Грамадства44

«Тут сяброў няма і быць не можа». Былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі расказаў, як яму там працавалася

Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі — адзін з самых закрытых дзяржаўных органаў Беларусі. Менавіта ў гэтай арганізацыі прымаюцца ключавыя рашэнні, якія тычацца жыцця краіны, але падрабязнасці яе працы амаль не вядомыя. «Люстэрка» пагутарыла з былым супрацоўнікам Адміністрацыі і даведалася, як туды бяруць на працу, колькі зарабляюць, ці ёсць там карпаратывы і магчымасць атрымаць кватэру без чаргі.

«Ніякай падвойнай аплаты не было»

У Адміністрацыі Лукашэнкі Леанід працаваў каля пяці год (звольніўся пасля 2020 года). Паводле яго ўласнай ацэнкі, вялікай пасады не займаў — быў намеснікам начальніка аднаго з упраўленняў. Экс-чыноўнік тлумачыць, што ў іерархіі гэтай арганізацыі такая пазіцыя не азначае выбітнага кар’ернага дасягнення. Для зацверджання на яе нават не патрэбнае рашэнне Лукашэнкі.

— Лукашэнка зацвярджае кіраўніка Адміністрацыі і яго намесніка, а таксама кіраўнікоў упраўленняў. І вось гэтыя людзі маюць рэальны ўплыў на працэсы, — тлумачыць Леанід службовую іерархію ў Адміністрацыі. — Трапіць на працу проста з вуліцы ці са студэнцкай лавы бадай што немагчыма, хіба толькі на малазначныя пасады — напрыклад, сакратара намесніка кіраўніка Адміністрацыі ці ў аддзелы, што звязаныя са справаводствам, тэхнічным бокам гэтай справы. Але нават у такіх выпадках звычайна гэта людзі, якія прайшлі пэўны шлях у адпаведных міністэрствах або органах мясцовага кіравання ў залежнасці ад таго, на якую пазіцыю існуе вакансія.

Паводле слоў суразмоўцы, пошукам і падборам супрацоўнікаў на вакантныя пасады ў Адміністрацыі Лукашэнкі займаецца ўпраўленне кадраў. Менавіта яно фарміруе рэзерв кандыдатаў, што патэнцыйна падыходзяць на тую ці іншую пазіцыю.

Гэта могуць быць супрацоўнікі міністэрстваў ці іншых дзяржаўных органаў, якіх у Адміністрацыі «маюць на ўвазе ў выпадку вызвалення нейкай пасады». Але нават такіх людзей чакаюць конкурс і праверкі, у выпадку патэнцыйнай магчымасці ўладкавання на працу.

— Ідзе конкурс, праходзяць сумоўі, могуць быць прапанаваныя тэставыя заданні, — кажа Леанід. — Таксама кандыдат праходзіць праверкі з боку Камітэта дзяржаўнай бяспекі і дзяржсакратарыята Савета бяспекі. Збіраюцца водгукі бягучага кіраўніцтва пра працу гэтага чалавека.

Працу ў Адміністрацыі Лукашэнкі экс-дзяржслужбовец называе складанай. Прыгадвае, што яму часта даводзілася заставацца на працоўным месцы ўвечары ці выходзіць працаваць у выхадныя. Спадзяванняў на дадатковую аплату ў такіх выпадках у Леаніда нават не ўзнікала.

— Праца звыш нормы ці ў выхадныя дні не аплачвалася, ніякай падвойнай аплаты не было, — прызнаецца былы чыноўнік. — Можна было спадзявацца на патэнцыйную прэмію ў будучым, на тое, што кіраўніцтва заўважыць твой імпэт. Але не абавязкова, што ў выніку гэта грала на карысць: часам на такіх людзях «ехалі» даволі доўга.

А калі ў тых скончваліся сілы, ад іх проста пазбаўляліся.

Праца на знос сябе не гарантавала нейкіх кар’ерных зменаў ці перамяшчэнняў у гарызантальнай і вертыкальнай плоскасцях. Проста ў пэўны момант гэта можа сыграць на руку чалавеку: яго маглі рэкамендаваць як адказнага працаўніка. Але магло і адбіцца дрэнна, бо такога працоўнага коніка ніводзін кіраўнік не захоча адпускаць, будзе карыстацца і выціскаць сокі да апошняга.

«Простым спецыялістам заробкі нават трохі панізілі»

Пры гэтым, па словах Леаніда, у Адміністрацыі не было практыкі прасоўвання на вакансіі шараговых супрацоўнікаў знаёмых ці сваякоў кагосьці з кіраўнікоў арганізацыі. Экс-чыноўнік тлумачыць гэта складанымі ўмовамі працы і адсутнасцю грашовай матывацыі. Суразмоўца прыгадвае, што яго калегі, што засталіся на працы пасля пратэстаў 2020 года, расказвалі пра вялікія складанасці з пошукам новых кадраў.

— Пасля 2020 года было вельмі складана закрываць вакансіі, — адзначае Леанід. — У асобных упраўленнях быў некамплект да 40% штату, супрацоўнікаў не маглі знайсці доўга, у некаторых выпадках па дзевяць месяцаў. Людзі не хацелі ісці ў Адміністрацыю, разумеючы, да чаго датычны гэты орган і чым прыйдзецца займацца — па сутнасці, прамымі рэпрэсіямі, хай не з дубінкамі, але праз пэўныя рашэнні.

Магчыма, яшчэ адна прычына невялікай цікаўнасці патэнцыйных кандыдатаў да працы ў Адміністрацыі Лукашэнкі — не самыя вялікія заробкі. Леанід кажа, што яны вышэйшыя, чым ва ўрадзе ці міністэрствах, але ўсё роўна не адпавядаюць узроўню адказнасці і нагрузкі.

— Кіраўнік упраўлення зарабляў ад 800 да 1000 долараў у эквіваленце, — прызнаецца былы чыноўнік. — Можна атрымаць прэмію. Яе памер звычайна быў каля 10% ад заробку.

Прэмію давалі за асобныя значныя дасягненні ў працы, выкананне нейкага асобнага праекта ці пастаўленай задачы (напрыклад, распрацоўку зменаў у нейкі кодэкс). Таксама іх маглі выплачваць да нейкіх дзяржаўных святаў.

Пры гэтым, як адзначае Леанід, заробкі ў Адміністрацыі Лукашэнкі раслі павольна, адначасова з сярэднімі ў краіне. Нечаканае павелічэнне акладу адбывалася ў выпадку, калі кіраўніцтва наважвалася на скарачэнне дзяржаўнага апарату. Праўда, у апошнія гады перад звальненнем Леаніда з Адміністрацыі нават гэтага не адбывалася.

— Звычайна пасля 30-працэнтнага скарачэння дзяржаўнага апарату прыкладна на траціну павялічваліся сярэднія заробкі, — прыгадвае мужчына. — Але ў 2019−2020 гадах сітуацыя была настолькі дрэнная, што простым спецыялістам заробкі нават трохі панізілі. Хоць сабе кіраўніцтва імкнулася іх павялічыць, пераразмяркоўваючы так, каб у сярэднім па Адміністрацыі адбыўся рост на тую ж траціну.

«Без алкагольных напояў і танцаў на сталах»

Ці матывуе людзей, якія ідуць працаваць у Адміністрацыю Лукашэнкі, магчымасць атрымання кватэры ці зямельнага ўчастка? Леанід кажа, што шанцы на гэта маюць толькі вялікія начальнікі.

— Людзі з вярхушкі кіраўніцтва маглі атрымаць зямельныя ўчасткі ва ўмоўных Драздах. Але для ўсіх астатніх існуе звычайная прадугледжаная заканадаўствам чарга. Проста для супрацоўнікаў Адміністрацыі яна магла быць больш хуткай, чым для звычайных беларусаў, — тлумачыць былы дзяржслужбовец. — Калі ў спецыяліста нейкага ўпраўлення ці кіраўніка сярэдняга ўзроўню не было падстаў, каб стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, то атрымаць кватэру такі чалавек не мог. Але ён мог прайсці чаргу хутчэй. Праз просьбы з боку Адміністрацыі, узгадненні з Лукашэнкам можна было дамагчыся хутчэйшага руху чаргі і набыць кватэру паводле дзяржаўнага, а не рынкавага кошту.

Што тычыцца атмасферы, якая панавала ў кабінетах і калідорах установы, то Леанід называе яе звычайнай і будзённай для дзяржаўных арганізацый. Нейкай адметнай карпаратыўнай культуры там не было. Адпаведна, карпаратываў таксама. Хіба што на Новы год ці афіцыйны Дзень незалежнасці 3 ліпеня адбываліся ўрачыстыя канцэрты.

— Традыцыйна да Новага года, 8 Сакавіка і 23 Лютага мы маглі сваімі аддзеламі сабрацца, каб разам выпіць чаю, — прыгадвае Леанід. — Усё адбывалася без алкагольных напояў і танцаў на сталах.

Традыцый святкавання дня нараджэння Адміністрацыі ці нейкіх іншых спосабаў падняцця карпаратыўнага духу не было. Прафсаюзы перыядычна імкнуліся арганізаваць нейкія экскурсіі ці выезды, але ў такой арганізацыі складана расслабіцца і адчуць сябе ўтульна, весела і спакойна ў калектыве прыемных табе людзей і аднадумцаў. Карпаратыўнага духу ў Адміністрацыі не было, быў толькі дзяржаўна-карпаратыўны.

Пры гэтым Леанід не можа ўзгадаць, каб ён ці яго калегі наракалі на навязлівую ўвагу да сябе з боку спецслужбаў. Наш суразмоўца кажа, што з праслухоўваннем тэлефонаў ці працоўнага месца ён не сутыкаўся, але пры гэтым у яго ўвесь час працавала ўнутраная цэнзура.

— Кожны чалавек, знаходзячыся ў сценах Адміністрацыі, фільтруе тое, што ён гаворыць, — прызнаецца Леанід. — Зразумела, ёсць людзі, якія менш трымаюць язык за зубамі, ды яшчэ і могуць прыхарошыць пачутае. Таму кожны сочыць за тым, што кажа пры сваіх калегах, у якіх бы яны нібыта сяброўскіх стасунках ні былі нават па-за працай. Як аднойчы мне сказаў мой кіраўнік (а яму калісьці сказаў яго кіраўнік): «Тут сяброў няма і быць не можа».

Сакрэтную інфармацыю расказваць нельга

Таксама Леанід расказвае, што праз працу ў Адміністрацыі Лукашэнкі ён не быў абмежаваны ў праве на выезд за мяжу. Забарону маглі атрымаць хіба толькі супрацоўнікі, якім былі дасяжныя сакрэтныя дакументы. У такім выпадку нават вандроўка ў сяброўскую Расію патрабавала ўзгаднення. Прамой забароны на абмеркаванне сваёй працы з роднымі і сваякамі не было.

— Натуральна, усе разумеюць, што сакрэтную інфармацыю расказваць нельга, — успамінае экс-чыноўнік. — Падчас працы над пэўнымі пытаннямі маглі звярнуць увагу, што лепш актыўна пра гэта не распаўсюджвацца, і не больш за тое. Нейкіх адмысловых захадаў, кшталту спецыяльных размоў, не праводзілася.

Паводле ацэнкі Леаніда, ідэйных людзей, якія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, у яго Адміністрацыі да 2020 года было каля 10%.

— Усе астатнія былі адэкватнымі, — упэўнены Леанід. — Яны мелі доступ да розных крыніц інфармацыі, ездзілі за мяжу, у тым ліку ў краіны Захаду. На той час яны цудоўна разумелі, у якім стане знаходзіцца краіна, куды яна крочыць, але па тых ці іншых прычынах яны заставаліся працаваць. У пэўныя часы частка людзей магла рэалізоўваць сапраўды карысныя для беларусаў ідэі і праекты. У прыватных размовах некаторыя з іх неаднаразова мне тлумачылі, што ёсць пэўныя недатыкальныя сферы, у якіх яны нічога не маглі змяніць. Напрыклад, будаўніцтва.

Ніхто не зможа даказаць, што нельга нішчыць заказнік «Лебядзіны», калі там вырашана будаваць рэстаран набліжанага. Ці «Табакеркі». Знешні выгляд горада, здароўе насельніцтва не маюць значэння, калі гаворка пра прыбыткі атачэння.

Прыватызацыя тая ж. Умоўны МТЗ — гэта электарат. Будуць друкаваць грошы і раздаваць, але інвестара не дапусцяць.

Ці будаўніцтва лядовых палацаў. Нікога не будзе хваляваць іх сапраўдная мэтазгоднасць. Трэба — значыць, трэба. Але супрацоўнікі ведалі, як можна палепшыць сітуацыю ў іншых сферах, пакуль туды не ўпаў позірк Лукашэнкі ці ягоных набліжаных.

Каментары4

  • даведка
    30.07.2024
    А чего заместитель Латушко в ОПК Артём Проскалович умолчал в интервью, что это именно он разрабатывал в администрации Лукашенко те самые правовые нормы, благодаря которым в нашей стране установилась военная диктатура и по которым военные и силовики чинят теперь репрессии в отношении белорусского народа, а также не поделился, как ему там работалось под началом генерала КГБ Сергеенко и скольких кгбшников тот привёл за собой в администрацию?!
  • Ольга
    30.07.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Ценитель
    30.07.2024
    Какая ж она страшная. Не диво, что ей платить приходится.

Наколькі мы ад іх адстаём: як Капенгаген ператвараецца ў горад без выкідаў і як капенгагенцы інакш арганізуюць сваё жыццё11

Наколькі мы ад іх адстаём: як Капенгаген ператвараецца ў горад без выкідаў і як капенгагенцы інакш арганізуюць сваё жыццё

Усе навіны →
Усе навіны

Якое надвор'е будзе гэтай восенню?1

У Баранавічах затрымалі двух былых вайскоўцаў, якія звольніліся ў 2020-м

Джордж Марцін раскрытыкаваў другі сезон «Дома Цмока». Яго абурыла адна дэталь1

У Мінску адкрыўся «Восеньскі салон» ФОТЫ2

У ЗША аднагадовы хлопчык асвоіў горны ровар ВІДЭА2

Кірыла Буданаў: Telegram нясе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны24

У Брэсце неабыякавыя людзі выратавалі са смяротнай пасткі маленькіх кацянятаў

Пры пажары на паркоўцы ў Падмаскоўі пацярпеў беларус-перагоншчык Мікалай4

Ноччу ў Беларусь заляцелі восем дронаў. Адзін амаль дабраўся да мяжы з Літвой13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наколькі мы ад іх адстаём: як Капенгаген ператвараецца ў горад без выкідаў і як капенгагенцы інакш арганізуюць сваё жыццё11

Наколькі мы ад іх адстаём: як Капенгаген ператвараецца ў горад без выкідаў і як капенгагенцы інакш арганізуюць сваё жыццё

Галоўнае
Усе навіны →