была выкарыстаць Народны Фронт, бо няма іншай арганізацыі, самі б яны не арганізавалі. Чаму яны да мяне прыехалі? Таму што трэба, каб я пайшоў, і трэба каб Фронт падключыць, без мяне немагчыма. Яны адкрыта пра гэта сказалі».

Наступствы

Выбары, якія мусілі калі не зрынуць Лукашэнку, — на што сіл, відавочна, было недастаткова, — то хоць бы замацаваць лідарства ў апазіцыйным руху і падтрымаць да яго ўвагу насельніцтва, прывялі да расколу. 

Яшчэ 17 мая Пазняк рэзка раскрытыкаваў дзейнасць ЦВК і яго старшыні Ганчара, абвінаваціўшы арганізатараў у правакацыі.

Івонка Сурвіла, Зянон Пазняк, Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык на святкаванні 85-годдзя абвяшчэння БНР у Празе ў сакавіку 2003 года. Фота: narodnaja-partyja.org

«Паколькі кіраўнік ЦВК Ганчар, у любой сітуацыі яны робяць прэзідэнтам Чыгіра. Як толькі Чыгір робіцца прэзідэнтам, яму ствараюць інфармацыйнае поле адпаведнае міжнароднае і пад яго пачынаюць падцягваць усю гэту маргінальную крыклівую масу, усіх гэтых там Шушкевічаў, Шарэцкіх ды ўсю гэтую дзіўную публіку, за якімі нічога не стаіць. І аб'яўляецца што вот утварылася апазіцыя, вот ужо ёсць прэзідэнт», — тлумачыў задумы знешніх сілаў Пазняк.

Сам палітык, аднак, падвергся крытыцы за аўтарытарызм з боку сваіх былых паплечнікаў па БНФ. Гэты крызіс прывёў да расколу партыі на Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ на чале з Зянонам Пазняком і Партыю БНФ на чале з Вінцуком Вячоркам.

На думку беластоцкага гісторыка Яўгена Мірановіча, «выбары закончыліся чарговым паражэннем антырэжымнага лагера. Узаемныя абвінавачанні абодвух кандыдатаў у прэзідэнты Пазняка і Чыгіра звялі выбары да фарсу. Пасвараная апазіцыя яшчэ раз паказала брак арганізаванасці і рашучасці ў захадах на звяржэнне дыктатуры».

Пікетоўцы трымаюць у руках партрэты Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Фота: belaruspartisan.by

У верасні 1999 года Віктар Ганчар разам са сваім сябрам бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім зніклі без звестак. Як стала вядома ў апошнія гады — абодвух выкралі і забілі супрацоўнікі спецпадраздзялення МУС Беларусі. 

Міхаілу Чыгіру пашчасціла больш. Праз год ён быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Але ўжо ў канцы 2000 года гэтае рашэнне было адменена. У 2001 годзе Чыгір спрабаваў прыняць удзел у афіцыйных прэзідэнцкіх выбарах, але не здолеў сабраць неабходную колькасць подпісаў выбаршчыкаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары57

  • Факт
    16.05.2024
    Вось і ўсплыў факт, што выбары павінны былі быць у 1999 годзе, а Лукашэнка іх не праводзіў, значыць усе яго "выбары" (2001, 2006, 2010, 2015, 2020) гэта незаконны выбарчы фарс.
  • Влад
    16.05.2024
    Белорусы сами добровольно выбрали Луку! Сами проголосовали на референдуме за советский флаг и русский язык! Ну и кто им доктор?
  • Факт
    16.05.2024
    "Напярэдадні выбарчай кампаніі 1999 года ў Варшаве адбылася сустрэча Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазняка.

    Яны дамовіліся, што пераможца 👉абмяжуе прэзідэнцкія паўнамоцтвы і правядзе новыя парламенцкія выбары'

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

«Востраў чысціні» канчаткова ліквідуецца1

Былую жонку спевака Руслана Мусвідаса таксама судзілі за пратэсты

Палітвязень Дзяніс Івашын прыслаў бацькам парады, як перажыць спёку: Ніякіх выхадаў у цяпліцу

50 дзецям адмовілі. У беларускамоўнай гімназіі Вільні замала месцаў, бацькі просяць набіраць больш класаў11

Ілан Маск заявіў, што згубіў сына з-за блакатараў палавога выспявання24

У Францішка Скарыны ў Празе скралі пяро — гэта здарылася не ўпершыню3

Замежнікі пішуць у сацсетках, што збіраюцца ў Беларусь па бязвізе. А іх упрошваюць перадумаць11

Паўла Латушку выклікалі ў польскую пракуратуру2

Расійскі вайсковец, якога нібыта сёння ўзарвалі ў Маскве: Я жывы, сяджу на працы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →