Грамадства1616

Як змянілася Хатынь пасля рэканструкцыі: цяпер там прадаюць бургеры і дзіцячыя цацкі

Мы паглядзелі, чым жыве самы вядомы мемарыял ахвярам нацысцкага тэрору ў Беларусі пасля маштабнай рэканструкцыі, і знайшлі там шмат дзіўнага — ад бургераў побач з месцам трагедыі да сувеніраў, якія выклікаюць пытанні.

Пасля рэканструкцыі мемарыяльны комплекс «Хатынь» стаў не толькі месцам смутку, але і месцам, дзе можна купіць вясёлыя сувеніры і смачна пад'есці. Калаж: Наша Ніва

У сакавіку 2023 года, да 80‑годдзя трагедыі, у мемарыяльным комплексе «Хатынь» адкрыўся новы музей. Гэтая падзея мела не столькі культурнае, колькі палітычнае значэнне.

Для сучаснага рэжыму Хатынь — гэта перадусім інструмент ідэалагічнай вайны. Мемарыял выкарыстоўваецца не столькі для ціхага ўшанавання памяці загінулых, колькі для абгрунтавання сучасных палітычных наратываў: пра «генацыд беларускага народа», пра «варожы Захад» і пра неабходнасць «абараняць праўду» са зброяй у руках.

Будаўніцтва, якім займаліся «Белдзяржпраект» і «Мастацкі камбінат», у дзяржаўных медыя падаецца як асабістая заслуга Аляксандра Лукашэнкі — без згадкі яго «ўкладу» не абыходзіўся ніводны рэпартаж. Аднак разам з ідэалагічным пафасам у Хатынь прыйшла і банальная камерцыя. Побач з мемарыялам вырас цэлы комплекс, які акрамя адміністрацыі ўключае выставачную залу, сувенірную краму і кафэ.

Абед з відам на смутак

Летняя кавярня ў Хатыні. Фота: khatyn.by

Летняя кавярня ў Хатыні працуе з канца красавіка да пачатку лістапада. Меню тут даволі разнастайнае і дэмакратычнае па цэнах. Напрыклад, бульбу з каўбаскай можна заказаць за 11 рублёў, курыны бургер — за 10 рублёў, дранікі — за 6 рублёў, а дэсерт — за 7 рублёў. Можна выпіць латэ ці капучына за 6 рублёў, або нават келіх глінтвейну за 7 рублёў.

Закускі ў меню летняй кавярні ў Хатыні. Фота: khatyn.by
Гарачыя напоі ў меню летняй кавярні ў Хатыні. Фота: khatyn.by
Дэсерты ў меню летняй кавярні ў Хатыні. Фота: khatyn.by
Гарачыя стравы ў меню летняй кавярні ў Хатыні. Фота: khatyn.by

Здавалася б, клопат пра наведвальнікаў — рэч добрая. Але размяшчэнне ўстановы грамадскага харчавання, дзе падаюць бургеры і смажаныя каўбаскі, у непасрэднай блізкасці ад месца, дзе былі жыўцом спаленыя 149 чалавек, выклікае пытанні этычнага характару. У гэтым месцы рынак, відавочна, перамог ідэалогію.

«Добры, напэўна, музей, але кавярня з тэрасай — гэта перабор»,
«Могілкі вёсак… і гэтак жа на тэрыторыі ёсць кавярні…»
«Кавярня з тэрасай недарэчна»,
«Для мяне словы: «жахлівы музей», 20 рублёў, экскурсія і кавярня па сэнсе не становяцца побач са словам «Хатынь», — такія каментары пакідаюць беларусы пад адным з аглядаў абноўленага мемарыяльнага комплексу ў сацсетках. 

Летняя кавярня ў Хатыні. Фота з сацсетак
Летняя кавярня ў Хатыні. Фота з сацсетак

Цікава, што ў савецкі час падыход быў іншым, не такім капіталістычным. Каля павароту з трасы М-3 да мемарыяла быў адкрыты знакаміты рэстаран з характэрнай назвай «Партызанскі бор», куды ў 1972 годзе Пятро Машэраў вазіў Фідэля Кастра. Але гэтая ўстанова знаходзіцца на адлегласці больш за 5,5 км ад самога месца смутку, што не выклікае адчування блюзнерства. Сёння ж фастфуд прыйшоў наўпрост да месцаў загубы мірных людзей.

Сувеніры: ад «генацыду» да мядзведзікаў

Сувенірная крама «Крама дабра» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Фота: Яндэкс Карты
У сувенірнай краме ў Хатыні прадаецца ў тым ліку прадукцыя, не звязаная з трагедыяй часоў вайны. Фота: zorkanews.by

Асартымент у сувенірнай краме — мудрагелісты мікс. З аднаго боку — кнігі пра вайну і значкі з выявамі мемарыяла. З другога — тыповы набор беларускіх сувеніраў, які не адпавядае жалобнаму кантэксту месца.

Месца масавага знішчэння беларусаў на думку чыноўнікаў — цудоўнае месца для рэалізацыі смешных буслікаў ручной працы. Фота: zorkanews.by
Рэалізоўваць сваю прадукцыю ў сувенірную краму ў Хатыні прыводзяць супрацоўнікаў дамоў культуры з Міншчыны. Фота: Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Смалявіцкага раёна
Рэалізоўваць сваю прадукцыю ў сувенірную краму ў Хатыні прыводзяць супрацоўнікаў дамоў культуры з Міншчыны. Фота: Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Смалявіцкага раёна
Цацкі і іншая прадукцыя, створаная рукамі інвалідаў і пажылых людзей, якія займаюцца ў Смалявіцкім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Фота: logoysk.by
Канцылярская прадукцыя з дзяржаўнай сімволікай у сувенірнай краме. Фота: logoysk.by
Магніцікі на халадзільнік. Фота: logoysk.by
У сувенірнай краме ёсць некалькі кніг пра ўласна Хатынскую трагедыю, а таксама пра генацыд беларускага народа ў час вайны. Але яе колькасць несувымерная з сувенірнымі забаўкамі. Фота: logoysk.by

На паліцах можна знайсці магніцікі з дзяржаўнай сімволікай, зубрамі і бусламі, талерачкі з краявідамі Мінска і кубачкі з лагатыпам музея. Больш за тое, тут прадаюць вырабы рамеснікаў: вышытых коцікаў, саламяныя абручы на галаву і нават дзіцячыя цацкі.

«Крывавая рака» і галаграмы: што паказваюць у новым музеі?

Новазбудаваны музей у Хатыні. Фота: БелТА

Сам новы музей складаецца з шасці залаў і робіць стаўку на моцнае эмацыйнае ўздзеянне, выкарыстоўваючы сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі. Канцэпцыя пабудавана так, каб наведвальнік адчуў пекла вайны. Праз усе залы пад шкляной падлогай праходзіць сімвалічная інсталяцыя «Крывавая рака».

Зала «Уцёкі ад вайны» ў музеі. Фота: travel.by
Зала «Уцёкі ад вайны» ў музеі. Фота: Мінская праўда
Люстэрка з прывіднай выявай трохгадовай дзяўчынкі ў зале «Уцёкі ад вайны». Фота: Мінская праўда

Экспазіцыя пачынаецца з залы «Уцёкі ад вайны». Тут створаны інтэр'ер пакінутай кватэры з раскіданымі рэчамі, дзе тэлефонны званок абрываецца гукам выбуху. Адзін з самых жудасных элементаў — люстэрка, у якім з'яўляецца прывідная выява трохгадовай дзяўчынкі. Галаграма расказвае гісторыю дзіцяці, якое трапіла ў нямецкі дзіцячы дом, дзе з яго выпампоўвалі кроў для параненых салдат вермахта.

«Зала спаленых вёсак» у музеі. Фота: Мінская праўда
Галаграма сямігадовага Віктара Жалабковіча, аднаго з нямногіх дзяцей, што выжылі ў Хатыні. Фота: Мінская праўда

Наступная лакацыя — «Зала спаленых вёсак» — імітуе палаючы хлеў. Праз шчыліны ў абвугленых дошках прабіваецца чырвонае святло і дым, гучаць крыкі і стрэлы. Тут наведвальнікаў сустракае яшчэ адна галаграма — сямігадовага Віктара Жалабковіча, аднаго з нямногіх дзяцей, што выжылі ў Хатыні. Віртуальны хлопчык расказвае, як ён з маці спрабаваў уцячы з палаючага хлява, як немцы адкрылі па іх агонь з аўтаматаў, забіўшы маці і параніўшы яго ў плячо. Ён праляжаў пад целам сваёй маці, пакуль немцы не сышлі з вёскі. 

Фота: Мінская праўда
Празрыстая скульптура дзяўчыны, якая стаіць пад пятлёй шыбеніцы. Фота: Мінская праўда

У музеі таксама ўсталявана ўнікальная празрыстая скульптура дзяўчыны ў поўны рост, якая стаіць пад пятлёй шыбеніцы. Яе правобразам стала рэальная асоба — барысаўская падпольшчыца Кіма Кламбоцкая.

Зала «Памяць» у музеі. Фота: travel.by

Далей ідзе зала «Памяць». Яна прысвечана ўжо пасляваенным падзеям: расследаванню нацысцкіх злачынстваў і гісторыі стварэння самога мемарыяльнага комплексу. Тут згадваюцца архітэктары Хатыні і пісьменнікі — Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, — якія збіралі сведчанні для кнігі «Я з вогненнай вёскі». Гэта своеасаблівы пераход ад трагедыі да яе асэнсавання нашчадкамі.

Зала «Вечнасць» у музеі. Фота: travel.by
Жытняе поле пад шкляной падлогай залы «Вечнасць». Фота: Мінская праўда
Калыска з макетам вёскі ў зале «Вечнасць». Фота: Мінская праўда

Фінальная зала «Вечнасць» прызначана для рэфлексіі. Тут светлыя сцены, на якіх выбітыя імёны загінулых, а пад шкляной падлогай замест крыві — жытняе поле і дзіцячая калыска з макетам мірнай вёскі.

Храналагічная зона «Тысячагоддзе» з вялікімі жорнамі. Фота: travel.by
Храналагічная зона «Тысячагоддзе» з вялікім жоранам. Фота: travel.by

Асобна варта згадаць храналагічную зону «Тысячагоддзе». Аўтары экспазіцыі вырашылі не абмяжоўвацца падзеямі Другой сусветнай вайны, а ахапіць гісторыю з X па XX стагоддзе. У цэнтры зоны размешчаны вялікія жорны — сімвал часу, які перамолвае гады і стагоддзі, а таксама людскія лёсы. 

Музей пазіцыянуюць як месца з жорсткім эмацыйным настроем, таму наведванне не рэкамендуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту.

Падвойныя стандарты

«Цынізму Захаду, відаць, усё ж няма канца». Беларуская прапаганда з задавальненнем падхапіла расійскі фэйк пра турыстычны гід па канцлагеры з рэстаранамі, дзе смачна пакормяць. Скрыншот сайта АНТ

Сітуацыя ў Хатыні выкрывае крывадушша дзяржаўнай ідэалогіі. Прапагандысцкія рэсурсы часта любяць папракаць Захад у «цынізме» і непавазе да гісторыі. Сёлета яны актыўна тыражавалі фэйк пра тое, што ў Асвенціме нібыта выдаюць турыстычныя гіды па рэстаранах. Падставай стаў артыкул у The Times пра захаванне яўрэйскай культуры ў Кракаве, які быў скажоны да непазнавальнасці.

Журналістка The Times, чые сваякі загінулі ў Аўшвіцы, у сваім артыкуле апісвае падарожжа ў Польшчу па слядах герояў фільма і звяртае ўвагу на рэстараны яўрэйскай кухні ў Кракаве — як на прыклад ілюзіі «адроджанай культуры» без носьбітаў, знішчаных падчас Халакосту. Скрыншот сайта The Times 

Насамрэч у артыкуле The Times журналістка, чые сваякі загінулі ў Аўшвіцы, апісвае сваё ўласнае падарожжа па слядах фільма «Сапраўдны боль». Яна наведвае мемарыял у Асвенціме, а пасля едзе ў Кракаў — за 70 кіламетраў ад былога лагера смерці, — дзе ў гістарычна яўрэйскім квартале Казімеж каштуе габрэйскую кухню ў мясцовых рэстарацыях. Менавіта там яна востра адчувае штучнасць «адроджанай» яўрэйскай культуры без жывых носьбітаў, знішчаных падчас Халакосту, і апісвае ўласныя маральныя ваганні і пачуццё віны з-за спалучэння памяці пра генацыд з асабістым камфортам.

Дзяржаўная прапаганда цынічна зляпіла гэтыя дзве розныя прасторы — мемарыял і турыстычны Кракаў — у адну карцінку, стварыўшы фэйк, на фоне якога спрабуе апраўдаць уласную бездухоўнасць.

На тэрыторыі самога мемарыяла Аўшвіц-Біркенаў няма ніякіх кавярняў, а есці там строга забаронена. Тут не прадаецца сувернірная прадукцыя, а мясцовая кнігарня прапануе выключна адукацыйную літаратуру пра Халакост.

На тэрыторыі мемарыяла Аўшвіц-Біркенаў немагчыма, як у Хатыні, набыць дзіцячыя цацкі і іншыя сувенірныя забаўкі. У мясцовай кнігарні прадаецца толькі гістарычная і адукацыйная літаратура пра Халакост. Фота: Auschwitz Exhibition

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Поедем поедим2
    16.12.2025
    Чудное времяпреровождение.... А столики на монументах сожженных деревень еще не постаили?)))
    Колхозный трэш прямо!
  • Мда
    16.12.2025
    А еще в Минске было гетто. Здоровенное такое (для Минска) гетто. Там замучали кучу людей, никто даже не знает, сколько точно. Обвести на карте? Не хотите посчитать, сколько там кафе и какие бургеры? Я страшную вещь скажу, но бургеры и хотдоги, как весенняя трава пробивающиеся сквозь затхлый бетонный совок и его религию натужной скорби - это хорошо. Везде кто-то умер. Многие - в мучениях. Под Парижем - катакомбы с тоннами черепов и костей. А сверху никто не скорбит.
  • Мыш
    16.12.2025
    Мясцовыя манкурты спадзяюцца ўрваць якую капейчыну з расіян, якім, натуральна, чхаць на беларускія спаленыя вёскі - яшчэ адна кропка ў забаўляльнай праграме, чаму б не пад’есці з відам на званы на комінах?

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў89

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў

Усе навіны →
Усе навіны

Краўцоў пра першую прэс-канферэнцыю Бабарыкі і Калеснікавай: Спрэчку раздзьмувалі выключна ў фэйсбуку, Лосік той жа61

Акцёр Нагіеў раскрытыкаваў засілле фільмаў пра вайну, назваў вайну вайною і патлумачыў, чаму здымаецца ў «Ёлках»7

Таленавітага праграміста адправілі за краты. Ён уваходзіў у топ-0,2% спецыялістаў у сваім кірунку9

На рынку ў Табарах прадавалі снег

Лукашэнка ўгаворвае амерыканцаў не бамбіць флот наркамафіі, а дамаўляцца9

Як за год змянілася цана кватэр у Мінску і абласных цэнтрах4

Трамп падаў пазоў супраць BBC на пяць мільярдаў даляраў1

Лукашэнка анансаваў размову з Трампам5

Як змянілася Хатынь пасля рэканструкцыі: цяпер там прадаюць бургеры і дзіцячыя цацкі16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў89

Бабарыка тры хвіліны адказваў на пытанне, чый Крым. Так і не адказаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць