Гірын, Буры і нават Кныровіч адрэагавалі на артыкул пра самую модную пару беларускай апазіцыі
Яркія вобразы заснавальнікаў бізнэс-асацыяцыі ABBA не пакінулі абыякавымі шмат каго з беларусаў. Артыкул пра моднае адзенне Марыны Гірын і Яўгена Бурага сабраў больш за 100 каментароў на сайце «Нашай Нівы», абмеркаванне працягнулася ў сацсетках.

Спачатку на яго адгукнулася сама гераіня матэрыялу — Марына Гірын. Яна абурылася згадкай яе працы ў Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі:
«У артыкуле галоўнай лініяй ідзе адсылка да маёй першай працы. Я звольнілася з яе, калі мне было гадоў 27. Пасля гэтага ў маім жыцці было шмат розных этапаў: доўгі час праца ў нерухомасці, добрыя пазіцыі, інвестыцыі ў Беларусі, Польшчы і Іспаніі. А пасля пераезду ў Польшчу ў 2020 было шмат сілаў, энергіі і ўласных грошаў укладзена ў праект АВВА Association of Belarusian Business Abroad».
На погляд жанчыны, згадка пра яе як былую чыноўніцу — «спроба справакаваць варожасць» у беларускім грамадстве, якое негатыўна ўспрымае дзяржслужачых.
Марына Гірын нагадвае, што яны з мужам зрабілі свой выбар асэнсавана яшчэ да падзей 2020 года і многае страцілі з-за сваёй пазіцыі, у тым ліку і фінансава, атрымалі крымінальныя справы і знаходзяцца ў вышуку.
«Таму мне вельмі хацелася, каб такія загалоўкі выкарыстоўваліся менавіта для тых чыноўнікаў, якія былі імі на момант падзей 2020 году і перакінуліся на другі бок пасля», — рэкамендуе Марына Гірын.
«Адчуванне кантэксту — вельмі важна» — Кныровіч
Бізнэсмен Аляксандр Кныровіч палічыў матэрыял пра самую модную пару беларускай апазіцыі «тролінгам не 80-га, а 180-га ўзроўню», а каментарый Марыны Гірын назваў напісаным у духу «ды я ўвогуле ў душы дызайнер! І грошы ў мяне сумленныя — я іх сама зарабіла, яшчэ ў Беларусі».
Кныровіч заўважае, што фотаздымкі Гірын і Бурага дэманструюць раскошу і ствараюць пытанні пра паходжанне іх даходаў. На яго погляд, афармленне публічнага вобразу мае значэнне, асабліва ў кантэксце беларускай апазіцыі і бізнэс-эміграцыі.
Кныровіч адзначае, што грамадская рэакцыя на публічную дэманстрацыю багацця залежыць ад кантэксту. І ў гэтым выпадку кантэкст выглядае вельмі няўдала для галоўных герояў артыкула:
«Калі б такія фота былі апублікаваныя да 2019 года дзе-небудзь у беларускіх «Фэшн Каллекш», «Дабермане» ці «Большом», магчыма да Яўгена ўзніклі б пытанні ў профільных спецслужбаў, але народ бы толькі парадаваўся (…)
Але тут размова ідзе менавіта пра СМІ, накіраваныя на дэмакратычна арыентаваных беларусаў, якія часткова пражываюць вымушаную эміграцыю і добра разумеюць кошт сваіх рашэнняў… і што ж бачаць яны на гэтых прыгожых фота?
Ну, менавіта тое, што і напісала «Наша Ніва» — сям'я былых чыноўнікаў, перайшоўшы на бок дэмакратыі, пакінула Радзіму і вельмі добра сябе адчуваюць. Настолькі добра, што дазваляюць сабе публічна дэманстраваць не менш за 200 000 даляраў, апранутых на сябе. (Ацэнка не мая — а профільнай эксперткі, якая даўно задаецца пытаннем — «а як гэта так атрымліваецца?»). І пытанне «адкуль грошы?» узнікае само сабой».
Аўтар прызнае прэзумпцыю невінаватасці, але лічыць лагічным, што пасля такой публікацыі ўзнікаюць пытанні. Асабліва з улікам таго, што афіцыйна ніякіх буйных паспяховых бізнес-праектаў у герояў артыкула не заўважана. Адсюль, на яго погляд, дзве магчымыя версіі: яны вывелі буйныя сумы з Беларусі да 2020 года ці гэта вынік «паспяховага» кіравання бізнэс-асацыяцыяй.
«Адчуванне КАНТЭКСТУ — вельмі важна, адчуванне стылю, не толькі ў дызайне адзення, а — цалкам, у жыцці», — даводзіць Кныровіч і акцэнтуе ўвагу, што героі артыкула ўдзельнічаюць у афіцыйных форумах ад імя «беларускага бізнэсу (апазіцыі) і нясуць гэтую культуру «публічнай дэманстрацыі» з сабою. Па іх, па іх паводзінах і вонкавым выглядзе знешнія партнёры робяць выснову аб беларускім бізнэсе за мяжой», — даводзіць Кныровіч.
На погляд бізнэсмена, паказное багацце не адпавядае беларускаму нацыянальнаму характару.
У канцы свайго допісу Кныровіч размясціў здымак пары Гірын-Буры і фота Стыва Джобса, заўважыўшы, што прадпрымальнік-візіянер аддаваў перавагу джынсам Лівайс і красоўкам НьюБэланс, гадзінніку Сейко. «Наўрад ці на ім было адзета больш за $1000».
«У нас самыя прыгожыя наркагандляры ў свеце!»— Бекіш
Пад пастом Кныровіча грамадскі дзеяч Яраслаў Бекіш пакінуў поўны сарказму і іроніі каментарый.
«Я б шчыра хацеў, каб усе беларускія чыноўнікі — дзейныя і былыя — так выглядалі, і так падарожнічалі. І не чыноўнікі толькі, а дактары, настаўнікі, сацработнікі — усе, хто працуе на карысць дзяржавы і народа нашай краіны», — піша Бекіш і заўважае, што Гірын з Бурым — «прыклад таго, як мог бы жыць кожны актыўны і адукаваны беларус, які ўмее і ў чыноўнікі, і ў падатковую, і ў гранты, і ў апазіцыю. Мог бы, але не ўмее. І справа не ў гусце».
Мужчына прызнае, што «на чыноўніцкую зарплату так не раскруцішся» і што «на грантах таксама ніхто так сумленна не жыў ніколі і не будзе». А той факт, што ні Гірын, ні Буры не называюць крыніцу сваіх даходаў, выклікае шмат інсінуацый:
«гэта магла быць спадчына, удалае ўкладанне ў крыпту, наркагандаль, онліфанс, латарэя. (…) П.С. Калі я выпадкова адгадаў і гэта сапраўды наркагандаль, то я як беларус вельмі і вельмі ганаруся — у нас самыя прыгожыя наркагандляры ў свеце!»
«Нельга лічыць чужыя грошы» — Лібер
«Мусіць, самае няправільнае, да чаго можна заклікаць — лічыць і асуджаць чужыя грошы», — заўважае ў сваім каментары пад пастом Крыновіча праграміст Павел Лібер. Ён падкрэслівае, што «імкнуцца мець шмат грошай сумленным спосабам — добра», а вось што дрэнна, дык гэта «распальваць нянавісць да тых, у каго яны ёсць».
На погляд Лібера, як артыкул, так і пост Кныровіча з этычнага пункту гледжання «выглядаюць вельмі дрэнна», бо не прыводзяць ніякіх доказаў, але маюць асуджэнне ў стылі «ну, зразумела, скралі, а як яшчэ».
На погляд праграміста, калі чалавек хоча працаваць у вадалазцы, як Стыў Джобс, — гэта яго выбар. Калі камусьці камфортна ў дарагім брэндавым адзенні — гэта таксама не праблема: «Асабістая свабода заўсёды пачынаецца з павагі да чужой свабоды».
«Мы робім усё магчымае, каб беларусы выглядалі годнымі, адукаванымі, прагрэсіўнымі і перспектыўнымі людзьмі» — Буры
Герой нашага артыкула Яўген Буры таксама адгукнуўся на артыкул і крытыку ў свой адрас вялікім пастом на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Аўтар прызнае, што працаваў у дзяржаўнай сістэме, і сцвярджае, што яго дзейнасць спрыяла развіццю бізнэсу, а гэта, у сваю чаргу, падрыхтавала глебу для пратэстаў 2020 года, якую ён называе «буржуазнай рэвалюцыяй».
Ён падкрэслівае, што пасля звальнення з дзяржслужбы працягнуў займацца бізнэсам і падтрымкай беларускіх прадпрымальнікаў за мяжой. Па яго словах, з усёй дапамогі беларусам з 2020 года яго арганізацыя атрымала ўсяго 0,2-0,3% сродкаў.
«Мы робім усё магчымае, каб беларусы выглядалі і былі для нашых партнёраў, у вачах еўрапейскага бізнэсу, годнымі, адукаванымі, прагрэсіўнымі і перспектыўнымі людзьмі. Тымі, з кім можна і трэба мець справу. З кім можна і трэба весці бізнэс», —
даводзіць Буры.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары