«Абажаю гэтае лявацкае дзярмо». Каверын нагаварыў у эфіры такое, што гледачы ў шоку
Па інтэрнэце гуляе нарэзка дзіўных выказванняў вядучага ютуб-шоу «Обычное утро», у якіх ён нібыта падтрымлівае расійскую агрэсію.
Былы радыёвядучы і шоўмен Канстанцін Каверын ніколі не лез па слова ў кішэню, ён часцяком адзначаўся рэзкімі выказваннямі на мяжы фолу. Вось і цяпер за тыдзень нагаварыў у эфіры ток-шоу «Обычное утро» столькі ўсяго, што частка аўдыторыі хапаецца за галаву.
«Забіваць — гэта дрэнна, але калі ты забіваеш свайго ворага — гэта добра. Абажаю ва ўвесь рост гэтае лявацкае дзярмо»
У адным з выпускаў вядучыя абмяркоўвалі пачатак блакіроўкі інтэрнэт-рэсурсаў і свабоды слова.
Марына Ментусава звярнула ўвагу на тое, што для карыстальнікаў Android заблакіравалі тэлеграм-канал ПВК «Вагнер»: «Магчыма, для некага свабода слова — гэта забіваць мірных украінскіх грамадзян. Але для некаторых з нас гэта харошая навіна, што блакіруюцца такія памыйніцы, якія прапагандуюць насілле і літаральна заклікаюць людзей ісці на вайну на расійскім баку».
Каверын адрэагаваў нечакана:
«Тады трэба і «Жыццё-маліна» заблакіраваць у тэлеграме. Там ёсць інтэрв'ю, дзе чувак гаворыць: «Беларусы, не сядзіце, а бярыце зброю і ідзіце ваяваць, забіваць, бо іншага шляху ў вас няма». Трэба блакіраваць? … Па логіцы як бы так».
Ментусава нагадала сваю ранейшую думку пра тое, што неабходна блакіраваць заклікі да забойстваў:
«Трэба блакіраваць не «Жыццё-маліну», а канкрэтна гэты выпуск. Таму што ПВК «Вагнер» — гэта ўвесь канал [з заклікамі да забойства]».
«Ну няпраўда. Не ўсюды там заклікі да забойстваў. Вось расказалі: сабраць гуманітарную дапамогу недзе мірнаму насельніцтву. Дзесьці яшчэ нешта. Ці вось — мы сфатаграфаваліся на нейкіх алмазных капальнях. Свабода слова — яна для ўсіх. Яна ёсць, ці яе няма»,
— працягнуў адстойваць сваю думку Каверын.
«Ты блытаеш свабоду слова і хэйт-спіч. У іх ёсць адрозненні, нават лінгвістычныя», — звярнула ўвагу Ментусава.
«Ты можаш гаварыць усё што заўгодна. (…) Ёсць пятая папраўка, а далей будзе вырашаць суд. А ўзяць і заблакіраваць, таму што гэта дрэнна — так нельга. (…)
«ПВК «Вагнер» — гэта дрэнна, а «Жыццё-маліна» — гэта добра. Забіваць — гэта дрэнна, але калі ты забіваеш свайго ворага — гэта добра».
Абажаю ва ўвесь рост гэтае лявацкае дзярмо! Вось гэта дрэнна, таму трэба заблакіраваць. А вось гэта добра. Жыццё нашмат складанейшае», — працягнуў Каверын.
Ментусава заўважыла, што калі ідуць ваенныя дзеянні, то яны немінуча вядуць да гібелі людзей. А Украіна, маўляў, мае права абараняць сваю тэрыторыю.
«Расія таксама абараняе сваю тэрыторыю гістарычную. Яе акупавалі па нейкіх там дамовах», — парыраваў Каверын.
«Нясіце таблеткі», — адрэдагавала на гэта Ментусава.
«Чаму адразу таблеткі? Я табе прадстаўляю пункт гледжання гэтых нелюдзей (гэта маё слова — «нелюдзі»): «Расія абараняе свае інтарэсы», «Там прыгнятаюць украінскіх людзей». У цябе ёсць доказы, што там не прыгняталі рускамоўных украінцаў? Няма. [Значыць], «іх прыгняталі», «Расія абараняе сваю тэрыторыю» і «паміраюць яе сыны за справядлівую справу». Хто з нас мае рацыю?», — працягваў троліць калегу Каверын.
— Косця, яна парушыла закон. Няма такога, што ёсць нейкая «гістарычная перспектыва межаў». Яна ўварвалася ў незалежную дзяржаву. Гэта парушэнне.
— Які закон? Яна «аднавіла гістарычную справядлівасць».
— Няма такога закону аб гістарычнай справядлівасці.
— Вы ўсе разумныя рабяты. Я яшчэ раз гавару — «гэтых можна забіваць, а гэтых нельга». Супер! Топчык!
У агульным кантэксце размовы зразумела, што ў нейкі момант Каверын у якасці аргументаў пачаў пераказваць пазіцыю расіян. Але калі чуць толькі нарэзку, якая гуляе па сацсетках, то складваецца ўражанне, што ён нібыта адстойвае сваю прарасійскую пазіцыю.
«У мяне пептуган-та расці расце, але я не ведаю, хто я»
Магчыма, на дзіўны дыялог не звярнулі б такой увагі, калі б у той самай праграме Каверын не загаварыў на павышаных танах і па іншай спрэчнай тэме.
Адзін з гледачоў напісаў каментар: «Хтосьці можа быць мужчынам ці жанчынай нават калі гэта адрозніваецца ад полу, які быў у яго пры нараджэнні». І вядучаму захацелася выказацца пра выбар гендару, выкарыстаўшы незвычайнае слова «пептуган» у значэнні мужчынскага палавога органа.
«У мяне пептуган-та расці расце, але я не ведаю, хто я. Гэта як едзе аўтобус, а я не ведаю, аўтобус гэта едзе ці тралейбус», — заявіў ён.
Марына Ментусава заўважыла, што сістэма чалавечага арганізму трохі складанейшая за сістэму грамадскага транспарту. Але Каверын катэгарычна не пагадзіўся:
«Гэта значыць, пептуган — не заўсёды пептуган? Часам гэта проста банан. Гэта я да таго, што ты можаш лічыць сябе кім заўгодна. Я за свабодны выбар. Але калі ў цябе расце пептуган, то ты мужчына. Гэта без варыянтаў».
На пытанне Ментусавай, ці можа чалавек памяняць пол, калі адчувае ў гэтым патрэбу, Каверын адказаў станоўча. Але ўдакладніў сваю пазіцыю:
«Я да пытання самавызначэння. Калі я гавару «мужчына», [а ў адказ чую]: «не трэба мяне называць мужчынам, бо я сябе адчуваю як жанчына». Не, сябар, я буду называць цябе мужчынам, таму што ты, с*ка, мужчына».
Заява Каверына выклікала абурэнне стваральнікаў сайта Gpress.info. Яны апыталі журналістку Кацярыну Пытлеву, даследчыцу Ірыну Сідорскую і актывіста Алега Ражкова. Яны заклікалі вядучых «Обычного утра» патлумачыць сваю пазіцыю.
На чарговы выпуск праграмы ў эфір паклікалі квір-актывістку Пашу Джажору, якая паспрабавала патлумачыць Каверыну пазіцыю супольнасці. Але атрымалася так сабе — вядучы троліў госцю і ўдакладняў, ці можа ён лічыць сваёй гендарнай ідэнтыфікацыяй «зэдлік».
«Наша Ніва» папрасіла Канстанціна Каверына пракаментаваць абедзве сітуацыі, але ён не захацеў гэтага рабіць.
Каментары