Гісторыя1212

«На Радаўніцу не плачуць, а ўспамінаюць». Як беларусы сталіся ледзьве не адзінымі носьбітамі старадаўняй традыцыі

Кожны беларус ведае пра Радаўніцу, аднак далёка не ўсе з нас ведаюць, што гэта яшчэ жывая частка былога культу продкаў, якая ў найбольш архаічнай форме захавалася толькі ў нас, у беларусаў. І менавіта мы — унікальныя носьбіты гэтых ведаў. «Белсат» сабраў захаваныя і ўжо амаль страчаныя традыцыі Радаўніцы, якая яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму была сапраўдным сямейным святам — днём жывой памяці і прывязкі да роду.

Беларусы адзначаюць Радаўніцу на могілках у Барысаве, Беларусь. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Цімур Котаў / Белсат

«Цяпер людзі складаюць радаводы за грошы, шукаюць свае карані, а мы гэтыя радаводы складалі сабе самі з маленства — на Радаўніцу, на могілках», — апавядае спадар Мікола. Дзяцінства мужчыны прыпала на сярэдзіну мінулага стагоддзя, і традыцыі Радаўніцы падаюцца яму важнымі: «Я вывучаў імёны продкаў з камення: хто ў якой магілцы ляжыць, як жыў, што любіў, што мы пра яго ведаем. У гэтым мы не бачылі паганства. І дзяцей сваіх таксама на могілкі вазіў. Гаварыў ім, як і мне некалі матуля мая ўжо памерлая: пакуль помніш — яны жывыя. Бо смерць — гэта не канец. Жыццё доўжыцца, пакуль у цябе ёсць род».

Насамрэч Радаўніца сягае каранямі яшчэ ў дахрысціянскі час, у язычніцтва, калі вясна была пачаткам усяго — і жыцця, і сувязі з продкамі. І звязанае гэтае свята з культам продкаў. Лічылася, што ў гэты дзень памерлыя прыходзяць на зямлю, каб паглядзець, як жывуць нашчадкі. І ім трэба пакінуць кавалачак хлеба, яйка ды крыху солі, каб не сумавалі і не забываліся на нас.

Прыход хрысціянства не знішчыў традыцыі, а пераплёў яе з царкоўным календаром: Радаўніцу пачалі святкаваць у першы аўторак пасля Вялікадня. І гэты дзень стаўся адзіным, калі дазвалялася хадзіць на могілкі пасля Вялікадня, каб не парушаць радасці ўваскрэсення.

Беларусы называюць гэты дзень па-рознаму: Радуніца, Радаўніца, Радуніцкія дзяды, Вялікдзень мёртвых, Наўскі Вялікдзень… І ўсё гэта дзень памінання спачылых родзічаў.

Паводле этнографа Уладзіміра Васілевіча, паходжанне слова «Радаўніца» выводзяць ад розных словаў: і ад ведыйскага «radanh» — ахвярадаўства, і літоўскага «rauda» — галашэнне, і ад агульнаславянскіх словаў «род», «радзіцца», і ад імя міфалагічнага бога Рады…

«Хто не быў на Радаўніцу, той сам сябе ад роду адсек»

«Да Вялікадня тыдзень мылі хату, але ж трэба было і могілкі прывесці ў парадак. Бацька казаў: «Перш як жыць, трэба памятаць, хто табе даў жыццё, — згадвае спадарыня Ганна з вёскі каля Крупак. — Таму перад Вялікаднем ішлі чысціць яшчэ і могілкі: выграбалі, высякалі сухое, абнаўлялі надпісы, фарбавалі агароджы».

Маці суразмоўцы на Радаўніцу ўставала «яшчэ толькі світала». На стале ў гэты дзень было не меней за сем страваў, «бо на Радаўніцу сямʼя павінна накарміць не толькі сябе, але і памерлых». Гатавалі «грыбкі» (тоўстыя бліны з печы), яйкі, пірог з яйкамі, быў мёд, тварог, каўбасы, смажанае мяса, вяндліна ды іншае. Усё акуратна складалася ў вялікі кош — як для доўгачаканых гасцей.

«Едзем да сваіх» ці «пойдзем грэць бацькоў» — у нас на Радаўніцу так гаварылі. Ніхто не казаў «едзем на могілкі», — апавядае жанчына. — Ніхто не пытаўся, ці зручна. У каго не было машыны, ішоў. Мы таксама хадзілі — чатыры кіламетры. Прыходзім, а на могілках — як кірмаш, толькі ціхі. Там сваяк, там сусед, там школа амаль уся».

Сустрэчы на могілках былі радасцю. Абменьваліся навінамі, дарылі яйкі, віншавалі з Вялікаднем, расказвалі дзецям, хто дзе пахаваны. Прыязджалі нават тыя, хто ў іншыя краіны зʼехаў. На Радаўніцу — трэба. Гаварылі: «Хто не быў на Радаўніцу, той сябе ад роду адсек». Няма цябе, значыцца, не памятаеш, хто ты».

«У 1987-м, праз год пасля аварыі на ЧАЭС, усё роўна ехалі. Маці загарнула яйкі і сала ў тканіну, бацька сеў на матацыкл, а я ззаду — і паехалі. Хаця страшна было. Але не маглі не паехаць», — успамінае спадар Віктар з Гомельшчыны.

«Ішлі на могілкі, як у госці да родных»

«Раней абрус рассцілалі прама на могілках і пачыналі памінальную трапезу, якая нагадвала старажытную язычніцкую трызну: з ціхаю малітваю, добрымі ўспамінамі. Ужо пазней сталі рабіць столікі, — кажа спадарыня Валянціна з-пад Пухавічаў, для якой, як і для тысяч беларусаў старэйшага пакалення, Радаўніца была і застаецца днём, калі жывыя і памерлыя нібыта сустракаюцца. — У гэты дзень не палілі печы, не сварыліся і ні ў якім разе не плакалі».

«Калі ўспамінаеш і аналізуеш, як праводзілі Радаўніцу нашыя бацькі ды бабулі з дзядулямі, разумееш, што ў іх сапраўды вельмі шмат сакральнага, — разважае нашая чытачка Воля, бацькі якой з дзяцінства заўсёды бралі яе на могілкі, вучылі паважаць памерлых ды заўсёды пра іх апавядалі. — Памятаю, як бабуля казала: «На Радаўніцу плакаць нельга», «стань раўней», «пакладзі яйка пад бабулін крыж, сёння яна цябе чуе і бачыць».

У першую чаргу на магілках раскладалі яечкі, сімвал жыцця і ўваскрэсення. Лічылася, што так можна часова ажывіць мёртвага.

Яйкі гэтыя не еліся, іх пакідалі на могілках. Побач клалі соль, кавалак хлеба, саланіну. Абавязкова на чыстай тканіне. Яшчэ частку пакідалі «для птушак» — верылі, што птушкі пераносяць пахі і думкі продкам. Рэшту памінальных страваў раздавалі і жабракам, якія сустракаліся па дарозе.

Апошнімі гадамі святары ўсё часцей просяць не есці на могілках, асабліва ў гарадах. Кажуць, «паганства», «непавага», «вулічны баль». Аргумент такі: могілкі — не месца для застолля. Памінанне — гэта малітва, свечка, спакой. Некаторыя святыні нават размяшчаюць абвесткі на брамах могілак, што на тэрыторыі забаронена спажываць алкаголь і ставіць сталы. Але шмат хто абураецца гэтым і расцэньвае як спробу «выкрасліць» традыцыю.

«Мы ж не святкуем смерць. Мы святкуем тое, што чалавек быў. І што мы — з ягонага роду, — тлумачыць сваю пазіцыю спадарыня Пелагея з Талачыншчыны. — Так, мы таксама ямо на могілках. Але не каб наесціся. Гэта — быццам з імі разам, і ім таксама дастаецца кавалачак. Памерлыя — гэта частка сям’і. Гэта ўжо зараз бывае, што некаторыя сапраўды перагружаюць могілкі поўнымі сталамі. Так сапраўды не трэба».

«Каб дзед не крыўдаваў» і «каб грахі дараваліся»

Беларусь не надта вялікая краіна, але традыцыі памінання продкаў на Радаўніцу, як мы высветлілі, розныя ад Берасця да Віцебску.

Гэтак, на Палессі могілкі часта стаялі ў лесе, і людзі неслі з сабой адмысловыя лаўкі, каб на Радаўніцу там пасядзець усёй сям’ёй. На могілках абавязкова запальвалі свечкі або лампадкі, а самая старая жанчына з роду казала, як і каго трэба памінаць, апавядала гісторыі з жыцця продка. Першымі да стала запрашалі «памерлых» (пакідалі на магілцы цукерачку ці яечка), потым ужо елі самі.

У Гарадзенскай вобласці Радаўніца дасюль мае больш стрыманую, нават «урбанізаваную» форму. Тут не было прынята есці на могілках. Тут проста прыносілі свянцоныя яйкі і хлеб, пакідалі на магілцы, маліліся, а ўжо вячэру рабілі ўдома — разам з усёй сям’ёй.

«Мама казала: «На могілках не ядуць, толькі душу кормяць». Таму мы прыбіралі могілкі, клалі пачастунак і вярталіся. Зараз таксама так робім. І гэта не замінае нам памятаць пра памерлых», — зазначае Алена.

«А мы да свята ўпрыгожвалі могілкі стужкамі і жывыя кветкі высаджвалі загадзя, каб на Радаўніцу ўсё цвіло. У некаторых вёсках запрашалі ксяндза, каб ён памаліўся адразу за ўсіх на могілках», — згадвае яшчэ адна спадарыня з Гарадзеншчыны.

Сціпла святкавалі месцамі і на Бабруйшчыне. А вось у некаторых вёсках Віцебскай вобласці да сёння спяваюць «радаслоўныя» псалмы, згадваючы пры гэтым імёны ўсіх продкаў. Людзі ў гэты дзень на поўначы краіне амаль нідзе не працуюць з зямлёю, бо лічаць, што «яна адпачывае, слухае памерлых».

Вядома, што ў Свіслацкім раёне на Радаўніцу тры разы кідалі яйка цераз гумно. Прытым гэтак, каб яно не разбілася. Верылі, што тады збожжа будзе добра захоўвацца. А яшчэ той, хто першы прыйдзе на Радаўніцу на могілкі, даведаецца ад крэўных нябожчыкаў таемную параду.

У некаторых мясцінах Радаўніца дзялілася на «жывую» (у панядзелак маліліся за жывых) і «мёртвую» (у аўторак паміналі памерлых). У некаторых рэгіёнах спраўлялі толькі жанчыны.

Існавалі і розныя рытуалы. Некаторыя з іх у розных кутках Беларусі жывыя і да сёння. Да прыкладу, пакласці лыжку ў магільную агароджу — каб «бабуля паела»; пакінуць чарку гарэлкі — «каб дзед не крыўдаваў»; разбіць яйка менавіта аб крыж — «каб грахі дараваліся».

Нярэдка Радаўніца ў нашых продках заканчвалася застоллем удома. Бо гаварылі: на Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць. Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар дому тры разы абыходзіў стол, трымаючы свечку ў руках. У доме пры гэтым адчыняліся вокны і дзверы, каб душы продкаў маглі завітаць у госці і пабыць разам.

Каментары12

  • Сведка
    29.04.2025
    Руская царква моцна пастаралася, каб выбіць з нас гэты звычай. Яшчэ на маёй памяці хадзілі з ежай на могілкі. На памяці бацькоў - на могілках елі. Цяпер пластыкавыя кветкі носяць. Мова пра могілкі майго роду.
  • Лінгвограф
    29.04.2025
    Дзіўна пытацца ў этнографа (Васілевіча) пра рэчы, якія высвятляюць навукоўцы лінгвісты. Зразумела, што ад літоўскага Раўда Плач, бо "па абедзе плачуць", што неяснага.
  • Назiраемыя ў жыццi традыцыi беларусаў
    29.04.2025
    Пластыкавымi кветкамi дзiкiх колераў зрабiць могiлкi падобнымi на бразiльсiкi карнавал, а тады напiцца гарэлкi i ўключыць лепса праз моцную калонку. Калi шанаванне памерлых зацягваецца, то можна тамака патанчыць i папытацца запрасiць блiжэйшую мадаму да кустоў.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком2

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком

Усе навіны →
Усе навіны

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску32

Еўрасаюз хоча ўвесці поўную забарону на закупку прадуктаў з расійскай нафты6

Расія і Украіна правялі чарговы абмен целамі загінулых вайскоўцаў. Ён ішоў праз Беларусь

«Раз'язджаліся проста па тратуарах». Каля новага стадыёна пасля матча адбыўся калапс3

Украінцы нанеслі ўдар высокадакладнымі снарадамі па базе расійскіх войскаў у Курскай вобласці ВІДЭА1

Спецслужбы выходзяць на кантакт з актывістамі праз фэйсбук: што вядома і як сябе абараніць1

Мінздароўя баіцца, што пакістанцы прывязуць у Беларусь ліхаманкі Крым-Конга і Чыкунгунья8

Відэа, у якім кіраўнік Крычава прасіў жыхароў ахвяраваць на прыпынкі, выдалілі пасля рэзанансу1

Ад 5 рублёў за штуку і букеты да 45 рублёў. На Камароўцы зацвілі півоні

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком2

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць