Улада

Беларускамоўнае навучаньне ў лічбах

У Менску па-беларуску вучацца 2,4% школьнікаў.

Вось-вось настане 1 верасьня. Тысячы дзяцей па ўсёй краіне сядуць за школьныя лавы. Інтарэсы беларускамоўных сем’яў адстойвае Таварыства беларускай школы. Дарэчы, 21 жніўня ТБШ адсьвяткавала сваё 85-годзьдзе. У дзень юбілею мы пагутарылі зь ягоным старшынём Алесем Лозкам.

«Казаць пра лічбы беларускамоўнага навучаньня ў гэтым годзе пакуль ранавата, бо клясы яшчэ не сфармаваныя і ніхто не назаве вам дакладную лічбу. Трэба заўважыць, што ў 1993–1994 г. у беларускамоўныя першыя клясы ішлі 76% школьнікаў ад агульнай колькасьці, на Меншчыне гэты паказьнік складаў увогуле 92,6%, пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 1995 году гэтая лічба склала – 38%, летась – 21%. Лічбы гавораць самі за сябе», – кажа Алесь Лозка.

На сёньня ў Менску засталіся толькі чатыры цалкам беларускамоўныя школкі, хоць, да прыкладу, у 2001-м такіх было адзінаццаць. Гэта – сярэдняя школа № 60 у Маскоўскім раёне, гімназіі №9 у Першамайскім раёне і №4 у Фрунзэнскім, а таксама гімназія-каледж Міністэрства культуры ў Цэнтральным раёне. Ёсьць яшчэ закрыты ўладамі Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які працягнуў набор вучняў і гэтым летам. Як бачым, цэлыя сталічныя раёны засталіся безь беларускіх школаў. Таму, напрыклад, бацькам з Кастрычніцкага раёну, якія хочуць, каб іхняе дзіця вучылася на роднай мове, давядзецца вазіць яго ў іншы раён Менску.

Такім чынам, у Менску летась па-беларуску вучылася ўсяго толькі 2,4% школьнікаў, але гэта найлепшы паказьнік між буйных гарадоў Беларусі, у абласных цэнтрах становішча яшчэ горшае.

Таксама ёсьць шэраг установаў адукацыі, дзе беларуская мова пераважае над расейскай. Гэта – гімназіі №14, 23, 24 і сярэднія школы № 2, 68, 72, 89, 131 і 190. Усяго па Менску ёсьць 43 школы зь дзьвюма мовамі навучаньня.

«Большасьць беларускамоўных школаў працуюць у гуманітарным профілі, гэта паглыбленае вывучэньне моваў, гісторыі, грамадзказнаўчых дысцыплінаў», – гаворыць сп.Лозка. Міністэрства адукацыі працягвае знаходзіцца ў каляніяльных стэрэатыпах, упэўненае, што па-беларуску нельга якасна вывучаць фізыку, матэматыку ці хімію.

Увогуле па краіне ў мінулым навучальным годзе па-беларуску займалася 23,3% школьнікаў. Між іншым, ЮНЭСКО лічыць, што мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня, калі на ёй вучацца менш за 30% насельніцтва. На Гомельшчыне ж па-беларуску займалася ўсяго толькі 17% вучняў.

«Міністэрства адукацыі любіць казыраць тым фактам, што амаль 62% школаў па краіне беларускамоўныя, – кажа Алесь Лозка. – Але ня трэба забывацца, што ў асноўным гэта малакамплектныя школы ў вёсках, якія паступова зьнікаюць. Кожны год улады закрываюць прыблізна сто школаў, і ў асноўным гэта ўсё беларускамоўныя ўстановы».

Алесь Лозка не губляе надзеі, ён бачыць пазытыўныя зрухі ў тым, што сёлета цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове здавала прыкладна столькі ж абітурыентаў, колькі і па расейскай, нягледзячы на татальны пераўзыход расейскай мовы над беларускай у навучальным працэсе.

Дый саму лічбу 2,4% беларускамоўных школьнікаў у сталіцы на 12-м годзе лукашэнкаўскага кіраваньня можна расцэньваць як заваёву. Старэйшыя памятаюць, што пры канцы СССР у Менску не было ніводнае беларускамоўнае клясы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс3

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

Усе навіны →
Усе навіны

66‑гадовая беларуска Лілія Яноўская скарыла дзясяты васьмітысячнік. Над ім залунаў бел-чырвона-белы сцяг4

Беларуска праз сацсетку за шэсць гадзін дапамагла італьянцам знайсці хлопчыка, які гасцяваў у іх амаль 30 гадоў таму

Святлана Ціханоўская ўшанавала ў Кіеве памяць загінулых герояў3

Рэдакцыя «Гродзенскай праўды» амаль у поўным складзе кінулася ў сацсеткі каментаваць візіт Ціханоўскай у Кіеў25

У крамы Мінска завезлі трапічную зорную садавіну

Расія заявіла, што распачынае «сістэмныя ўдары па Кіеве». МЗС РФ заклікаў замежнікаў пакінуць сталіцу Украіны29

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі. Ён звярнуўся да Лукашэнкі3

На Сенненшчыне ўпаў беспілотнік4

МАРГ прызнала неэтычнай рэкламу шаўрмы: «абясцэньвае жыццё жывой істоты»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс3

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць