«Яны паўзуць з кватэры суседа». Мінскі шматпавярховік захапілі клапы
Жыхары аднаго з пад'ездаў на вуліцы Наўгародскай у Мінску сутыкнуліся з праблемаў клапоў. Гэтыя маленькія, але вельмі надакучлівыя казуркі пачалі распаўсюджвацца па ўсім пад'ездзе, выходзячы за межы адной кватэры. Аднак дамовіцца з уладальнікам «ачага заражэння» аказалася не так-то проста, піша «Анлайнер».
Труцілі некалькі разоў. Але гэта не канец
Журналісты пад'ехалі да цаглянага шматпавярховіка якраз у той момант, калі жыхары аднаго з пад'ездаў вырашылі калектыўна пагаварыць пра набалелае. Галоўнага героя — уладальніка кватэры, якая і стала прычынай усіх бед, — сярод іх не было.
Аксана — «старэйшая» па пад'ездзе — узяла шэфства над сітуацыяй і вырашыла калектыўна сабраць грошы на чарговую дэзінфекцыю кватэры з клапамі.
— Усё пачалося ў лістападзе мінулага года, — кажа яна. — Спачатку клапоў заўважылі суседзі, якія жывуць проста над праблемнай кватэрай. Яны спрабавалі пазбавіцца ад іх самастойна, але беспаспяхова. Калі казуркі пачалі з'яўляцца на верхніх паверхах, мы забілі трывогу. Я жыву на першым паверсе, і нават у маёй кватэры яны ўжо завяліся.
Па словах Аксаны, Уладзімір (уладальнік той самай праблемнай кватэры) спачатку даваў доступ у сваё жыллё, і ў студзені супрацоўнікі санэпідстанцыі нават змаглі апрацаваць кватэру ад паразітаў.
— Спецыялістаў мы выклікалі за свае грошы, — працягвае мінчанка. — Мы прымусілі Уладзіміра выкінуць канапу і дыван, якія сталі літаральна рассаднікамі клапоў, але, зразумела, цалкам гэта праблему не вырашыла. Планавалі выклікаць санслужбу другі раз, аднак уладальнік перастаў даваць доступ у кватэру. Дзён дзесяць таму нам усё ж такі ўдалося туды трапіць, але гэта відовішча не для слабанервных.
— Я таксама некалькі разоў заказвала дэзінфекцыю, — падключаецца да дыялогу Кацярына. — Мая кватэра знаходзіцца праз паверх ад Уладзіміра, але сама я ў ёй не жыву — здаю. Сваіх арандатараў адразу папярэдзіла: калі заўважыце клапоў, паведамце мне. Першы час кватаранты жылі спакойна, але ў канцы мінулага года яны ўбачылі першага «няпрошанага госця». Зразумела, я адразу выклікала санэпідэмстанцыю і пагаварыла з гэтай нагоды з Уладзімірам. Маўляў, ведаю, што ў вас няма грошай, таму мы ўсім пад'ездам скінемся на дэзінфекцыю кватэры, толькі дайце доступ.
— Нядаўна мы стварылі чат і плануем праводзіць гэтыя мерапрыемствы за свае грошы, таму што жыць так немагчыма. Колькі разоў яшчэ давядзецца труціць клапоў — незразумела. Аднак асноўная бяда ў тым, што трапіць да яго ў кватэру цяжка: ён сцвярджае, што клапоў у яго больш няма. Але вы ж бачылі на фота, што там рабілася, — дадае Кацярына.
Што кажа Уладзімір, уладальнік той самай кватэры?
Каб растлумачыць сітуацыю, журналісты звязаліся з Уладзімірам. Мужчына праблему не адмаўляе і пацвярджае: клапы з'явіліся ў яго яшчэ вясной, але іх труцілі і не раз. Цяпер жа, паводле яго слоў, уся жыўнасць з кватэры знікла.
— Мне цяпер не да гэтага, у мяне ў сям'і здарылася гора — памерла мама, таму я не настроены на размову, — сказаў Уладзімір. — Цяпер у мяне няма клапоў: іх усіх патравілі. Пасля першага прыезду санэпідэмстанцыі яшчэ праскоквалі дзе-нідзе, а пасля другога тручання ніводнага клапа ў кватэры я не бачыў.
— Я ніколі не перашкаджаў праводзіць апрацоўку, заўсёды пускаў у кватэру, калі суседзі прасілі, — сказаў на заканчэнне мужчына.
ЖЭУ №3 Першамайскага раёна: «Клапоў не выяўлена, але паспрабуем яшчэ раз трапіць у кватэру»
Яшчэ аднымі ўдзельнікамі гэтай гісторыі сталі камунальнікі, якія наведаліся ў кватэру да мінчука і паспелі скласці акт агляду. У самім дакуменце прадстаўнікі ГП «ЖЭУ №3 Першамайскага раёна» адзначылі: на момант абследавання прусакоў і клапоў у кватэры візуальна не выяўлена.
Расказаць пра гэта больш падрабязна папрасілі начальніка ўчастка ЖЭУ №3 Першамайскага раёна Ігара Латушкіна:
— Да нас паступіла дзве заяўкі ад жыхароў дома па вуліцы Наўгародскай, 7: адна ў лютым, іншая ў канцы ліпеня. Першы раз яны правялі дэзінфекцыю кватэры за свой кошт. Трапіць у кватэру другі раз было складаней. У канцы ліпеня камісіі ўдалося пераступіць парог яго дома і ў прысутнасці суседзяў інжынер з майстрам склалі акт, у якім адзначылі, што насякомых заўважана не было. Магчыма, яны былі пад адзеннем, усё ж такі супрацоўнікі прыйшлі днём. У бліжэйшы час паспрабуем зноў патрапіць у кватэру, каб яшчэ раз старанна абследаваць памяшканне. Але вы таксама зразумейце, без згоды ўладальніка мы гэта зрабіць не можам.
Па словах Ігара Латушкіна, такія сітуацыі з клапамі ў шматпавярхоўках адбываюцца нярэдка, аднак камунальнікі не праводзяць апрацоўку памяшканняў: гэтым пытаннем займаецца санэпідэмстанцыя.
— Мы складаем акт абследавання і выдаем уладальніку кватэры прадпісанне аб прадастаўленні доступу ў кватэру на прадмет санітарнага стану. Звычайна людзі не супраціўляюцца і заўсёды даюць доступ да жылля. Калі праблема не вырашаецца — уладальнік кватэры атрымлівае штраф, — падсумаваў начальнік участка.
Каментары
Прыклеены на знак нязгоды да канапы заяўляю:
Клапы гэты дзеткі дзяржаўнага клопату пра жытло, шлюбу Карбуз'е з Урбаністам.
Гэта сьвяшчэнныя камунальныя істоты, неабходны крымінальны закон пра адказнасьць за забойства клапа і пашырэньне дзяржбудаўніцтва жытла.