Затрыманых у Беларусі мільярдэраў з «Уралкалія» выпусцілі на свабоду
У пачатку кастрычніка пабывалі за кратамі Яўген Шавель і Дзмітрый Лобяк — былыя партнёры па «Уралкаліі», а таксама блізкія сябры Дзмітрыя Мазепіна. Яны выйшлі на свабоду, імаверна, пасля 10 дзён затрымання.
Затрыманні ў кампаніі Яўгена Шавеля і Дзмітрыя Лобяка «Юрас-Ойл» адбыліся 5—6 кастрычніка. Разам з уласнікамі былі затрыманыя і менеджары кампаніі. Паводле папярэдняй інфармацыі, прэтэнзіі да іх мелі падатковую прыроду. Ці было ў выніку выстаўленае абвінавачванне, невядома. Ніякай афіцыйнай інфармацыі не публікавалася.
«Юрас-Ойл» — гэта беларуская кампанія, дылер прамысловай хіміі і ўгнаенняў, у якой Лобяк і Шавель — суакцыянеры.
Шавель і Лобяк — беларусы каранямі, якія зарабілі свае асноўныя грошы ў Расіі. Як можна меркаваць, і жылі яны збольшага тамсама.
Яны былі найбліжэйшымі бізнэс-партнёрамі былога ўладальніка «Уралкалія» Дзмітрыя Мазепіна. Усе трое разам вучыліся ў 5-й роце Мінскай сувораўскай вучэльні 29-га выпуску.
Чым цяпер валодаюць гэтыя бізнэсоўцы, мы не ведаем праз агульны трэнд на зашыфроўванне актываў у Расіі.
На сёння «Уралкаліем» на 100% валодае кампанія «Уралхім». Да сакавіка 2022 года «Уралхімам» на 100% валодаў Дзмітрый Мазепін. Цяпер структура ўласнасці кампаніі не раскрываецца.
Раней Дзмітрый Лобяк валодаў 20% «Уралкалія» і быў дарадцам генеральнага дырэктара. Пасля гэтая доля перайшла Мазепіну. Шавель быў топ-менеджарам у той самай кампаніі, імаверна, і з доляй у бізнэсе.
Акрамя таго, Шавель і Лобяк валодалі па 17% акцый Верхнякамскага электрамеханічнага завода. Шавель і на сёння саўладальнік «Казфасфата» — аднаго з найбуйнейшых вытворцаў фосфарных угнаенняў у свеце.
Беларуская кампанія партнёраў займалася дылерствам хімічных прадуктаў, і гэта, як можна меркаваць, далёка не асноўны і не галоўны для іх бізнэс.
Затрыманні па падатковым артыкуле ў Беларусі нярэдка выкарыстоўваюцца, каб «падстрыгчы» паспяховых бізнэсменаў. Звычайна людзі такога калібру выплачваюць выкуп за сваю свабоду, які патрабуецца, а справы часцей за ўсё не даходзяць да суда.
Падатковае заканадаўства часта двухсэнсоўнае, і таму лёгка выкарыстоўваецца для выстаўлення прэтэнзій.
Выкупляць сябе ў беларускіх сілавікоў толькі за апошнія гады прыйшлося многім: крыніцы «НН» паведамлялі, што Генадзь Кірэйкаў, уласнік «Green», выйшаў на свабоду за 5 мільёнаў даляраў, за 10 мільёнаў — уласнік «Сігмаплюс» Віталь Сініцкі, за столькі ж экс-кіраўнік Прыёрбанка Сяргей Касцючэнка і гэтак далей.
Варта нагадаць, што Раман Пратасевіч у інтэрв'ю АНТ пасля свайго прызямлення сцвярджаў, што тэлеграм-канал «Нехта» спансіраваў нейкі расійскі мільярдэр, звязаны з Уралам і здабычай карысных выкапняў. Пад гэтае апісанне падпадае Дзмітрый Мазепін. Тады гэта, аднак, падалося зрэжысаванай заявай з нейкімі невідавочнымі мэтамі. Сам Мазепін пасля заявіў, што ён і яго кампаніі ніколі не фінансавалі тэлеграм-канал «Нехта».
Шавель і Лобяк, па нашай інфармацыі, маюць і беларускія, і расійскія пашпарты адначасова.
Калі вы ведаеце пра гэтую справу больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected]. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.
-
Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
-
Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною
-
Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі
Каментары