Меркаванні11

Лявон Вольскі: Вашыя нервы не вартыя такіх выпрабаванняў, паверце

У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі піша пра свае навязлівыя сны і беларускую рэчаіснасць ды распавядае гісторыю, якая адбылася з ім у Грузіі і моцна нагадала адзін з ягоных сноў.

Лявон Вольскі. Фота Яўгена Ерчака

Сны пра службу ў войску

Ёсьць сны, якія літаральна перасьледуюць мяне. Адзін — мяне забіраюць у войска. Я заходжу ў нейкую вайсковую частку — навабранец — у форме не па памеры, у грувасткіх ботах — і адразу мяйсцовы «дзед» нешта такое непрыязнае мне кажа. Я хачу адказаць яму, маўляў, па-першае, тут нейкая памылка, бо мне па ўзросьце «не паложана» служыць тэрміновую службу, а па-другое, я ўсё ж такі не абы-хто, а цэлы сэржант.

«Дзед» абураецца: чаго гэта «салабон» мае права голасу?! Я гляджу на свае пагоны, а там ніякіх сэржанцкіх лычак няма. І, відаць па ўсім, давядзецца мне два гады служыць тут, у гэтай частцы, зь дзядухаю, якую адразу, з парогу казармы, відаць.

У гэтага сну могуць быць розныя варыянты — напрыклад, я ўсё ж такі застаюся сэржантам, і служыць мне ня два гады, а год, і няма дзядухі, а ўсе жаўнерыкі проста цягаюцца па частцы, панурыя й нягеглыя, і ўсё вакол такое самае — шэрае, панурае і нягеглае. Але, нягледзячы на розныя варыянты-мадыфікацыі сну, незьменным застаецца адно — адчуваньне, што здарылася штосьці вельмі кепскае, а ты нічога ня здольны зьмяніць.

Сны пра Беларусь

Другі сон — я ў Беларусі. Я ў Менску, тут сьвята гораду (ці нейкае іншае, але сьвята). Шашлыкі, дым, шапікі зь беляшамі і півам-гарэлкай, шмат народу, усе ўсьміхаюцца, запрашаюць мяне далучыцца да фэсту. А мяне адно ліхаманіць: як я тут апынуўся?! Якім чынам я праехаў празь мяжу, і што цяпер рабіць? Як прабірацца назад? Лясамі-пералескамі-балатамі-хмызамі? Празь якую мяжу?

Гэты сон таксама мае шмат варыянтаў.

Ня сьвята гораду, а звычайны дзень. Сяджу на лаўцы на аўтобусным прыпынку і думаю, што трэба надзець на твар маску, каб камэры не ідэнтыфікавалі асобу. Шукаю ў торбе, але маскі няма. Чаму яе няма, заўсёды ж тут ляжала?! Ну, вось ляжала-ляжала, а цяпер недзе згубілася…

Ці то я ў вёсцы (як я тут апынуўся, не разумею?!), выходжу на ганак і бачу, як праз поле, нібы ў фільмах пра вайну, на мяне йдзе ўзвод жаўнераў з аўтаматамі. Ужо цемнавата, яны асьвятляюць сабе дарогу ліхтарыкамі. Жаўнеры яшчэ далёка, і я ліхаманкава думаю: ці ёсьць у хаце зброя? Нешта ж павінна быць! Забягаю ў хату, высоўваю шуфляды… І прачынаюся.

Выпадак у Грузіі

Я сьню гэта раз на некалькі месяцаў. Войска — радзей, Беларусь — часьцей. Але аднаго разу наяве патрапіў у сытуацыю, калі хацелася прачнуцца, і каб усё гэта скончылася.

Мы з гуртом прыляцелі ў Грузыю. У аэрапорт Кутаісі. Пашпартны кантроль. Чамусьці там гэтым кантролем займаюцца не памежнікі, а паліцыя.

І вось я даю свой пашпарт немаладой, але артыстычнай паліцыянтцы, яна глядзіць у манітор кампутара, потым — на мяне, потым — зноў у манітор. Паўза зацягваецца.

— Што адбываецца? — пытаюся я. — Нейкія праблемы?

— Не нэрвуйцеся, — адказвае паліцыянтка. — Я чакаю на інфармацыю.

Чаканьне расьцягнулася. Ужо ўсе музыкі прайшлі кантроль, замаўляюць сабе ежу ў кавярні, а мяне ўсё не прапускаюць. Мінула з паўгадзіны.

— Дык а што ўсё ж такі адбываецца? — зноў пытаюся я ў паліцыянткі.

— Ну, я ня ведаю. Не прыходзіць інфармацыя, неабходная для таго, каб вас прапусьцілі.

— Дык, можа, я ў нейкім сьпісе? Можа, вам нешта такое даслалі беларускія ўлады?

Можа быць, — шматзначна азываецца паліцыянтка.

І тут я адчуў сябе ў сьне. У тым, пра Беларусь. Грузыя не ў Шэнгене, далёка ад РБ, і тут ніхто ня будзе разьбірацца, якім чынам і празь якія свае ўчынкі ты патрапіў у нейкі там «крымінальны» сьпіс! Дэпартацыя, па цябе зь Беларусі прылятаюць службовыя асобы — кайданкі, трап, і тут ужо — крычы — не крычы…

І што, можа быць дэпартацыя?

— Ну-у-у, — неяк няўпэўнена працягнула паліцыянтка. — У любым выпадку, я хачу, каб вы ведалі: калі што, дык я — на вашым баку.

Ясна. У сэнсе «нічога асабістага». «Па якую халеру я паляцеў у гэтую Грузію?! Казалі ж, што па-за Эўразьвязам вандраваць небясьпечна!», — віравалі думкі ў маёй галаве.

І тут здарыўся цуд! Паліцыянтка вярнула мне пашпарт, пажадала прыемнай вандроўкі і падаравала маленькую бутэлечку «Сапэраві».

Я падышоў да музыкаў, якія харчаваліся ў кавярні. Сеў за іхні столік і наліў у келіх віно.

— Чаго так доўга? — запыталі яны.

— Зараз зраблю глыток і распавяду.

Важныя высновы

Будзьце асьцярожныя, спадарства! Нядаўні выпадак зь Дзіянай Маісеенка дэманструе, што рана яшчэ нам наведваць краіны па-за Эўразьвязам.

Лепей устрымацца. Бо калі патрапіш у гэткую сытуацыю нават з добрым фіналам, вашыя нэрвы ня вартыя такіх выпрабаваньняў, паверце. Праверана асабістым досьведам.

Каментары1

  • Баец ПКК
    05.09.2024
    До приезда в Полк мне периодически тоже снился сон.что второй раз попал на срочку.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп прыгразіў Расіі санкцыямі, «пакуль не будзе дасягнутае спыненне агню»14

Трамп прыгразіў Расіі санкцыямі, «пакуль не будзе дасягнутае спыненне агню»

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра гібель «Бульбаша», які ваяваў за Расію22

У Еўропе склалі план па абароне неба Украіны ад ракетных нападаў4

Па ўсёй Беларусі дзень 6 сакавіка быў рэкордна цёплым. Пад Мінскам — +19.7!

Спецпасланнік Трампа пацвердзіў, што на наступным тыдні адбудуцца перамовы Украіны і ЗША7

Рэдактар беларускай Вікіпедыі: Будучыня праекта — за штучным інтэлектам18

«Гэта не я абрала Бабу Нюру, а яна мяне». Блогерка расказала, чаму стала тыкток-зоркай у вобразе вясковай жанчыны13

Беларусцы, якая ўжо сем год жыве ў ЗША, патэлефанавалі з гродзенскага КДБ11

Сёння ў Мінску быў вельмі прыгожы захад сонца ФОТЫ

Z-блогеры паведамляюць пра няўдачы расійскіх войскаў на Данбасе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп прыгразіў Расіі санкцыямі, «пакуль не будзе дасягнутае спыненне агню»14

Трамп прыгразіў Расіі санкцыямі, «пакуль не будзе дасягнутае спыненне агню»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць