Францыя галасуе на парламенцкіх выбарах: ці прыйдуць да ўлады ультраправыя?
У нядзелю ў Францыі адбудзецца другі і рашаючы тур парламенцкіх выбараў, якія могуць прывесці да зʼяўлення першага ў пасляваеннай гісторыі краіны ўрада пад кіраўніцтвам вельмі правых сіл. Аднак пасля таго, як у шматлікіх акругах цэнтрысты вырашылі абʼяднацца з левымі супраць «Нацыянальнага абʼяднання» (RN), верагоднасць такога сцэнара знізілася, піша BBC.
У мінулую нядзелю, у першым туры парламенцкіх выбараў, кожны трэці французскі выбаршчык падтрымаў RN — крайне правую партыю на чале з Марын Лё Пэн і Жарданам Бардэлай, якая ў мінулым называлася «Нацыянальны фронт». Супраць гэтай палітычнай сілы не раз высоўваліся абвінавачанні ў расізме і ісламафобіі, аднак яе прадстаўнікі гэта адмаўляюць.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон нечакана абвясціў у краіне пазачарговыя парламенцкія выбары ў пачатку чэрвеня, адразу пасля галасавання за дэпутатаў Еўрапарламента, дзе ў Францыі перамагло менавіта «Нацыянальнае абʼяднанне».
Праз тыдзень пасля першага туру французы змушаныя выбіраць паміж першым ультраправым урадам сучаснасці і палітычным тупіком, калі ні ў адной з палітычных сіл не будзе сіл для самастойнага стварэння кабінета.
Акрамя таго, выбаршчыкі баяцца, што краіну чакаюць беспарадкі, хто б ні перамог.
Што гавораць апытанні і якім можа быць вынік
Судзячы па выніковых апытаннях грамадскай думкі, «Нацыянальнае абʼяднанне» можа разлічваць на 200 месцаў у парламенце Францыі, у той час як для большасці патрабуецца 289 дэпутатаў.
Шанцы вельмі правых на перамогу значна знізіліся пасля таго, як ад удзелу ў выбарах адмовіліся 217 кандыдатаў, якія прадстаўляюць левы «Новы народны фронт» і цэнтрысцкаг альянсу Макрона. Задача такога ходу — кансалідаваць галасы супернікаў RN і перашкодзіць поспеху гэтай сілы.
Альянс «Новы народны фронт» складаецца з сацыялістаў, зялёных і камуністаў, але яго найбуйнейшая партыя — гэта «Непакорная Францыя», якую ўзначальвае прыхільнік крайне левых поглядаў і праціўнік аказання ваеннай дапамогі Украіне Жан-Люк Меланшон.
Яго супернікі асуджаюць яго як экстрэміста, і ён, вядома, не зʼяўляецца саюзнікам Макрона.
Дзве палітычныя сілы вырашылі разам дужацца супраць RN, але паміж імі няма ніякай сімпатыі.
«Немагчыма перамагчы крайне правых з дапамогай крайне левых», — сказаў міністр унутраных спраў краіны Жэральд Дарманен, хоць кандыдат ад партыі «Непакорная Францыя» адмовіўся ад удзелу, каб дапамагчы яму перамагчы.
Цэнтрысты Макрона займаюць трэцяе месца ў апытаннях, значна саступаючы «Народнаму фронту» і «Нацыянальнаму абʼяднанню».
«Мы можам стаць сведкамі стварэння адзінай партыі Меланшона-Макрона, — заявіў Бардэла. — І гэты ганебны саюз быў створаны з адзінай мэтай — не даць нам перамагчы».
Апытанням грамадскай думкі не заўсёды можна давяраць, таму вынік выбараў прадказаць немагчыма: у кожнай з 500 акруг ідуць бітвы паміж канкрэтнымі кандыдатамі, і выбаршчыкі не заўсёды выконваюць пажаданні палітычных лідараў.
Эксперты гавораць аб трох магчымых сцэнарах:
Калі RN атрымае каля 250 галасоў у парламенце, гэтая партыя можа паспрабаваць стварыць разам з саюзнікамі ўрад меншасці. З падобнай колькасцю дэпутатаў прыйшлося фармаваць кабінет партыі Макрона, аднак менавіта нестабільнасць такой кааліцыі вымусіла прэзідэнта абʼявіць аб выбарах. Гэты сцэнар эксперты, зрэшты, лічаць малаверагодным.
Акрамя таго, супернікі RN могуць стварыць шырокую кааліцыю, у якую ўвойдуць усе палітычныя сілы, акрамя «Непакорнай Францыі». Гэтая ідэя набірае падтрымку, хаця нядаўна лідар «зялёных» заявіў, што ні пры якіх умовах не падтрымае «макраноўскага прэмʼер-міністра».
Ёсць таксама размовы аб магчымасці фармавання ўрада тэхнакратаў, падобнага да таго, які зʼявіўся ў Італіі падчас эканамічнага крызісу.
Да Алімпійскіх гульняў у Парыжы засталося ўсяго 20 дзён, і ёсць асцярогі, што ў Францыі можа не быць урада ці прэмʼер-міністра, калі краіна будзе прымаць такую важную падзею.
Французы баяцца гвалту
Пакуль палітыкі спрачаюцца аб магчымых выніках выбараў, жыхары краіны апасаюцца беспарадкаў і звязанага з палітыкай гвалту.
Сітуацыя напярэдадні галасавання настолькі напружаная, што ў краіне дадаткова задзейнічана 30 тыс. паліцэйскіх.
Міністр унутраных спраў Жэральд Дарманен заявіў, што падчас перадвыбарнай кампаніі адбыўся 51 напад на кандыдатаў у парламент, іх намеснікаў ці партыйных актывістаў. Вінаватымі такіх нападаў ён назваў людзей, якія прадстаўляюць самыя розныя пласты грамадства, а не нейкую адну палітычную сілу.
Незадоўга да выбараў адна з экстрэмісцкіх груп апублікавала ў інтэрнэце спіс з амаль 100 адвакатаў, якіх яна прапаноўвала «ліквідаваць» пасля таго, як яны падпісалі адкрыты ліст супраць «Нацыянальнага абʼяднання».
У перадвыбарнай праграме RN гаворыцца аб зніжэнні кошту жыцця і падтрыманні правапарадку, аднак многія заклапочаныя іх заявамі супраць міграцыі і мігрантаў.
RN мае намер аддаць перавагу грамадзянам Францыі перад мігрантамі ў адносінах да працы і жылля. Гэтая партыя таксама жадае адмяніць права на аўтаматычнае атрыманне французскага грамадзянства для дзяцей, якія нарадзіліся ў семʼях замежнікаў.
Па іх планах, жыхары краіны з падвойным грамадзянствам таксама страцяць права займаць мноства пасад, звязаных з бяспекай.
Галасаванне ў Францыі пачалося ў 08:00 па мясцовым часе, а першыя экзіт-полы чакаюцца ўжо праз 12 гадзін.
Марын Лё Пэн абяцае адмяніць дазвол Украіне біць французскай зброяй па Расіі
Марын Лё Пэн назвала правакацыяй пост МЗС Расіі з яе фотаздымкам і паабяцала падтрымку Украіне
«Сёння ясна, што ў габрэяў у Францыі няма будучыні». Галоўны рабін Парыжа заклікаў габрэяў зʼязджаць з Францыі
«Макрон кінуў Францыю пад аўтобус». Што піша прэса пра выбары ў Францыі і іх першыя вынікі
Каментары
Праблемы з мігрантамі, менш бяспекі, крымінал - варта патлумачыуць беларускаму чытачу, як усё больш французаў галасуе за нібыта "ультраправых", а на самой справе звычайных "правых", максімум нацыяналістаў. І што іншыя партыі таксама абяцалі вырашэнне праблемы, аднак слова не стрымалі.