«Бабуля таксама гнала». Беларус пераехаў у Польшчу і працягнуў займацца самагонаварэннем, хоць гэта забаронена
Беларус Павел пачаў займацца самагонаварэннем яшчэ на радзіме. У 2021 годзе ён пераехаў у Польшчу, але ад свайго захаплення не адмовіўся.

Цяпер ён робіць моцны алкаголь і нават прадае яго, у тым ліку землякам. Пра тое, што ў Польшчы яго занятак караецца, мужчына ведае, але адмаўляцца ад сямейнай традыцыі не хоча. Пра сваё захапленне ён расказаў Most.
У адрозненне ад хатняй вытворчасці піва і іншых слабаалкагольных напояў, выраб самагону ў Польшчы без неабходнай рэгістрацыі забаронены. Гэта датычыцца і алкаголю для ўласнага спажывання. За незаконную вытворчасць этылавага спірту польскае заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасць. У залежнасці ад абставін парушальніку можа пагражаць штраф, абмежаванне волі або пазбаўленне волі. Продаж алкаголю таксама рэгулюецца асобнымі нормамі заканадаўства.
Самагонаварэннем Павел (імя зменена) захапіўся ў 2019 годзе, калі яшчэ жыў у Беларусі. Рабіў усё на лецішчы. Першай сыравінай стала пратэрмінаванае піва. Для мужчыны вытворчасць хатняга алкаголю не была зусім незнаёмым заняткам. Самагон гналі ў яго сям'і здаўна. У прыватнасці, гэтым займалася бабуля. А вось бацька сямейную традыцыю не працягнуў.
«Бабуля таксама гнала, але пах мне не падабаўся. Піць таксама не мог. Бацька не захацеў варыць, а мне стала цікава», — расказвае Павел.
Першыя эксперыменты паступова перараслі ў захапленне. Беларус стаў спрабаваць розныя варыянты прыгатавання алкаголю і ўдасканальваць вынік. Спачатку ён не збіраўся нічога прадаваць. Зроблены самагон сам ужываў, потым частаваў сяброў і знаёмых. Але з часам з'явіліся людзі, якія самі захацелі купляць хатні алкаголь Паўла.
«Спачатку гаворка ішла пра невялікія аб'ёмы. Знаёмыя бралі адзін-два літры, пазней з'явіліся замовы і на больш літраў. Я сам працаваў на будоўлі, і ў асноўным бралі калегі», — узгадвае Павел.
Пачаў расказваць пра самагон у TikTok
Сваім захапленнем мужчына дзяліўся і ў сацыяльных сетках: ананімна публікаваў відэа ў TikTok. У нейкі момант ён нават задумаўся пра перавод хобі ў легальны бізнэс і адкрыццё спецыялізаванай крамы ў Гродне. Тады знаёмая прапанавала праверыць напой у мінскай лабараторыі — як ён даведаўся, ацэнка была станоўчай.
Але планы адкрыць уласную краму не рэалізаваліся: у 2021 годзе Павел апынуўся ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы.
Купіў апарат праз OLX
У новай краіне давялося нанова ўладкоўваць і побыт. Але ад свайго захаплення мужчына адмаўляцца не збіраўся. Ужо ў Польшчы ён знайшоў і купіў на пляцоўцы OLX самагонны апарат.
Цяпер беларус робіць алкаголь на арэндаванай кватэры ў Варшаве. Кажа, характэрнага паху яму ўдаецца пазбягаць дзякуючы ачыстцы.
«Яшчэ ніхто не скардзіўся на пах. Адзін сусед і зусім заходзіць выпіць», — расказвае Павел.
Паўлітра самагону прадае за 35 злотых
Паступова ў мужчыны з'явіліся пакупнікі і ў Польшчы. Паводле яго слоў, часцей за ўсё хатнім алкаголем цікавяцца іншыя беларусы і ўкраінцы. Сярод кліентаў ёсць людзі, якія працуюць на будоўлях і на іншых фізічных працах. Паўлітра самагону моцнасцю 50 градусаў мужчына прадае за 35 злотых (каля 8 еўра).
Пра тое, што саматужнае самагонаварэнне ў Польшчы забаронена, Павел ведае, але кажа, што легалізаваць такую вытворчасць няпроста — гэта могуць сабе дазволіць буйныя кампаніі. На польскім рынку сапраўды прадстаўлены моцныя напоі ў стылі традыцыйнага самагону. Але Павел не разглядае свой занятак як спосаб зарабіць — кажа, у першую чаргу робіць гэта для сябе.
Каментары