Зяленскі абвергнуў, што падчас еўрапейскага турнэ ён абмяркоўваў пытанне перамір'я з Расіяй
За апошнія 48 гадзін Зяленскі наведаў Лондан, Парыж, Рым і Берлін, імкнучыся заручыцца вайсковай і фінансавай падтрымкай.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чацвер абвергнуў паведамленні пра тое, што ён абмяркоўвае з еўрапейскімі саюзнікамі ўмовы перамір'я з Расіяй, і заклікаў Захад узмацніць падтрымку Кіева напярэдадні складанай зімы, піша «Голас Амерыкі».
За апошнія 48 гадзін Зяленскі наведаў Лондан, Парыж, Рым і Берлін, імкнучыся заручыцца вайсковай і фінансавай падтрымкай Украіны на фоне трывог адносна магчымай перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ў наступным месяцы.
Украінскі лідар накіраваўся ў Рым на рабочую вячэру з Джорджа Мелоні, пасля якой прэм’ер-міністр Італіі абвясціла, што ў італьянскай сталіцы пройдзе наступная канферэнцыя па дапамозе ў аднаўленні Украіны. Канферэнцыя адбудзецца 10-11 ліпеня 2025 года.
«Украіна не адна, і мы будзем падтрымліваць яе столькі, колькі спатрэбіцца», — заявіла Мелоні журналістам пасля вячэры.
Да гэтага Зяленскі правёў перамовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам у Парыжы, пасля якіх украінскі лідар абверг паведамленні СМІ пра тое, што ён абмяркоўвае з заходнімі саюзнікамі ўмовы перамір'я з Расіяй.
«Гэта не было тэмай нашых перамоваў, — сказаў ён журналістам у сталіцы Францыі. — Гэта не так. Расія актыўна працуе, укідваючы дэзінфармацыю ў СМІ, таму такія паведамленні цалкам зразумелыя».
Зяленскі адхіляе любыя мірныя планы, якія ўключаюць саступку тэрыторый Расіі, настойваючы, што Масква павінна спачатку вывесці ўсе свае войскі з тэрыторыі Украіны.
Зяленскі таксама паведаміў, што ён і Макрон абмеркавалі «план перамогі» Кіева ў вайне з Расіяй.
«Да зімы нам патрэбная ваша падтрымка», — дадаў ён, прызнаўшы «складаную сітуацыю на ўсходзе» і «вялікі дэфіцыт» некаторых відаў узбраенняў.
Не ўдаючыся ў падрабязнасці, Макрон сказаў, што Зяленскі выклаў «план дзеянняў Украіны на найбліжэйшыя тыдні», і яны абмеркавалі стратэгію на будучыя «тыдні і месяцы».
Макрон падкрэсліў, што ён пацвердзіў падтрымку Францыі «ўкраінскаму супраціву супраць расійскага ўварвання».
Пазней Зяленскі напісаў у сваім тэлеграм-канале, што яны абмеркавалі магчымасць сумеснай вытворчасці зброі Францыяй і Украінай.
Украіна рыхтуецца да найбольш складанай зімы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года, паколькі Расія наносіць удары па энергетычнай сістэме краіны і прасоўваецца на ўсходнім фронце.
Зяленскі прыбыў у Парыж з Лондана, дзе правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам і кіраўніком НАТА Маркам Рутэ.
Пасля сустрэчы на Даўнінг-стрыт Зяленскі заявіў, што ён выклаў «падрабязнасці нашага плана перамогі», дадаўшы, што план «накіраваны на стварэнне ўмоў для справядлівага завяршэння вайны».
Стармер сказаў, што сустрэча была магчымасцю «прайсціся па плане і абмеркаваць яго больш падрабязна».
Зяленскі заявіў, што Украіне тэрмінова патрэбна дадатковая дапамога, каб супрацьстаяць расійскаму захопу дзясяткаў малых гарадоў і вёсак на ўсходзе.
Ён таксама дамагаецца дазволу на выкарыстанне дальнабойнай зброі, прадастаўленай саюзнікамі, для нанясення ўдараў па ваенных мэтах у глыбіні Расіі.
Вашынгтон і Лондан марудзяць з ухваленнем з-за асцярог, што гэта можа ўцягнуць саюзнікаў па НАТА ў прамы канфлікт з Расіяй.
Зяленскі заявіў, што ўзняў гэтае пытанне на сустрэчы на Даўнінг-стрыт.
Рутэ заявіў журналістам: «Юрыдычна Украіна мае права выкарыстоўваць сваю зброю для паражэння мэтаў у Расіі, калі гэтыя мэты ўяўляюць пагрозу для Украіны. Аднак рашэнне аб пастаўках кожны саюзнік прымае індывідуальна».
Рутэ і Вялікабрытанія перасцераглі Зяленскага ад празмернага акцэнтавання на дальнабойных ракетах.
Прадстаўнік Стармера сказаў, што перамовы тычыліся «ўсяго спектру падтрымкі» Украіны.
Запланаваная на суботу сустрэча саюзнікаў Украіны ў Германіі была адкладзена пасля таго, як прэзідэнт Джо Байдэн адмяніў свой візіт у сувязі з пагрозай урагану «Мілтан».
У чацвер Крэмль заявіў, што яго ракеты паразілі дзве пускавыя ўстаноўкі амерыканскай сістэмы СПА Patriot, якую Украіна выкарыстоўвае супраць расійскіх ракет.
Каментары