Грамадства1212

«Дасягненне — гэта тое, што выжылі. Жывыя, і дзякуй Богу». Сацыёлаг расказаў, які цяпер вобраз у беларускага рэжыму

Многія аналітыкі адзначаюць: сацыяльны кантракт паміж дзяржавай і грамадствам у Беларусі скасаваны. А што ўлады прапанавалі наўзамен, і як ацэньвае іх высілкі насельніцтва краіны? Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў прадставіў вынікі даследавання «Вобраз беларускага рэжыму: агрэсар ці апякун?». «Салідарнасць» паслухала і расказвае, што, на думку даследчыка, хвалюе беларусаў у Беларусі ў 2025-м.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

«Паліталагічная тэрміналогія не заўсёды дазваляе зразумець успрыманне рэжыму беларускім грамадствам», — тлумачыць даследчык, пра што наогул ягоная праца.

Генадзь Коршунаў

І нагадвае кантэкст. У 1990‑х Аляксандр Лукашэнка прапанаваў грамадству пэўны кансэнсус: адмова ад палітычных свабод, але і рызыкаў, у абмен на бяспеку і стабільнасць. Тады — і доўгі час пасля — гэта спрацавала.

Але паступова дзяржава ўсё меней забяспечвала сваю «сацыяльнасць», а грамадства рабілася ўсё болей праактыўным і самастойным. Эпідэмія каранавірусу ў 2020‑м найбольш яскрава паказала розніцу паміж словамі і справамі, і беларусы пажадалі перафарматаваць стасункі. Рэжым адказаў здушэннем пратэсту і рэпрэсіямі, якія працягваюцца да сёння.

Разам з тым, зазначае Генадзь Коршунаў, нельга сказаць, каб улады былі зусім не заклапочаныя сваёй рэпутацыяй. Рэжым усяляк прасоўвае сваю патэрналісцкую ролю апекуна і абаронцы «мірнага неба». У красавіку 2022 года больш як палова беларусаў турбавалася магчымым удзелам Беларусі ў вайне. На сёння гэтым занепакоеныя 28% гараджан — удвая менш.

А што тады хвалюе беларусаў тут і цяпер? Як паказала анлайн-апытанне, якое было зладжана ў траўні 2025 года (удзел у ім узялі 512 беларусаў-гараджан унутры краіны), у топе — эканамічныя праблемы:

  • нізкія заробкі;
  • інфляцыя,
  • рост цэнаў;
  • малыя пенсіі.

Нездарма, кажа даследчык, запазычанасць беларусаў перад банкамі сёлета дасягнула максімуму за ўсю гісторыю незалежнасці краіны: беларусам не хапае грошай.

Галоўнымі ж задачамі дзяржавы рэспандэнты лічаць забеспячэнне правоў і свабод грамадзян (42%), даваць магчымасць людзям зарабляць (40%). І толькі потым — знешнепалітычны нейтралітэт, эканамічны рост, бяспеку і г.д. Прычым рост гэтых патрэбаў людзей паказваюць нават апытанні праўладных сацыёлагаў.

І яшчэ адзін трэнд: расце доля тых, хто чакае паслаблення рэпрэсій, але ж рэальна большасць у гэта слаба верыць. Вобраз дзяржавы-«абаронцы» робіцца ўсё болей цьмяным.

Што прапануе ўлада

Нават сёння прапаганда прасоўвае вобраз Лукашэнкі як «выратавальніка» ад нішчымніцы 1990-х, які дагэтуль застаецца «гарантам стабільнасці». Але гэта сведчыць перадусім пра адсутнасць іншых дасягненняў.

Уласна, гэта пацвердзіла і ранейшае апытанне Цэнтра новых ідэй, у якім сацыёлагі папрасілі вылучыць топ поспехаў і правалаў — за апошнія 5 год і за 30 год суверэнітэту. Больш за дзве траціны (61-67%) рэспандэнтаў не вызначыліся ні з тым, ні з другім. Яшчэ частка напісала сцісла: «Поспехаў няма».

Тыя ж, каму знайшлося за што пахваліць улады, адзначылі — мір, стабільнасць і ўтрыманне сітуацыі хаця б на мінімальным узроўні, захаванне эканомікі ад калапсу.

«Агулам можна зафіксаваць: дасягненне — гэта тое, што выжылі. Не развіццё, не рух наперад — жывыя, і дзякуй Богу», — зазначае Генадзь Коршунаў.

На мяжы 2024‑2025 гадоў, перад так званымі «выбарамі», амаль палова апытаных не магла назваць асноўныя ідэі Лукашэнкі — хіба расплывіста згадвалі «мір і бяспеку».

Што непакоіць

Для моладзі забеспячэнне правоў і свабод — не ў прыярытэтах. Толькі 26% маладых людзей лічаць гэта важным, пры гэтым больш за палову (58%) мяркуюць, што беларускія ўлады цалкам ці добра спраўляюцца з усімі сваімі задачамі.

«Ці сведчыць гэта, што сярод моладзі татальная залежнасць, успрыманне рэжыму цалкам легітымным? Я б не пагадзіўся з такім сцвярджэннем, — гаворыць сацыёлаг. — Тэндэнцыя сапраўды назіраецца, і гэта вельмі кепская штука. Але зусім не дзіва, што гэта ёсць.

Прапаганда ж працуе не толькі праз медыя. Страшэнная механіка такога кшталту запушчаная ў школе: манатонны, нудны, штотыднёвы ўплыў на ўроках, нагляднай агітацыі, у тыктоку — праўладныя наратывы ў моладзевых сацсетках пашырыліся неймаверна. Усё гэта працуе і, на жаль, дае плён».

«Рэжым у Беларусі — прыклад аўтарытарнага менеджара траўмы, які ўмела сумяшчае ролю апекуна і прыгнятальніка, у залежнасці ад патрэбы, — падсумоўвае Генадзь Коршунаў. — Ён сістэматычна выкарыстоўвае калектыўную траўму, якую часцяком сам жа і стварае, як адну з ключавых прылад кіравання».

За апошнія пяць гадоў вобраз рэжыму ў вачах беларусаў некалькі разоў змяняўся, дадае даследчык. Станам на сёння, мяркуе ён, узмацняецца кампанент «прыгнятальніка», а вобраз «міратворцы» прытухае. І штука ў тым, што істотная частка грамадства не пагаджаецца прызнаваць сябе «ахвярай», якой трэба, каб дзяржава нібыта апекавалася, усю дарогу падтрымлівала і вырашала за яе, як жыць.

Каментары12

  • Сумна, дзевачкі
    23.11.2025
    Гэты цвілы, як пратэрмінаваныя прадукты ў Евраопце, наратыў, што вось 25 год усіх усё задавальняла, а ў 2020 раптам грамадства ад каранавірусу пайшло мяняць сацыяльны кантракт...
  • Абу
    23.11.2025
    Слухайце, за Саветамі прапаганда была з кожнага праса, пры гэтым моладзь чыхаць на яе хацела, ніхто не верыў у гэту хлусню пры значна меньшых інфармацыйных магчымасцях. Каб супаставіць прапаганду з рэальнасцю, не трэба быць Эйнштэйнам.
    Эрга, альбо рэспандэнты хлусяць, альбо прапаганда мае рацыю, і рэальнасць гэткая, як яны малююць. Але навошта тады ўвогуле прапаганда? Пытанне рытарычнае.
  • Есть нюанс
    23.11.2025
    Абу, СССР погубил дефицит, а не отсутствие свобод или опостылевшая пропаганда. Режимы Лу и Пу уже стали более репрессивными, чем пост-сталинский СССР. Но при этом: из страны, хоть и не легко, но можно выехать, на полках есть товары, хотя и не всегда качественные, а пропаганда говорит не о строительстве коммунизма, а пробуждает в людях животные черты. Такие режимы более устойчивы, поскольку они не ограничивают себя своей же собственной идеологией, а постоянно меняют её в угоду текущему моменту.

Цяпер чытаюць

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Што ўяўляюць сабой сухпайкі ў беларускім войску і за што іх крытыкуюць і хваляць?11

Нараджаецца менш дзяцей, бо праблемай стала зачаць. Вось што выявілі апошнія даследаванні, асабліва мужчынскага здароўя9

Беларусь стала галоўным пастаўшчыком рыбы ў Расію4

Учора — у лукашэнкаўскай турме, сёння — у Кіеве дапамагае ўкраінцам выжыць. Былы палітвязень і сваяк Ціханоўскай стаў валанцёрам у Пункце нязломнасці6

У Заляшанах ушанавалі памяць беларусаў, забітых на Падляшшы ў 1946 годзе9

Хочаце жыць доўга — шукайце раён з нармальнымі дрэвамі. Навукоўцы высветлілі, што дрэвы ратуюць ад інфарктаў, а газоны могуць нават нашкодзіць здароўю4

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?2

Лепш за любыя крыжаванкі. Догляд унукаў ратуе мозг бабуль і дзядуль ад старэння1

Расійскі дрон ударыў па аўтобусе з шахцёрамі на Днепрапятроўшчыне. Загінулі 15 чалавек3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць