Сузаснавальнік сетак рэстаранаў KFC і кавярняў Cofix у Беларусі — былы супрацоўнік КДБ. Як высветліла «Люстэрка», да пачатку кар’еры ў грамадскім харчаванні прадпрымальнік як мінімум дзевяць гадоў служыў у цэнтральным апараце спецслужбы, а ў рэстаранны бізнэс прыйшоў неўзабаве пасля звальнення. Яго партнёрамі сталі сваякі вядомых бізнэсменаў з рэйтынгаў найбагацейшых людзей краіны.

Топ-менеджар з непублічным мінулым
У 2015 годзе ў Мінску пачаў працу першы рэстаран KFC. Адкрыццё называлі «феерычным»: над Каменнай Горкай тады з’явіўся верталёт, з якога спусціўся чалавек у касцюме заснавальніка амерыканскай сеткі — палкоўніка Сандэрса.

Перад уваходам у рэстаран перарэзалі чырвоную стужку. Кавалачак тады адрэзаў і Сяргей Дуцін — гендырэктар кампаніі «Бел Фуд Сэрвіс». Менавіта яна першай выйграла вялізны конкурс на працу па сусветна вядомай франшызе KFC у Беларусі. У публікацыях таго часу пісалі, што ў праект уклаліся буйныя бізнэсмены. Інвестыцыі ў першы рэстаран ацэньвалі на ўзроўні аднаго мільёна долараў. А вось чым раней займаўся дырэктар — публічна не паведамлялася.
Сяргей Дуцін — былы супрацоўнік КДБ. З даных афіцыйных рэестраў, даступных «Белпол», вынікае, што ён значыўся ў цэнтральным апараце арганізацыі з 2005 года, то бок з 18 гадоў. Паралельна з гэтым — з 2006 па 2011 год — ён вучыўся ў расійскім МДУ па спецыяльнасці «крыптаграфія», гаворыцца на яго старонцы ў LinkedIn. У 2014 годзе Дуціну было 27. Ён пакінуў службу і ўзначаліў новую кампанію «Бел Фуд Сэрвіс», якая ў далейшым занялася развіццём KFC у Беларусі. Дуцін быў запісаны яе дырэктарам з першага дня працы.
Былы спецслужбіст стаў даволі публічным кіраўніком: адкрываў рэстараны ў рэгіёнах, некалькі разоў даваў інтэрв’ю, удзельнічаў у журы прафесійных прэмій. А яшчэ раз на год станавіўся за касу рэстарана і сам абслугоўваў кліентаў. У адным з інтэрв’ю прадпрымальнік казаў, што за час працы ў KFC «навучыўся ўсяму» і прайшоў «не адзін віток трансфармацый». У жніўні 2019 года Дуцін атрымаў долю ў «Бел Фуд Сэрвіс». Прадпрымальнік кіраваў кампаніяй да канца 2023 года.

Паводле даных на чэрвень 2025 года, Сяргей Дуцін «часова не працуе». Ён застаецца членам Савета дырэктараў кампаніі і яе саўладальнікам — яму належыць 11,15% у статутным фондзе.
Хто іншыя саўладальнікі?
Большая частка «Бел Фуд Сэрвіса» (каля 72%) належыць родным заснавальнікаў гандлёвага дома «Ждановічы» — памерлых Міхаіла Пракаповіча і Яўгена Шыгалава.
Выданне «Ежедневник» уключала іх абодвух у рэйтынгі найбагацейшых людзей краіны.
Так, у дзяцей Яўгена Шыгалава Сяргея і Дзіяны (у яе падвойнае прозвішча Шыгалава-Курыла) па 18,37%, у яго зяця Віталя Курылы — 17,14%. Удава ж Міхаіла Пракаповіча Марыя валодае 17,73%.
Яшчэ 17,14% — у Аляксандра Шушко.
Цяпер па франшызе KFC у Беларусі працуюць дзве кампаніі — «Бел Фуд Сэрвіс» і «Юнітэр». У першай ужо 58 рэстаранаў па ўсёй краіне, сетка другой складаецца з 33 пунктаў. Згодна з дакладам інвестыцыйнай кампаніі «Юнітэр», апублікаваным у студзені 2025 года, KFC стаў найбуйнейшым гульцом рынку рэстаранаў хуткага харчавання ў Беларусі па колькасці аб’ектаў і пасадачных месцаў.
Кававая гісторыя
У 2019 годзе з’явіліся навіны пра тое, што на беларускім рынку будзе дзейнічаць «майстар-франшыза» на ізраільскі брэнд кавярняў Cofix. Іх асаблівасць — фіксаваная экстрэмальна нізкая цана на напоі і дэсерты. Уладальнікам франшызы называлі Сяргея Дуціна, на той момант ужо вядомага кіраўніка беларускага KFC.
Менавіта Дуцін у ліпені 2019 года заснаваў кампанію «Урбан Снэкі», якая ў далейшым занялася развіццём сеткі Cofix у Беларусі, вынікае з даных Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб. Пазней у тым жа годзе ў склад уласнікаў, акрамя Дуціна, увайшлі таксама і астатнія ўдзельнікі «Бел Фуд Сэрвіс». Кавярны праект хутка вырас: у 2024 годзе СМІ ставілі Cofix на трэцяе месца па колькасці ўстаноў сярод усіх сетак грамадскага харчавання ў Беларусі. Цяпер пад ізраільскім брэндам працуе больш за 50 кропак у Мінску і Гродне. Дуціну належыць 15,77% гэтай кампаніі.
Дарэчы, гэта не ўсе праекты прадпрымальнікаў. У 2017 годзе ў Беларусі пачалі з’яўляцца рэстараны фінскага брэнду Hesburger, аднак у 2022 годзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання брэнд абвясціў пра выхад з Беларусі і Расіі. На месцы закрытых пунктаў у Бабруйску і Мінску адкрыліся рэстараны пад падобнай назвай — Yes! Burger. Іх развіваюць тыя ж людзі, што стаяць за Cofix і KFC. Цяпер працуюць тры «імпартазамяшчальныя» бургерныя: у Мінску, Бабруйску і Магілёве.
Каментары