Рыжанкоў заявіў, што Беларусь дабіваецца ад ЗША зняцця санкцый у абмен на палітвязняў
Беларусь дамагаецца адмены амерыканскіх санкцый па меры вырашэння пытанняў, якія маюць значэнне для Вашынгтона, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю індыйскаму тэлеканалу CNN-News18.

«Па меры вырашэння пэўных пытанняў, якія маюць значэнне для амерыканскага боку, скажам так, па лініі праваахоўных органаў, мы дамагаемся зняцця шэрагу санкцый з боку ЗША ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь», — сказаў Рыжанкоў, відавочна намякаючы на праблему палітвязняў, якіх рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае ў турмах.
Рыжанкоў заявіў, што беларускія ўлады кіруюцца ў дачыненнях з Вашынгтонам «здаровым прагматызмам» і зацікаўленыя ў развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што зняцце абмежаванняў станоўча ўплывае на знешні гандаль Беларусі.
Пры гэтым кіраўнік МЗС падкрэсліў, што адносіны Беларусі з Расіяй не могуць быць прадметам гандлю ў перамовах з заходнімі краінамі. Ён назваў супрацоўніцтва з Расіяй безумоўным прыярытэтам і адзначыў, што пра гэта неаднаразова заяўляў Аляксандр Лукашэнка.
Што да дачыненняў з Еўрасаюзам, то адмена еўрапейскіх санкцый, маўляў, ужо не з'яўляецца для Мінска настолькі вострым пытаннем, як раней. Бо Беларусь ужо пераарыентавала гандаль і знешнепалітычныя намаганні на іншыя рэгіёны і паспяхова дала гэтаму рады. Але пры гэтым улады Беларусі нібыта па-ранейшаму хацелі б нармалізацыі дачыненняў з ЕС і скасавання абмежаванняў.
Каментары