Культура55

Пры Мірскім замку ўзнаўляюць італьянскі сад XVIII стагоддзя. Комплекс чакае маштабная разбудова

Яшчэ нядаўна на гэтым месцы была пустка, але неўзабаве наведвальнікі замка змогуць прагуляцца па тых жа алеях, што і князі Радзівілы.

На тэрыторыі замкавага комплексу ў Міры пачалася рэалізацыя аднаго з самых амбітных праектаў апошніх гадоў — аднаўленне гістарычнага італьянскага саду, які існаваў пры замку ў XVIII стагоддзі.

Як паведаміў дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка, праект рэалізуецца на плошчы каля 6 гектараў і стане часткай маштабнага плана па вяртанні гістарычнага аблічча ўсёй тэрыторыі комплексу.

«10 гадоў навукоўцы з усёй краіны вялі знясільваючую працу па стварэнні праекта «італьянскага» саду. Было вывучана мноства дакументаў, праведзены аналіз ландшафту Мірскага замка, які мы маем сёння. Акрамя ўзнаўлення таго саду, які вядомы з гісторыі, будуць і некаторыя новаўвядзенні», — сказаў Лойка.

Гістарычны кантэкст

Сад быў закладзены напрыканцы XVI — напачатку XVII стагоддзя Мікалаем Крыштофам Радзівілам, вядомым пад мянушкай «Сіротка». Ён стаў часткай вялікага будаўнічага праекта па ператварэнні Мірскага замка ў магнацкую рэзідэнцыю.

Да нашага часу сад не захаваўся, але яго апісанні маюцца ў інвентарных дакументах сярэдзіны XVIII стагоддзя. У інвентары за 1746 год гаворыцца, што сад меў геаметрычную структуру з 25 квадратаў, у якіх раслі пладовыя дрэвы, гародніна і лекавыя расліны. Таксама былі аранжарэя, гаспадарчыя пабудовы, дом садоўніка і тры зялёныя алеі, адна з якіх была вішнёвай.

У 1830 годзе дарога на Стоўбцы адсекла сад ад замка, што прывяло да яго паступовага заняпаду.

Італьянскі сад пры Мірскім замку. Візуалізацыя. Фота: mirzamak.by

Што адновяць

Па словах прадстаўнікоў музея, у распрацоўцы праекта прымалі ўдзел супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі, Міністэрства культуры, а таксама беларускія архітэктары і гісторыкі. Акрамя вывучэння беларускіх крыніц, аналізаваліся еўрапейскія ўзоры — італьянскія, французскія і галандскія сады.

У выніку было прынята рашэнне аднавіць сад у выглядзе, найбліжэйшым да стану XVIII стагоддзя — перыяду, па якім захавалася найбольш дакументаў.

Работы па рэканструкцыі пачаліся ў красавіку 2024 года. Ужо завершаныя асноўныя падрыхтоўчыя этапы: пракладзены інжынерныя сеткі, умацавана берагавая лінія вадаёма, зроблена вертыкальная планіроўка тэрыторыі, усталяваныя апоры для жывых шпалер.

Генплан будучага італьянскага саду пры Мірскім замку. Фота: mirzamak.by

Арыгінальны «італьянскі» сад прадугледжвае пэўную планіроўку, якая абавязкова павінна быць вытрыманая. У прыватнасці, сад павінен размяшчацца прыступкамі, а яго паверхня будзе падзелена на нескладаныя геаметрычныя формы з дапамогай дыяганальных і прамых дарожак. Абавязкова павінны быць вадаём і фантан, акружаныя кветнікамі або выбрукаванай пляцоўкай. Форма кветнікаў і самога вадаёма — круглая, авальная або квадратная.

Уся тэрыторыя будучага саду Мірскага замка будзе вылучацца з навакольнага ландшафту ліпавай шпалерай і агароджай з глогу, якая будзе дубляваць яе. Унутраную кампазіцыю сфарміруюць з пладовых дрэў і кустоўя, таксама будуць выкарыстаны зялёныя насаджэнні, што ўзрастаюць па вышыні.

Італьянскі сад пры Мірскім замку. Візуалізацыя. Фота: mirzamak.by

Акрамя гэтага, у садзе размесцяць аранжарэю з экзатычнымі раслінамі і ўстановяць скульптуры сучасных аўтараў. На ўсходнім баку тэрыторыі з’явіцца альтанка з відам на сад.

Калі праект быў вынесены на грамадскае абмеркаванне, то адной з тэм, якая выклікала найбольшую занепакоенасць, стала высечка 134 дрэваў, якія раслі на гэтай тэрыторыі.

«Мы растлумачылі насельніцтву, што ў выніку на тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір мы высадзім 1340 дрэваў. То-бок, кампенсуем страту ў дзесяцікратным памеры», — адзначыў Лойка.

Калі можна будзе пабачыць вынікі

Будаўнічыя работы на месцы будучага італьянскага саду пры Мірскім замку. Фота: grodnonews.by
Будаўнічыя работы на месцы будучага італьянскага саду пры Мірскім замку. Фота: grodnonews.by

Па словах дырэктара музея, асноўныя будаўнічыя работы плануецца завяршыць у 2025 годзе. Фінансуецца рэканструкцыя за кошт уласных пазабюджэтных сродкаў музея. Кожны турыст, які набывае квіток у музей, ускосна ўдзельнічае ў фінансаванні праекта.

Сёлета Мірскі замак адзначае 25-годдзе ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а ў 2027 годзе ён будзе адзначаць 500-годдзе з моманту заснавання.

Аднак эфект ад аднаўлення гістарычнага саду будзе відаць толькі праз некалькі гадоў.

«Убачыць сад ва ўсёй яго велічы можна будзе толькі праз тры-чатыры гады, калі значна падрастуць дрэвы і кустоўе», — удакладніў ён.

Вялікія планы на будучыню

Паралельна з рэканструкцыяй італьянскага саду ідуць праектныя работы па ўзнаўленні англійскага пейзажнага парку.

У 2023 годзе ў комплексе рэканструявалі дамбу, пабудавалі новы мост, адкрылі сезоннае кафэ.

Далейшае развіццё ўключае рэканструкцыю палаца Святаполк-Мірскіх, фундаменты якога былі выяўлены некалькі гадоў таму. Частка будынка будзе аддадзена пад музей, іншая — пад гасцініцу на 40 нумароў. 

«Калі ўсе этапы рэстаўрацыі будуць завершаны, нашы госці змогуць убачыць Мірскі замак ва ўсёй яго велічы і прыгажосці. Дзякуючы стварэнню дадатковых гасцінічных нумароў мы зможам прымаць у сябе яшчэ больш наведвальнікаў, якія будуць не толькі любавацца гэтымі гістарычнымі пейзажамі, але і камфортна пражываць на тэрыторыі замка», — адзначыў Лойка.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Дробязi
    22.03.2025
    Звярнiце увагу: аднауляюць не кацапскi, а iтальянскi сад.
  • Опять все в плитку закатают, как в Лошицком парке?
    22.03.2025
    И фонарей через каждые 50 метров натыкают?Это там по центру двух полосная дорога, чтобы каранные своих сельских куриц на экскурсию возили, как в Минске на "пешеходной" улице?
  • дочка Максима Дизайнера
    22.03.2025
    Дизайнер, ну. і ўсё гэта на фоне хатак. ляпата
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Дарадца Трампа па нацбяспецы выпадкова дадаў журналіста ў сакрэтны чат у Signal. Раскрытыя механізмы прыняцця рашэнняў9

Дарадца Трампа па нацбяспецы выпадкова дадаў журналіста ў сакрэтны чат у Signal. Раскрытыя механізмы прыняцця рашэнняў

Усе навіны →
Усе навіны

У Белгарадскай вобласці знішчаныя 4 расійскія верталёты — Сілы спецыяльных аперацый Украіны2

Шалупінне ад чырвонай цыбулі стала абаронным слоем для сонечных батарэй2

Беларус жыўцом згарэў у грузавіку ў Маскве

На польскай мяжы на выезд з Беларусі стаіць больш за 1000 аўтамабіляў

Гэта цяпер адна з топавых куцюр’е ў свеце. Яе сукенкі заварожваюць7

Юлія Чарняўская: Іншы раз яны проста такімі нараджаюцца16

Кіраўнік Магілёўшчыны сабраўся будаваць у сябе ў рэгіёне тое, назвы чаго ён не ведае16

Пасля выступлення Луганскага тэатра ў Мінску адна з глядачак выгукнула «Слава Украіне!»10

УСУ ўзялі пад кантроль вёску ў Белгародскай вобласці Расіі 9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дарадца Трампа па нацбяспецы выпадкова дадаў журналіста ў сакрэтны чат у Signal. Раскрытыя механізмы прыняцця рашэнняў9

Дарадца Трампа па нацбяспецы выпадкова дадаў журналіста ў сакрэтны чат у Signal. Раскрытыя механізмы прыняцця рашэнняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць