Культура4646

Кузьміч пра Алеся Пушкіна: Мне не блізкія мастакі, якія займаюцца нацыяналізмам у мастацтве

Мастак-акцыяніст у інтэрв'ю «Белсату» расказаў, чаму сышоў з закрыцця выставы, прысвечанай Алесю Пушкіну, і чаму смерць Пушкіна ў беларускай турме не стала творам мастацтва. «Я злы на яго з-за гэтага!» — прызнаецца Кузьміч.

Фота: Белсат

З Аляксеям Кузьмічом, які пасля адсідкі і галадоўкі ў французскім цэнтры дэпартацыі вымушаны быў з’ехаць на нейкі час у Польшчу, размаўлялі на тэрасе кавярні ў цэнтры Варшавы. Аўтар акцыі «Рэнесанс» на могілках Auvers-sur-Oise паліць і неадрыўна глядзіць наўпрост у вочы суразмоўцы. Гэтак жа рабіў і Алесь Пушкін, хіба што з яшчэ большай іроніяй.

Напярэдадні, на закрыцці выставы «Afterlife», прысвечанай Пушкіну, Аляксей Кузьміч прызнаўся, што не з'яўляецца яго паслядоўнікам. «Мне не блізкае мастацтва Алеся», — сказаў ён. Пасля гэтага паведаміў, што прыйшоў на сустрэчу з расейкай, якая здымае пра яго фільм і якой хтосьці з беларусаў, проста ў Музеі вольнай Беларусі, «нагадаў пра Марыупаль і прыгразіў разбіць камеру». Дзяўчына пакінула мерапрыемства. «Вось чаму мне не блізкія мастакі, якія займаюцца нацыяналізмам у сваім мастацтве», — паўтарыў Кузьміч і таксама пакінуў фінісаж.

«Першае, што яна сказала: «Як жа я ненавіджу беларусаў!»

— Хтосьці крыкнуў табе ў спіну, што твой сыход — «дзіцячы ўчынак». Што адкажаш на гэта?

— Насамрэч, я мяркую, «дзіцячы ўчынак» быў у тым, што мадэратар дыскусіі Сяргей Будкін ніяк не адрэагаваў на такую пячорную праяву ксенафобіі і проста працягнуў дыскусію. Не сказаў ні слова з гэтай нагоды. Вось гэта якраз па-дзіцячы. Я ж паступіць па-іншаму не мог. Мяне бацька вучыў, што я не павінен дазваляць, каб у маёй прысутнасці абражалі жанчыну.

На маю думку, дзіцячым учынкам было б, калі б я застаўся там і як ні ў чым не бывала працягнуў бы разважаць пра мастацтва, у той час як мая сяброўка рыдае і кажа, што ёй пагражалі. Нейкая дзічына. Якія ў мяне яшчэ былі варыянты, акрамя як сысці? І што я мог адказаць у гэтым выпадку на пытанне пра Пушкіна, калі ты ў рэчаіснасці бачыш пераход гэтага самага нацыяналізму ў канкрэтны шавінізм і ксенафобію?..

Фота: Белсат

І ведаеце, што першае сказала Насця, актрыса і кінарэжысёрка, калі я прыйшоў яе суцяшаць? Яна сказала: «Як жа я ненавіджу беларусаў». Добра, што ўжо праз пяць хвілін патэлефанаваў Андрэй Дурэйка, адзін з арганізатараў выставы, і мы з ім выдатна пагутарылі — ён прынёс прабачэнні.

«Я беларус, я не адхрышчваюся ад гэтага»

— Мы ўвогуле можам казаць пра цябе як пра беларускага мастака?

— Хутчэй, як пра мастака з Беларусі. Таму што «беларускі мастак» для мяне — гэты той, хто ў сваёй творчасці нясе ідэю нацыі. Я ж намагаюся, прынамсі цяпер, абстрагавацца ад таго, што я беларус. Я жыву ў іншым кантэксце, у іншай палітычнай сістэме. Было б, напэўна, дзіўна разважаць і рэфлексаваць на тэму Беларусі, не будучы там і не адчуваючы працэсаў, якія там адбываюцца. Я разумею, што адарваны ад зямлі. Я зрабіў ужо шэраг выказванняў на гэтую тэму. Той жа «Транзіт» быў пра гэта — пра лімбу, у якой я знаходжуся. Гэтага дастаткова.

Мае наступныя працы будуць у іншых кірунках. І «Рэнесанс», як мне здаецца, калі і звязаны з Беларуссю, то толькі тым, што я там нарадзіўся. Але гэта не значыць, што я не лічу сябе беларусам. Я беларус, і не адхрышчваюся ад гэтага. Я люблю Беларусь. Я вяртаўся туды ў 2023 годзе, атрымаў асалоду ад судакранання з Радзімай, зарадзіўся добранька і гэты зарад панёс далей. Пакуль што мая батарэйка не села.

Фота: Белсат

Чалавек увесь у белым з рыдлёўкай на могілках — нічога беларускага?..

— Вобраз узяты з кнігі даследчыка чароўнай славянскай казкі Уладзіміра Пропа. У белым, таму што гэта было свята — «мастак вяртаецца ў свет». З іншага боку, белы, паводле Пропа, колер ініцыяцыі, колер смерці. Нашыя продкі часта звярталіся да памерлых. Выфарбоўваліся белай глінай, попелам, каб прайсці ў трыдзявятае царства. Таму мука на твары. Таму ў белым. Каб мёртвыя прапусцілі да духу Ван Гога і каб ён мяне пачуў.

— Пачуў? Што ты наогул адчуваў, пакуль капаў магілу?

— Я працягваў капаць, капаў хутка, стаміўся. Меркаваў, канешне, што ў нейкі момант можа з'явіцца паліцыя ці хтосьці з наведвальнікаў мяне спыніць. Капаў магілу і канцэнтраваўся толькі на гэтым. Клікаў Ван Гога і прасіў, каб мастак падняўся, але нічога не адбывалася. Хоць, вядома ж, я не меркаваў, што нехта там раптам вылезе з труны і павітае мяне.

«Мы працавалі з Алесем на кантрапунктах»

— А калі далі б вырыць магілу — лёг бы ў яе сам?

— Так, так. Я так і меркаваў, што раскапаю магілу і сам у яе лягу. Дрэнны мастак павінен памерці, а сапраўдны павінен адрадзіцца. Гэта вобраз. Ці адчуў я Ван Гога? На жаль ці на шчасце, не. У мяне былі перасцярогі, што ён будзе прыходзіць да мяне пасля ў сне, палохаць мяне…

Прынамсі, адзін раз мне снілася магіла Ван Гога. Я апісаў гэта ў турэмным дзённіку, калі сядзеў (Аляксей Кузьміч рыхтуе да выдання кнігу з рабочай назвай «У магіле з Ван Гогам» — рэд.). Магілу капалі нейкія голыя людзі, нейкія алкаголікі з майго далёкага мінулага. Потым яны капалі суседнюю магілу, залазілі ў яе, вылазілі з гэтай дзіры і рагаталі па-сатанінску. А вось Ван Гог мне так і не з'явіўся. Напэўна, яму ўсё роўна, што адбылося. Ён на нейкім іншым узроўні.

Фота: Белсат

— Ты прызнаваўся на фінісажы, што Пушкін звязваўся з табой у 2021 годзе, раіў вярнуцца ў Беларусь і «адседзець тры-чатыры гады». На яго думку, гэта было б эфектыўнай акцыяй. Сам так і зрабіў. Не лічыш, што «легчы ў магілу» вось такім чынам было б больш сумленна? Смерць Алеся Пушкіна некаторыя і ўспрынялі як яго апошні перформанс.

— Я не лічу, што ён зрабіў твор мастацтва. Я злы на яго з-за гэтага! Я б хацеў пабачыць яго апошнюю працу годнай. Але, на жаль, ён даў сябе паюзаць палітычным лічынкам, як мне здаецца. Яго ўспрымаюць цяпер як такога змагара за дэмакратыю і пакутніка. І толькі потым ідзе слова «мастак». А бывае, што і зусім не ідзе. Проста «ахвяра рэжыму» — і ўсё. Думаю, гэта яго пракол. Ён не зрабіў са свайго свядомага ўзыходу на Галгофу мастацтва, як зрабілі, напрыклад, са сваёй смерці Бас Ян Адэр або Арцюр Краван. Усё ж такі мастак павінен ставіцца вельмі сур'ёзна да такіх рэчаў, як уласная смерць.

І гэта яго лабавое вяртанне на радзіму — безумоўна, гераічны ўчынак. Але я не здольны на такое. Я не здольны добраахвотна садзіцца ў турму. Я ўцякаю ад турмаў, хоць і гуляю пастаянна з гэтым, хаджу па лязе. Алесь Пушкін не пабег, ён добраахвотна аддаў сябе ў іх лапы. У гэтым нашае адрозненне.

Але ў нас было шмат містычных пунктаў перасячэння. У 2020 годзе мы былі абодва затрыманыя, амапаўцы нам абодвум намалявалі крыжы на спінах. Мне — Т-вобразнай формы, яму — крыж з чатырох кропак. У 2021 годзе мы абодва трапілі за краты. Ён — у беларускую, я — у французскую, пасля акцыі «Імітацыя» з кактэйлем Молатава. Так, пункты перасячэння былі. Але мы, хутчэй, працавалі з Алесем на кантрапунктах. Я б не сказаў, што мы падобныя мастакі.

— Ці не паспелі з ім пагутарыць ужывую?

— На жаль, не. Я так і не пазнаёміўся з Алесем. Я вельмі жадаў. Чуў ад яго як добрыя словы ў свой адрас, так і дрэнныя. І мне б вельмі хацелася з ім пагутарыць. Мне б вельмі хацелася з ім паспрачацца і пабіцца. Хацелася б яго ўзяць у абдымкі. Правесці час і паразмаўляць.

«Рабіць з сябе Ісуса — гэта нават для мяне залішне радыкальна»

— Столік на чатырох. Кузьміч, тут Пушкін, там Ван Гог, а хто чацвёрты?

— Ісус Хрыстос (смяецца).

— Ого, на вас не хопіць віна! У пачатку нашай размовы ты распавядаў пра мадоннаў у майстэрні твайго бацькі — Аляксея Кузьміча-старэйшага. Ты даведаўся, што быў прататыпам амаль усіх немаўлят на руках Маці Божай, напісаных бацькам. А цяпер спрабуеш пераймаць Хрыста, падымаючы з магіл мёртвых?

— Не ўкладваю гэта ў сэнс сваіх работ. Гэта было б, напэўна, залішне нават для мяне, хоць мяне і называюць эгацэнтрычным нарцысам. Але рабіць з сябе Ісуса — гэта нават для мяне залішне радыкальна.

Мая акцыя 2020 года, у якой я выкарыстаў вобраз Хрыста, — гэта вобраз сітуацыі, якая прымяняецца не толькі да Беларусі, але да ўсяго свету. Гэта вобраз веры ў палітыку, моду і спажыванне. Веры, якая замяніла традыцыйныя рэлігіі. Так, я выкарыстаў вобраз Хрыста, але ў той жа час на сакральным месцы, на распяцці — быў фалас Бабуіна, галоўнага чалавека краіны. І гэта не быў Лукашэнка, гэта быў прэзідэнт, незалежна ад гендару і імя. Прэзідэнт, на якога моліцца паства. Моліцца не чамусьці ўзнёсламу, а на гэты чырвоны бабуінавы х..й — на палітыка, які гарлапаніць, які б'е сябе ў грудзі і дзякуючы гэтаму выйграе. Яны моляцца на архаічныя інстынкты. Вось пра гэта была тая акцыя.

— А ты потым пажартаваў, што ты ху…вы мастак.

— Я не тое каб пажартаваў, я так і лічу. Ды хто я такі ў параўнанні з Ван Гогам? Хто я, як не ху…вы мастак? Хто я, як не недарэчнасць, прамакатка і поўная ху…ня. І мой «Рэнесанс» быў пра гэта: ху…вы мастак павінен легчы ў магілу, а сапраўдны павінен адрадзіцца. І хай ён займаецца мастацтвам, таму што мастакі скончыліся. Мярцвяк вяртаецца на п'едэстал, таму што жывыя — мерцвякі і жывымі толькі падаюцца. Я гэта ўбачыў і ў Заходняй Еўропе, і, як многія адзначаюць, я патрапіў у цэль гэтай акцыяй. Не пакінуў абыякавым.

«Але я бяру грант і малюю х…і на пяску»

— Было шмат спрэчак. Твае акцыі, напэўна, складана прадаць. На што ты жывеш?

— Я не прадаю мастацтва. Свядома сыходжу ад гэтага. Перыядычна атрымліваю нейкія прапановы на тое, каб прадаць фотаздымкі ці нейкія артэфакты з акцыі, але разумею, што магу пайсці па нахільнай дарожцы і рабіць кан'юнктурнае мастацтва. Але я адкрыты свету, я прымаю ўсе яго выклікі. І грошы прыходзяць самыя сабой з нейкіх розных бакоў. У мяне няма нейкага аднаго віду даходу. Неабходная іх колькасць сама сабой неяк прыплывае.

— Напрыклад?

— Нейкія арт-рэзідэнцыі, дзе табе даюць жыллё, даюць грант, грошы.

— Гэта значыць ты бярэш гранты і ўпісваешся ў рэгламенты, супраць якіх так рэзка выступаеш?

— Ды бяру, а што? Даюць — бяры, б'юць — бяжы. Зусім проста. Іншая справа, што ты робіш за гэтыя гранты. Калі нейкае дзярмо, якое называеш мастацтвам, гэта дрэнна. Але я бяру грант і малюю х…і на пяску ля «Гётэ-інстытута».

Ды і прыемна, што ёсць людзі, якія мяне падтрымліваюць матэрыяльна, проста так. Якім блізкае тое, чым я займаюся, і здаецца важным. Нейкія грошы з'яўляюцца. Увогуле я не магу сказаць, што я неяк бамжую або хаджу галодным. Увесь гэты час, з 2020 года, калі я эміграваў, я не трапляў у сітуацыі, калі застаешся зусім без грошай і без жылля. Усё нармалёва, мне хапае. Я жыву сціпла, але не магу сказаць, што бядую.

— Абвешчаны табой збор сродкаў — гэта грошы на тое, каб разлічыцца з адвакатамі, якія выцягнулі цябе з дэпартацыйнага цэнтру ў Францыі?

— Так, цалкам дакладна. Тры адвакаты мяне выцягвалі адтуль, бясконцыя суды. Нейкую частку працы яны зрабілі бескаштоўна, за нейкую працу ім заплаціла дзяржава. Але я разумею, што яны зрабілі вялікую працу. Адна з адвакатаў наогул адмовілася ад грошай і працягвае дапамагаць мне бескаштоўна, але я жадаю і ёй заплаціць, не хачу заставацца залежным. Двум іншым мне трэба заплаціць абавязкова. Такой колькасці грошай у мяне няма. Там адзін суд каштуе 1000 або 1500 еўра, а іх было шэсць ці сем. Таму я абвясціў збор.

— Што наўзамен? Якіх новых акцыяў чакаць людзям, якія табе дапамогуць?

— Я намагаюся рабіць мастацтва як мага радзей. Ведаеш, часам мастак, як шалёны сабака, пазначае кожны кут, праз які прабягае. А мастацтва любіць вытрыманасць і не любіць завіхацца. Таму я раблю свае акцыі рэдка, апошнім часам — раз на год. Доўга рыхтуюся да іх, выношваю ідэю. Трэба пераканацца, што яна не сімулятар, што гэта будзе сумленна. А людзі, якія мяне падтрымліваюць, нічога ніколі не патрабуюць. Яны цэняць, што я не раблю таго, што ад мяне чакаюць іншыя.

6 фактаў пра Аляксея Кузьміча, якія не ўвайшлі ў інтэрв'ю

  • Самыя яскравыя ўспаміны з дзяцінства — хрышчэнне («Залаты басейн, і я ў жоўтых майтках») і пахавальныя маршы за акенцам («Ад якіх бацькі спрабавалі мяне засцерагчы»).
  • Не любіў школу, хоць да шостага класа быў выдатнікам. «Першым маім шанцаваннем у жыцці было тое, што мяне не аддалі ў «мастачку»…».
  • Скончыў менскі філіял Маскоўскага дзяржаўнага інстытута эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі. Па спецыяльнасці не працаваў ні дня.
  • Першая акцыя Аляксея Кузьміча называлася «Творец без яЕц» (2019). Лічыць яе няўдалай, таму што акцыя «мала зачапіла прастору».
  • Рост Аляксея — 195 см. Да двухтыднёвай галадоўкі ў французскай турме важыў 93 кг. Цяпер — 75. Гэтую форму лічыць аптымальнай для сябе.
  • Роднай мовай лічыць расейскую («Калі размаўляю па-беларуску, думаю над перакладам»), хоць у перапісцы з «Белсатам» адказваў па-беларуску.

Каментары46

  • Кузьміч не мастак
    04.09.2024
    Шкада, што не пасадзілі...
  • Беларусы за Украіну
    04.09.2024
    Прыйшоў з расейскай, якая ненавідзіць беларусаў, і якой беларусы нагадалі, як Расея знішчыла ўкраінскі Марыюпаль.
    Пасля чаго Кузьміч з расейскай збеглі з выставы нацыянальнага героя, патрыёта Беларусі Алеся Пушкіна.

    Запомні, Кузьміч, беларусы ЗА Украіну і СУПРАЦЬ рашыстаў.
  • Беларусы за Украіну
    04.09.2024
    Ненавідзіш беларусаў? Што ты робіш на беларускай выставе беларускага мастака?

Сталі вядомыя першыя пяць прозвішчаў палітвязняў, вызваленых па новым памілаванні5

Сталі вядомыя першыя пяць прозвішчаў палітвязняў, вызваленых па новым памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Роўна 25 гадоў таму бясследна зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі3

Учорашнюю стральбу ў Фларыдзе кваліфікавалі як замах на Трампа6

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі17

Сбербанк: Расіяне праз тэлефонных махляроў перавялі УСУ больш за мільярд даляраў10

Каля дома Трампа ў Фларыдзе адбылася страляніна. Мільярдэр не пацярпеў4

Трамп: Я НЕНАВІДЖУ ТЭЙЛАР СВІФТ!51

У Бараўлянах пара занялася сэксам у скверы. Цяпер у каханкаў праблемы з законам10

Названыя пераможцы конкурсу астранамічнай фатаграфіі ФОТА

Шрайбман патлумачыў, навошта катуюць Калеснікаву і Бабарыку27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя першыя пяць прозвішчаў палітвязняў, вызваленых па новым памілаванні5

Сталі вядомыя першыя пяць прозвішчаў палітвязняў, вызваленых па новым памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →