Эканоміка1212

Беларускія банкі ўдала спекулююць на дыспарытэце ставак з Расіяй. Расіяне нам двойчы прыплачваюць

Беларускі банкаўскі сектар паказвае рэкордныя прыбыткі па выніках 2024 года. Адначасова адштурхнуліся ад нуля стаўкі па валютных дэпазітах. Бізнэс зайздросціць поспехам банкіраў, але хвалюецца аб росце ставак па крэдытах і абрысах крызісу ліквіднасці. 

Беларускія банкі далі справаздачу аб рэкордных поспехах па выніках мінулага года. У справаздачнасці па стане 1 снежня 2024 банкаўская сфера атрымала прыбытак памерам 3,42 мільярда рублёў. Рэсурс banki24.by прагназуе вынік 3,7 мільярда рублёў па выніках году, што на 800 мільёнаў больш за вынікі 2023 года. 

Рост прыбыткаў, безумоўна, залежыць ад сукупнасці розных фактараў. Але суразмоўцы «Нашай Нівы» з банкаўскіх колах звяртаюць увагу на адну з невідавочных прычын фінансавай паспяховасці. Беларускія камерсанты адначасова падкрэсліваюць свае асцярогі адносна ўплыву гэтага сакрэту на рост ставак па крэдытах, якія апераджаюць натуральны рост і ўплываюць на фінансавыя мадэлі.

Сутнасць у тым, кажуць банкіры, што беларускія банкі ў 2024-м захапіліся крэдытаваннем нерэзідэнтаў пад гарантыі расійскіх банкаў.

Прычынай стаў дыспарытэт ставак у Беларусі і Расіі. У Расіі расла ключавая стаўка, адбылося некалькі пад'ёмаў з 16% да 21%. У Беларусі стаўка рэфінансавання — 9,5%. У нас грошы таннейшыя, а ў Расіі іх цана ўзляцела. 

Стаўкі па крэдытах для бізнэсу ў Расіі даходзяць да 30% гадавых. У Беларусі грошы можна ўзяць пад 19%. 

Што сталі рабіць у такой сітуацыі расіяне? Расійская кампанія адкрывала рахунак у беларускім банку, а ў расійскім банку запытвала банкаўскую гарантыю для атрымання крэдыту ў Беларусі. Звычайны тарыф на такую паслугу — гэта 2%. Але і з ім выніковая стаўка выходзіць меншай, чым у Расіі.

Пад гэтую гарантыю беларускія банкі пагаджаюцца выдаваць крэдыт нерэзідэнту на беларускі рахунак, з якога расіяне аплачваюць свае кантракты — альбо імпартныя, калі гэта заходняя валюта, альбо расійскія, калі гэта расійскі рубель.

«Складваецца парадаксальная сітуацыя. Беларуская эканоміка — па сутнасці, паразіт пры расійскай — пачынае крэдытаваць свайго крэдытора. Лукашэнка выпрошвае грошы ў Пуціна, а калі яны трапляюць у банкаўскую сістэму Беларусі, то вяртаюцца ў Расію, каб там абярнуцца і вярнуцца ў Беларусь з банкаўскай маржой. Умоўны пуцінскі мільярд, такім чынам па рынкавых тарыфах прырасце за год на 20%», — разважае адзін з нашых суразмоўцаў. 

У прыгожай фінансавай спекуляцыі ёсць мінусы, непазбежныя пры вялікай сінхранізацыі двух сістэм: стаўкі па крэдытах, нават пры застылай стаўцы рэфінансавання ў Беларусі, паказваюць тэндэнцыю да росту.

«У Беларусі крэдытныя стаўкі і для беларускіх кампаній, і для фізічных асоб будуць расці тэмпамі, вышэйшымі за натуральныя. І нават антынатуральнымі — што цяпер і адбываецца. Грошы становяцца даражэйшымі, іх частка ў сабекошце беларускіх тавараў расце, расце сам сабекошт і, адпаведна, цэны на прадукцыю. Беларускай эканоміцы стануць уласцівы хваробы расійскай, якімі мы да таго не заражаліся. Разам з гэтым, праўда, выйграюць укладчыкі валютных дэпазітаў, па якіх таксама растуць стаўкі — раздаўшы грошы і адчуваючы далейшы попыт, банкі спрабуюць знайсці іх на рынку. Але кожны працэнт ненатуральнага росту стаўкі па валютным крэдыце ўнутры Беларусі — гэта працэнт з'едзенай рэнтабельнасці, які, калі ён важны для працаздольнасці фінансавай мадэлі, мы перакладзем на спажыўца», — дадаў мінскі бізнесмен, які актыўна карыстаецца валютнымі крэдытамі. 

Аб'ёмы крэдытаў, выдадзеных беларускімі банкамі нерэзідэнтам, складана ацаніць без доступу да справаздачнасці Нацбанка. 

Каментары12

  • Пётр Пятровіч
    03.01.2025
    У Новы год - са старай песняй. Вы ўвогуле разумееце, што такое стаўка рэфінансавання ў Беларусі? Ніхто пад яе не крэдытуе, алё! Гэта выкарыстоўваецца выключна для субсідаваных крэдытаў "сваім" прадпрыемствам.
    І дзе можна атрымаць гарантыю ў 2% пад крэдыт нават хай і ў 10%? Такое эканамічна немагчыма, каб банк за кап'ё браў на сябе рызыкі суцэльнай нясплаты, а нейкі беларускі банчок халяўна рубіў баблосік. Ну вывучыце вы ўжо матчастку нарэшце!
  • %% rost
    03.01.2025
    Bylo 0.01%, a stala 1.5% - maximum 2%. Tak shto rost % pa depazitach yosc.
  • Нам
    03.01.2025
    ...
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Сілавікі затрымалі лідара гурта «Палац» Алега Хаменку4

Сілавікі затрымалі лідара гурта «Палац» Алега Хаменку

Усе навіны →
Усе навіны

РФ захапіла другое з чатырох радовішчаў літыю ва Украіне1

У Беларусі выявілі айчынную прыправу з кішачнай палачкай і цвіллю1

«Становішча адчайнае». У «Газпраме» не ведаюць, куды падзець 60 мільярдаў кубаметраў нераспрададзенага газу9

У Беларусі знойдзены самы арыгінальны спосаб адпужвання кратоў11

Стала вядома пра зняволенне брэсцкага гісторыка Алега Зелянко2

Украінскі пілот разбіўся на F-16 падчас начной атакі1

Расійскі акцёр, які здымаўся ў серыялах «Вуліцы разбітых ліхтароў» і «Забойная сіла», загінуў на вайне з Украінай10

Студэнт БДУ спрасціў навігацыю мінскага трамвая, новая схема ўжо тэстуецца ў сталіцы. Як вам?11

У Будапешце, нягледзячы на забарону, з рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў прайшоў ЛГБТ-прайд17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі затрымалі лідара гурта «Палац» Алега Хаменку4

Сілавікі затрымалі лідара гурта «Палац» Алега Хаменку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць