У спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключылі ўсю італьянскую нацыянальную кухню. Гэта першы такі выпадак у гісторыі
ЮНЕСКА афіцыйна прызнала італьянскую кухню часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Гэта гістарычнае рашэнне было абвешчана на пасяджэнні арганізацыі ў сталіцы Індыі Дэлі і было ўхвалена прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мелоні. Яе ўрад апошнія гады актыўна прасоўваў ідэю ўключэння нацыянальнай кухні ў спіс як элемент нацыянальнай ідэнтычнасці, піша The Guardian.

Італія стала першай краінай свету, для якой у спіс уключаная не адна канкрэтная традыцыя або страва, а ўся кухня цалкам — ад пасты і мацарэлы да віна і тырамісу.
Да гэтага Італія ўжо мела 21 элемент у спісе спадчыны ЮНЕСКА, у тым ліку мастацтва неапалітанскай піцы і оперны спеў.
Джорджа Мелоні апублікавала відэазварот на Instagram літаральна праз некалькі хвілін пасля абвяшчэння рашэння. Яна адзначыла, што прызнанне напаўняе яе гонарaм: для італьянцаў кухня — гэта не проста ежа, а культура, традыцыі, праца і важная частка нацыянальнай самаідэнтычнасці.
Урад пачаў падрыхтоўку заяўкі яшчэ ў 2022 годзе, праз некалькі месяцаў пасля прыходу да ўлады. У дакументах падкрэслівалася, што італьянская кухня — гэта не толькі кулінарныя практыкі, а і лад жыцця, сацыяльны рытуал, які аб’ядноўвае сем’і і супольнасці.
Сярод элементаў прасоўвання быў нават вялікі нядзельны сямейны абед пад адкрытым небам, які Мелоні і іншыя чыноўнікі правялі ўвосень на тэрыторыі Рымскага форума.
ЮНЕСКА ў сваёй аб'яве назвала італьянскую кухню «культурным і сацыяльным сінтэзам кулінарных традыцый», спосабам клапаціцца пра сябе і іншых, праяўляць любоў і захоўваць карані. Падкрэсліваецца яе грамадскі характар: за агульным сталом людзі рознага ўзросту дзеляцца рэцэптамі, гісторыямі, сем’і перадаюць стравы з пакалення ў пакаленне.
Міністр сельскай гаспадаркі Італіі Франчэска Лолабрыджыда заявіў, што гэтая перамога — агульнанацыянальная, бо яна сімвалізуе творчасць і здольнасць італьянцаў ператвараць традыцыі ў сучаснасць.
Апублікаваны ў той жа дзень даклад Універсітэта Сапіенца ў Рыме адзначае, што статус аб’ектаў ЮНЕСКА ўжо павялічыў паток турыстаў на Узгоркі Прасека ў Венета, на востраў Пантэлерія і іншыя аб’екты, а цяпер, калі італьянская кухня трапіла ў спіс, турыстычны інтарэс да краіны яшчэ больш узрасце.
Каментары