Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»55

Афіцыйны Мінск: сваіх не выдаём!

Пытанне аб экстрадыцыі Бакіева стала ў практычную плашчыню. Кіргізская генпракуратура накіравала ў Мінск запыт аб выдачы. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Пытанне аб экстрадыцыі Бакіева стала ў практычную плашчыню. Кіргізская генпракуратура накіравала ў Мінск запыт аб выдачы.

Мусіць, ён будзе ісці гэтак сама доўга, як паперы з Сухумі ды Цхінвалі. А калі дойдзе, то Бішкеку ўсё адно нічога не абламаецца. Па-першае, гэта дэклараваў сам Лукашэнка ў інтэрв’ю Рэйтэр. Маўляў, хай бы лепей і не прыніжаліся дарэмна.

Па-другое, наша незалежная Генпракуратура будзе строга датрымліваць літару закону. І ўжо прэвентыўна заявіла, што аднаго запыту мала. Хай пакажуць матэрыялы справы. Карацей, спосабаў патапіць пытанне ў кручкатворстве да халеры.

Палітычная ж пазіцыя афіцыйнага Мінска тут вельмі празрыстая: сваіх не выдаём! Раней такі ж падтэкст выявіўся ў справе Усхопчыка: чаго чапляецеся, савецкі генерал выконваў свой свяшчэнны абавязак!

Згадайма колішнія спічы ў абарону Мілошавіча, Хусэйна. Беларускае кіраўніцтва шле ўсім дыктатарам, дзейным і зрынутым, імпульсы а-ля Маўглі: мы з табой аднае крыві, ты ды я!

Гэта ж тычыцца і дыктатараў старых часоў. Вось адкуль апантаная абарона «бацькі народаў», піетэт перад ягоным імем, пакланенне бутафорскай «Лініі Сталіна» (якая так кранула яшчэ аднаго крутога правадыра — Чавеса). Пярэдадзень Дня Перамогі зноў напоўнены казённым звонам у духу: не дамо ачарніць гісторыю!

За гэтай дымавой заслонай — боязь нязручнай, разбуральнай для міфаў праўды пра тую вайну і ўвогуле пра створаную генералісімусам Сістэму, парадыгма якой ментальна блізкая каму-кольвек з цяперашніх тутэйшых вялікіх начальнікаў.

Слухаеш іншым разам панегірыкі той людажэрскай сістэме — і застаецца дзякаваць богу, што не тая эпоха, няма як развярнуцца апалагетам. А так бы сапраўды мала не здалося нікому.

На гэтым тле цікава назіраць, як эвалюцыянуе пазіцыя расійскага кіраўніцтва — ад патурання паўзучай рэабілітацыі сталіншчыны да яе публічнага (хоць і асцярожнага, з агаворкамі) асуджэння.

Аддамо належнае: апошнім часам Мядзведзеў і Пуцін зрабілі некалькі выразных крокаў у гэтым кірунку. Палякі ацанілі жэсты Масквы ў звязку з абодвума актамі катынскай трагедыі. Зробленая на загад Мядзведзева публікацыя на сайце Расархіву дакументаў пра Катынь, хоць змест іх у прынцыпе быў вядомы, — гэта ўчынак.

А перад святам 9 Мая ў інтэрв’ю «Известиям» той самы Мядзведзеў адкрытым тэкстам заяўляе: вялікі там Сталін быў палкаводзец ці не надта вялікі, але ў любым разе злачынствы супраць уласнага народа яму нельга дараваць.

І гэта таксама месэджы, толькі зусім іншага кшталту: каб уладныя ды прыўладныя апалагеты людажэрскай сістэмы трохі падціснулі хвасты.

Канечне, эвалюцыю расійскага кіраўніцтва не варта перабольшваць. На думку маскоўскага аналітыка Аляксея Макаркіна, тут дзейнічаюць найперш прагматычныя матывы. Каб выскачыць з сыравіннай эканомікі, мадэрнізавацца, Расіі дазарэзу патрэбна знайсці агульную мову з Захадам.

Лукашэнка ж сядзіць у старой ідэалагічнай парадыгме значна мацней, чым малады адукаваны Мядзведзеў. Звыш таго, маскоўскі дуумвірат перапасоўваецца, вядзе болей тонкую гульню з элітамі, а тут уся сістэма завязана на адну асобу. Занадта жорсткі каркас.

Заходнія грошы, інвестыцыі патрэбны і Мінску. Але пакуль выглядае на тое, што «Лінію Сталіна» ды прынцып «дыктатарскай салідарнасці» тут будуць абараняць да апошняга, нават ва ўрон чыста прагматычнай выгадзе. Хаця… Усхопчыка ж такі дапыталі, зрабіўшы рэверанс перад Вільняй.

Дарэчы, паводзіны беларускага кіраўніцтва ў сюжэце з Бакіевым ўжо сталі дадатковай опцыяй, якая абцяжарвае дачыненні з Масквой (і не толькі). Ну, а сваркі з Масквой чыста канкрэтна адбіваюцца на газавым цэнніку.

Каментары5

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі15

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка знайшла абгарэлыя купюры. Ці можна іх абмяняць?

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч40

29‑гадовага беларуса забілі ў Маскве. Падазраюць іншага беларуса4

У Лёзне ў гаражы знайшлі бітоны з чалавечымі парэшткамі1

Жанчына ў Бабруйскім раёне памерла ад укусу змяі

На «Мінск-Арэне» шайба трапіла заўзятарцы ў галаву. Хакеісты наведалі яе ў бальніцы1

МНС назвала нечаканыя крыніцы радыяцыі ў паўсядзённым жыцці3

«Прапанавалі каву, бутэрброд — а потым адвезлі ў СІЗА». Уладальнік «Новага зроку» расказаў, як яго затрымалі па ноце Інтэрпала1

У Яраслаўлі пасля атакі дронаў гарыць буйны НПЗ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі15

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць