«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар
«Я хачу расказаць гісторыю, якая адбылася сёння на службе. Мне за яе сорамна і балюча. Можа вы што-небудзь параіце. Ці проста пачытайце», — напісаў учора ў фэйсбуку Аляксандр Кухта, адзін са святароў беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні, які належыць да Канстанцінопальскага патрыярхату.
Сёння ўвечары мы служылі літургію. Мы так робім часам, таму што людзям зручна пасля працы. І вось у момант, калі трэба было прычашчаць людзей, я паварочваюся і бачу новы твар у храме.
Чалавек няпэўнага ўзросту, апрануты лёгка. Трохі брудны. Пахне. Магчыма, выпіў. Я ледзь напружыўся, таму што часам такія чудзяць. Але гэты проста стаяў. Глядзеў на мяне і ўсміхаўся.
Я ўзяў чашу, набраў паветра, каб заклікаць «Са страхам Божым і вераю прыступіце», калі мужчына гучна спытаў:
— А можна я тут у вас крыху пастаю?
— Вядома, можна! — адказваю я і зноў набіраю паветра, каб заклікаць «Са страхам Божым…».
— Мужчына, тут ляжалі грошы! — чуецца голас з храма. — Вы іх скралі! Неадкладна вярніце!
— Я нічога не краў! Як вы маглі падумаць?
— Не, скралі. Я сама бачыла, тут былі грошы!
— Вось, праверце кішэні!
Мужчына здымае пінжак і суне ўладальніцы голасу. Тая няёмка абмацвае тканіну.
Я ў ступары гляджу на гэтую карціну, і ў мяне ў галаве праносіцца мільярд думак, але ўсе пра адно: як рэагаваць? У мяне ў руках чаша (святары зразумеюць), з якой нікуды асабліва не тузанешся. Служба на самым піку, перарываць нельга! А на другім канцы храма пачынаецца сварка і нагода сур'ёзная: чалавека абвінавачваюць у крадзяжы.
«Аддайце пінжак чалавеку і адстаньце ад яго!» — уладна кажу я. Я прыняў рашэнне, як дзейнічаць. Трэба пакінуць усё як ёсць. Таму што цяпер не час. Потым будзем разбірацца.
Жанчына вяртае пінжак, але кажа: «Вось тут ляжалі грошы. Я іх бачыла. А ён скраў!» І ўпэўнена так кажа. Цвёрда. Так што я пачынаю сумнявацца ад гэтай цвёрдасці.
Таму што калі там ляжалі грошы, то гэта грошы вернікаў, якія яны ахвяравалі на храм, каб мы аплацілі арэнду і камуналку. Няправільна будзе, калі я дазволю вось так іх забраць. Людзі ж гэтыя грошы зараблялі. А я аддаю іх першаму-лепшаму. Хіба я маю права распараджацца чужымі грашыма?
Разварочваюся да прастола, каб паставіць чашу. У галаве бардак. Паварочваюся назад.
— Я вернік! — заяўляе мужчына. — Я не мог і падумаць, каб узяць грошы ў святым месцы!
— Не, тут былі грошы. Я бачыла! А цяпер іх няма. Вы іх узялі!
Я кажу:
— А можна мы ўсе гэтыя разборкі адкладзем на потым? Цяпер служба! Зараз жа супакойцеся і давайце працягваць!
Кажу нібыта ўладна, але ўнутры сумняюся. Скраў, не скраў? А калі скраў, што рабіць? А калі не? Як суцішыць прыхаджанку? Як не падставіцца перад астатнімі, што я разбазарваю іх маёмасць? Як не пакрыўдзіць чалавека, таму што… а што калі не краў?
Унутры мяне паніка. Я губляю кантроль над сітуацыяй.
«Добра, пайду я адсюль», — кажа мужчына і махае мне рукой. Адыходзіць. Мяне трохі адпускае, таму што вось проста цяпер вырашаць нічога не трэба. Можна працягнуць службу.
***
Праз 10 хвілін, калі скончылася служба, мы высветлілі, што мужчына не вінаваты. Грошы ад граху падалей забрала іншая прыхаджанка, а ў момант сваркі яна не сцяміла ўмяшацца (усё адбылося вельмі хутка на самай справе). А яшчэ 2 тыдні таму ў нас свіснулі скарбонку з храма (але гэта іншая гісторыя), так што ўсе былі трохі на ўзводзе.
Жанчына, якая падняла шум, вельмі расперажывалася. Таму што яна не нейкая злосная храмавая бабка, а проста яна ведае, як цяжка нам утрымліваць храм. І кладзе шмат сваіх сіл, каб мы існавалі. Таму давялося яе супакойваць.
Атрымалася не вельмі (ну а што тут скажаш), але калі яна чытае гэты тэкст, то вось мой меседж: «Усё нармальна. Вы абаранялі сваю царкву. Трохі захапіліся. Але гэта не таму, што вы нейкая паганая, а таму што вам баліць душа за нашу грамаду. Усе гэта разумеюць, і ніхто вас не вінаваціць».
Насамрэч у мяне іншае пытанне. Да сябе. Чаму я рэагаваў як доўбень? Чаму я стаяў і тупіў, бо трэба было паставіць чашу, падысці да іх і сказаць, што мы ні ў чым не вінавацім мужчыну?
Таму што, я нагадаю, усё пачалося з таго, што ён хацеў пабыць у храме (пра што паведаміў з самага пачатку). І я павінен быў абараняць яго права быць сярод нас. Прынамсі да таго моманту, пакуль мы б дакладна не былі ўпэўненыя, што ён узяў грошы (а ён іх не ўзяў).
Але я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна. Таму што чалавек пайшоў і наўрад ці вернецца. На яго месцы я б не вярнуўся.
Калі ўсе разышліся, я пералічыў суму, праз якую ўсё здарылася. 10 еўра. Я паклаў іх у кішэню і пайшоў намотваць кругі вакол храма, молячыся, каб Госпад паслаў мне сустрэчу з гэтым чалавекам. Я хацеў папрасіць прабачэння і аддаць яму грошы. Таму што мне падалося, што так будзе сумленна.
Але я нікога не сустрэў. Зараз сяджу дома і пішу гэты тэкст, згараючы ад сораму і крыўды на сваю тупасць.
Калі ёсць хто з Вільні, і калі вы (ну, а раптам) даведаецеся, пра якога мужчыну ідзе гаворка, перадайце яму мае прабачэнні. І я хацеў бы яго ўбачыць, каб аддаць грошы.
Ён не хацеў іх браць, але яны ягоныя. Таму што праз гэтыя грошы яго падазравалі ў крадзяжы.
Беларускі святар адказаў на пытанне, ці можна пахрысціць ката
У Літве зацвердзілі незалежную ад Масквы праваслаўную царкву. Сярод святароў — двое беларусаў
Святар Кухта ў «Жыцці-маліне» расказаў пра асаблівасці мітрапаліта Веніяміна, кантраст двух патрыярхаў і сваю працу ў ІТ
Пратэстанцкі тэолаг раскрытыкаваў праваслаўнага святара за гутарку ў «Жыцці — маліне»
Каментары
Няхай няёмкая сытуацыя знойдзе найхутчэйшае разьвязаньне.
Памагай Бог!