Грамадства20

Беларуска шукае ў Польшчы мужчыну-сябра свайму сямігадоваму сыну

У тэлеграм-чаце «Бацькі Беластока» з’явілася незвычайная аб’ява: жанчына шукае мужчыну, які мог бы стаць сябрам яе сямігадоваму сыну: праводзіць з ім час, займацца «мужчынскімі справамі» і падаваць добры прыклад. З патрабаванняў — узрост 25-40 гадоў, валоданне беларускай або ўкраінскай мовай, адсутнасць шкодных звычак. Час мужчыны беларуска гатова аплачваць.

Журналістка Mostmedia.io звязалася з Валерыяй Шкодай і даведалася, чаму яна вырашыла размясціць такую аб’яву, ці не страшна ёй і як яна бачыць узаемадзеянне сына з чужым чалавекам.

«Мама, я цябе ненавіджу»

Валерыя жыве з двума дзецьмі ў Беластоку. З бацькам сямігадовага Цімафея і чатырохгадовай Міраславы жанчына развялася тры гады таму. Паводле яе слоў, мужчына не бярэ ўдзелу ў выхаванні дзяцей і не дапамагае фінансава.

— [Былы] муж — украінец. Зараз ён жыве ва Украіне і не можа выехаць, ды і не хоча. Ён аніякім чынам не ўдзельнічае ў жыцці дзяцей: ні фізічна, ні маральна, ні фінансава. Я з імі пастаянна, і мне падаецца, ім гэта ўжо надакучыла. Яшчэ ў нас ёсць беларускамоўная няня, але яна таксама жанчына, плюс займаецца двума дзецьмі адразу, а сын патрабуе стоадсоткавай увагі.

Валерыя не можа праводзіць з Цімафеем дастаткова часу, таму што занятая працай — каб у дзяцей быў дах над галавой, ежа і адзенне. Апошнім часам жанчына стала заўважаць, што сын праяўляе агрэсію ў адносінах да яе, да малодшай сястры, а таксама ў школе і на дзіцячых пляцоўках.

— Ён пачаў моцна агрэсіраваць: б’е, абражае і задзірае іншых. Амаль кожны дзень настаўніца расказвае мне пра яго паводзіны, а часам можа нават патэлефанаваць, калі я на працы, — расказвае жанчына. — Нядаўна на пляцоўцы на двары ён пачаў кідацца на дзяўчынку з кулакамі за тое, што яна адабрала ў яго любімую цацку. Яшчэ прысутнічае рэўнасць да малодшай сястрычкі, таму ёй таксама дастаецца: яна да яго проста дакранецца, а ён у адказ можа яе пляснуць. А потым мне кажа: «Мама, я цябе ненавіджу, не люблю. Ты самая дрэнная мама ў свеце. Сястрычку я таксама не люблю. Яна ўвогуле не з нашай сям’і: ты ўзяла яе з дзіцячага дома». Я з ім размаўляю, але хапае гэтага на дзень-два, і так па коле.

Валерыя адзначае, што Цімафей — досыць траўміраванае дзіця, паколькі многае перажыў: развод бацькоў, пераезды з месца на месца і, як следства, страту сяброў і камфортнай для сябе абстаноўкі. Жанчына звярталася да некалькіх псіхолагаў, якія параілі ёй канцэнтравацца на ўласным псіхалагічным стане. Так Валерыя стала працаваць над сабой і цяпер больш спакойна рэагуе на істэрыкі сына, пачала разумець яго пачуцці і эмоцыі.

«Было бачна, як сын цягнецца да мужчын, як ён прагне з імі паразмаўляць»

Спачатку беларуска хацела проста аддаць сына ў секцыю, але прыйшла да высновы, што гэта не найлепшая ідэя. Палічыла, што там будзе дадатковы кантроль і правілы, якія трэба будзе выконваць, а Цімафей супраць любых правіл і спецыяльна будзе іх парушаць. Да таго ж увага трэнера будзе сканцэнтравана на ўсіх дзецях у групе, а не толькі на сыне Валерыі.

— Мне хацелася б, каб гэты чалавек — «гувернёр» ці проста сябар — у вольнай абстаноўцы бавіў з сынам час. Каб ён не выхоўваў яго, не ўсталёўваў правілы і не прымушаў штосьці рабіць. Я хачу, каб яны маглі проста пайсці пакатацца на роварах, з’ездзіць на рыбалку, схадзіць на пікнік альбо проста паразмаўляць пра тое, што цікавіць сына. Бо на самай справе сын — вельмі разумны хлопчык. Ён цікавіцца дыназаўрамі, космасам, жыццём і смерцю. За два гады ў Польшчы ў нас было шмат знаёмых і сяброў, і было відаць, як сын цягнецца да мужчын, як ён прагне з імі паразмаўляць.

«Не адпушчу сына з кімсьці незнаёмым»

Валерыя хвалюецца, што на аб’яву можа адгукнуцца педафіл, але ўсё ж спадзяецца, што сутыкнуцца з гэтым не прыйдзецца.

— Канешне, я планую пазнаёміцца з ім сама, і нейкі час мы будзем праводзіць разам дома, на двары і на шпацыры. Зразумела, што я не адпушчу сына з кімсьці незнаёмым. Пакуль яшчэ ніхто не адгукнуўся, але спадзяюся, што гэта будзе адэкватны чалавек. Увогуле, я маю сябра, які добра ставіцца да нас траіх і любіць маіх дзяцей.

На працягу апошняга года ён быў з намі побач, бавіўся з дзецьмі. Дзеці яго вельмі палюбілі. Але ў яго ёсць сваё жыццё, і зараз ён пераехаў у іншы горад.

Я сыну адразу сказала, што ён вольны чалавек і можа рабіць тое, што хоча. Мы адпусцілі яго дастаткова лёгка, але кантакт працягваем падтрымліваць. І, канешне, мы яму вельмі ўдзячныя за ўсё і зычым яму ўсяго найлепшага. Такога чалавека я яшчэ не сустракала.

Валерыя лічыць, што пазнаёміць мужчыну з сынам не будзе праблемай. Цімафей і Міраслава прывыклі да таго, што іх мама — чалавек таварыскі, таму калі хтосьці прыйдзе да іх дадому на каву, каб пазнаёміцца, для дзяцей гэта не будзе сюрпрызам.

— Калі да нас хтосьці прыходзіць у госці, я назіраю за тым, як гэтыя людзі паводзяць сябе с маімі дзецьмі і ці ўвогуле праяўляюць да іх інтарэс. Потым па дзецях відаць, склалася ў іх нейкае меркаванне пра гэтага чалавека ці яны проста пра яго забыліся. У мужчыны, [які б бавіў з сынам час], могуць быць і свае дзеці. Калі ён прыйдзе разам з імі — гэта будзе цудоўна.

Валерыя гатова плаціць за паслугі гувернёра па 30 злотых за гадзіну. А таксама пакрываць дадатковыя выдаткі: квіткі, марозіва і гэтак далей.

Каментары20

  • ром
    29.05.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Максим Дизайнер
    29.05.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Піт
    29.05.2024
    На самой справе гэта вялікая праблема сучаснага грамадства, дзе разыходзіцца да паловы сем’яў, бацька патрэбен дзецям не меньш за маці.

Памятаеце «паспяховую мільянерку» Зарэцкую? Выглядае, што яе кампанія — усё

Памятаеце «паспяховую мільянерку» Зарэцкую? Выглядае, што яе кампанія — усё

Усе навіны →
Усе навіны

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі7

Ламін Ямаль: як школьнік з беднага каталонскага раёна стаў найлепшым распасоўшчыкам Еўра1

Казка скончылася. Зборная Грузіі пакідае Еўра-2024

На парламенцкіх выбарах у Францыі перамагаюць ультраправыя з Марын Лё Пэн. Партыя Макрона трэцяя6

Кампанія Google вывучыла дзеянні прадстаўнікоў пакалення Z у інтэрнэце

Блогерку Асю Паплаўскую не прынялі ў манашкі ў Польшчы12

«Нікому не кажа, чый сын». Як у Пекіне вучыцца Коля Лукашэнка21

Белінгем і Кейн выцягнулі Англію ў чвэрцьфінал 2

Начальнік Генштаба назваў умову, пры якой Беларусь можа прымяніць тактычную ядзерную зброю19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце «паспяховую мільянерку» Зарэцкую? Выглядае, што яе кампанія — усё

Памятаеце «паспяховую мільянерку» Зарэцкую? Выглядае, што яе кампанія — усё

Галоўнае
Усе навіны →