Культура11

«Я — «крыса», але я не адзін такі». «Вольныя Купалаўцы» пакажуць спектакль пра даносчыкаў і стукачоў

«Вольныя Купалаўцы» рыхтуюць прэм'еру спектакля «Менскае мора» — паводле пʼесы, створанай на падставе даносаў у КДБ. Прэмʼера — 31 сакавіка. «Белсат» пабываў на рэпетыцыі ў Варшаве.

Зоя Белахвосцік на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«У нашай сямʼі не можа быць даносчыка!»

Пʼесу для купалаўцаў ставіць польскі рэжысёр Войцех Урбаньскі. 

Два гады таму ён паставіў разам з купалаўцамі «Зэкамерон» (паводле аднайменнага дакументальнага рамана Максіма Знака), які з поспехам ідзе на тэатральных сцэнах польскіх гарадоў. У 2026‑м рэжысёр узяўся за пʼесу «Неабыякавыя» Іллі Прудніка, створаную на падставе базы даносаў КДБ, якую ў 2024 годзе выкралі кіберпартызаны.

Валянціна Гарцуева і Дзмітрый Есяневіч на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Дзеянне адбываецца пасля 2020 года. Адна менская «інтэлігентная сямʼя» збіраецца на лецішчы ў Калодзішчах, каб памянуць Капітана — мужа, бацьку і цесця, з якім толькі што развіталіся назаўжды. Завешваюцца люстры, адкаркоўваецца гарэлка. За сталом — удава Наталля Мікалаеўна (Зоя Белахвосцік), яе малодшы сын Мікіта (Міхась Зуй), прыёмная дачка Ніначка (Валянціна Гарцуева) і муж Ніначкі, «просты хлопец», Вася (Дзмітрый Есяневіч). Нечакана на дачу заяўляецца брат памерлага — Пётр Несцярук (Алег Гарбуз), супрацоўнік КДБ, з якім Капітан разарваў пры жыцці ўсе кантакты. Пётр папярэджвае, што, калі ён не дапаможа, сістэма «адцісне» ў сямʼі лецішча. А дапамагчы зможа пры адной умове: Несцярук хоча пачуць прызнанне таго, хто напісаў данос на старэйшага сына Капітана — Кастуся, які, адседзеўшы суткі, эміграваў на Захад.

«Прызнайцеся, што вы таксама не святыя. Проста хачу адчуць, што я не адзін такі ў сямʼі», — кажа кадэбэшнік Несцярук. «Я — «крыса», але я не адзін такі…» — дадасць пазней.

«Я катэгарычна супраць і не збіраюся ў гэта гуляцца! У нашай сямʼі не можа быць даносчыка!» — падвышае голас Наталля Мікалаеўна.

Не можа быць?.. Ну і панеслася: з сямейнай шафы выкульваюцца — адзін за адным — шкілеты. Ужо дэмаскаваны Васіль. Аказваецца, што ў 2020‑м ён адправіў «куды трэба» аж 13 даносаў. А пазней… Тут спыняемся і больш не спойлерым. Бо ўсё гэта варта пабачыць на ўласныя вочы, паглыбіцца ў «Менскае мора» ўласным целам і сумленнем.

Алег Гарбуз: Будзе і смешна, і страшна, і цікава

Адразу пасля рэпетыцыі актор Алег Гарбуз, які пераўвасабляецца ў «Менскім моры» ў кадэбэшніка Несцерука (і ўвесь час пераймаецца тым, што «гэбіст» з яго можа атрымацца занадта «добрым і прыемным»), прызнаецца, што стварыць спектакль на падставе базы даносаў было ягонай ідэяй.

Дзмітрый Есяневіч і Алег Гарбуз на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Праўда, я думаў, што гэта будзе нейкае вар'етэ. Але вырашылі пайсці іншым шляхам. Хоць музычныя нумары засталіся. Не ведаю, як будуць спалучацца песні з драмай. Бо атрымалася ж драма такая…» — гаворыць Алег Гарбуз.

«Драма, але эпізодамі мы рагаталі (асабліва з Васі — Дзмітрыя Есяневіча), як вар'яты нейкія», — перабіваем актора.

«Спадзяюся, што будзе і смешна, і страшна, а часам — проста цікава. Пабачым, як гэта будзе», — парыруе Гарбуз, прызнаючыся, што ўвайсці ў вобраз «гэбэшніка» было не проста…

Рэжысёр спектаклю Войцех Урбаньскі дадае, што была таксама ідэя зрабіць на падставе матэрыялу штосьці кшталту палітычнай акцыі ў форме прамога выказвання — з нарэзкай даносаў. Але ад ідэі адмовіліся, зразумеўшы, што іх галоўны глядач — беларусы — і так усё добра ведаюць.

«Мы сустракаліся, чыталі даносы, абмяркоўвалі і шукалі форму, як пра гэта распавесці. Прыйшлі ў выніку да таго, што неабходная пʼеса, якая будзе цікавая сама па сабе, а не толькі даносамі. Зразумела, што яны граюць важную ролю, але сама гэтая гісторыя, сама пʼеса — яна большая, чым пра даносы…» — кажа Войтэк Урбаньскі.

Войтэк Урбаньскі: Калі сістэма грунтуецца на страху і ідэалогіі, пачынаецца стукацтва

Войтэк Урбаньскі кажа, што беларуская тэматыка прыцягвае яго, з аднаго боку, сваёй блізкасцю з сітуацыяй, якую ўжо перажыла Польшча («Вельмі мне баліць, каб і ў Беларусі атрымалася»).

З другога, на ёй завязаная яго асабістая гісторыя. Да 2020 года Урбаньскі прыязджаў у Беларусь, ладзіў чыткі, удзельнічаў у фестывалях. У 2014 годзе паставіў у Варшаве пʼесу беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага «Тихий шорох уходящих шагов» («Сашка»), а перад тым — «Чырвоную птушку» Паўла Расолькі ў Маскве (2013).

У Войтка выдатная расейская: другую сваю тэатральную адукацыю ён атрымліваў у Санкт-Пецярбургу — скончыў Інстытут сцэнічных мастацтваў. Але прызнаецца, што расейскае ўварванне ва Украіну было «як нож у спіну» ўсёй яго папярэдняй гісторыі.

«Гэта перакрэсліла ўсякую маю сувязь з Расеяй. І вось цяпер праца з беларусамі неяк дапамагае мне залячыць гэтую рану. То бок я нейкім чынам ратую таксама і сваю гісторыю — з гэтымі рашэннямі вучыцца там і гэтак далей. Тут розныя рэчы скрыжоўваюцца. І калі б я тады не паехаў у Расею, я б наўрад ці сёння працаваў з купалаўцамі…» — тлумачыць Войтэк Урбаньскі.

Войтэк Урбаньскі на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Войтэк, вернемся да тэмы стукацтва. Не здаецца табе, што ўвогуле кожны чалавек носіць у сабе стукача?» — пытае карэспандэнт.

«Не думаю, што кожны. Але кожны носіць у сабе жаданне жыць лепей і багацей. І з гэтым жаданнем мы жывём па-рознаму. Некаторыя пастаянна суадносяць яго са сваёй сістэмай маральных каштоўнасцяў. Іншым і без гэтага ўсё лёгка даецца. А ёсць катэгорыя людзей, якія дасягаюць сваіх мэтаў, пішучы даносы на іншых. Цікава, што ў той беларускай базе даносаў не так і шмат даносаў, напісаных з чыста ідэалагічных прычын. Большасць — з асабістых крыўдаў, з помсты, з асабістай выгады. Ну і шмат абсалютна варʼяцкіх даносаў», — дзеліцца назіраннямі рэжысёр «Менскага мора».

«Проста заўсёды, калі сістэма грунтуецца на страху, пагрозах і жорсткай ідэалогіі, якой бы яна ні была, — у грамадстве пачынаецца стукацтва. І гэтая тэма застаецца, на жаль, актуальнай не толькі для Беларусі», — падсумоўвае Войцех Урбаньскі.

Ён разглядае магчымасць паставіць беларускую пʼесу пра даносы і па-польску, з удзелам польскіх актораў — «каб вярнуць тэму Беларусі ў польскую прастору».

Дзмітрый Есяневіч на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Адкуль гэта прыйшло? Дзе гэта пачалося?..»

Войтэк Урбаньскі хоча, каб «Менскае мора», прасякнутае абсурдам і смехам, вызваляла беларусаў у выгнанні ад той цемры, якую мы дасюль носім у сабе. І, напэўна, — ад прагі помсты. Бо смех яе выключае.

«Я вельмі не хачу асуджаць людзей за тое, што яны сталіся такімі. Гэта важна для мяне. Я не лічу, што чальцы сямʼі, пра якую мы расказваем, злыя ў сваёй натуры. Але адкуль гэта прыйшло? Дзе гэта пачалося? Хто гэта распачаў? Яны самі ці сістэма?.. Яны ж не злыя людзі па прыродзе сваёй. Чаму не ўсведамляюць сабе, што іх даносы могуць мець страшныя наступствы? Чаму не задумваюцца над гэтым? Чаму іншыя пра гэта не задумваюцца?..» — шэраг пытанняў, якія ставіць рэжысёр пастаноўкі і якія ставіць перад гледачамі сама пʼеса.

На думку актора Алега Гарбуза, стукацтва — гэта дадзенасць, якая патрабуе яшчэ асэнсавання.

Рэпетыцыя спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Стукачы ёсць заўсёды. І не толькі ва аўтарытарных дзяржавах, але і ў дэмакратыях. Я думаю, і тут яшчэ захаваліся. Гэта дадзенасць такая. Не вельмі прыемная дадзенасць. Не ведаю, чаму так атрымліваецца. Вядома, лепей было б, каб іх не было — і даносаў, і даносчыкаў. Але ну вось ёсць жа… І з гэтым трэба працаваць неяк. Трэба асэнсоўваць», — падагульняе Алег Гарбуз.

Прэмʼера спектаклю «Менскае мора» адбудзецца 31 сакавіка ў Варшаве на сцэне «Przodownik» (ul. Olesińska 21) Драматычнага тэатру. Білеты ўжо ў продажы

Каментары1

  • Роман
    05.03.2026
    надо уже отпустить ситуацию и жить дальше. Большинство уже пережили эти события.

    Не понятно, такие спектали коммерчески окупается...
    т.е. я вообще не понимаю за чем их ставить, специально ради спекталя?!

Цяпер чытаюць

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты47

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты

Усе навіны →
Усе навіны

У Беластоку кліент пагражаў беларускаму таксісту з-за акцэнту. Справай зоймецца пракуратура1

Беларуска просіць чыгунку зрабіць жаночыя купэ — яна нарвалася ў дарозе на сэксуальна заклапочанага мужчыну28

Джорджа Мелоні наведае краіны Персідскага заліву для абмеркавання паставак нафты

Крама закупляла красоўкі па сем рублёў, а прадавала па 200 рублёў2

Кураняты таксама любяць, калі іх гладзяць

«Мы так затрахалі нашых заходніх партнёраў?» Прапагандысты лямантуюць пасля блакіроўкі іх каналаў у ютубе19

СМІ: Пры ўдары па танкеры расійскага «ценявога флоту» загінуў генерал ГРУ, які курыраваў дыверсіі і забойствы за мяжой2

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома37

Звольнілі кіраўніка прадпрыемства, якое выбірае месца пад могільнік для радыеактыўных адкідаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты47

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць