Культура2525

Пахаладала перад Вялікаднем? Жыдоўскія кучкі! Аказваецца, у гэтай з'явы ёсць навуковае тлумачэнне

Набліжаецца праваслаўны Вялікдзень, яму заўсёды папярэднічае яўрэйскі Песах. У гэтыя дні ў нашым рэгіёне амаль заўсёды халадае і дажджыцца — беларусы і ўкраінцы называюць гэты перыяд «жыдоўскія кучкі». Лінгвістычна гэта не зусім справядліва, але метэаралагічнае тлумачэнне такому феномену ёсць. 

Жыдоўскія кучкі — чакай пахаладання і дажджоў. Фота: LookByMedia

Варта было слупку тэрмометра папаўзці ўніз за пару дзён да хрысціянскага свята, як у сацсетках і паміж сабой беларусы згадалі дзядоўскі выраз: «жыдоўскія кучкі». На «кучкі» заўсёды холадна і ідзе дождж — так казалі яшчэ нашы старыя. Але што гэта за такія «кучкі»? Адкуль слова пайшло?

Ніхто асабліва і не ведае, акрамя таго, што неяк звязаныя з юдэйскімі святамі.

 

Жыдоўская «кучка» на гравюры 1699 года. Фота: Wikimedia Commons

«Кучкі» гэта не абстрактны тэрмін, а цалкам матэрыяльны. У традыцыі юдаізму існуе восеньскае свята Сукот, што ў перакладзе з габрэйскай і азначае «буды», «шалашы». Яны ўсталяваныя ў памяць пра саракагадовае блуканне яўрэйскага народа па пустыні.

Традыцыйныя кучкі ў Ерусаліме. Фота: Wikimedia Commons
Сучасныя кучкі на тэрасах шматкватэрнага дома ў Іерусаліме. Фота: Wikimedia Commons

Само ж слова «куча», «кучка» мае даўнія славянскія карані, этымолагі ўзводзяць яго да праславянскага *kǫtja (хаціна, шалаш, куча) і збліжаюць з *kǫtъ (кут, вугал, закрытая прастора). Дагэтуль загон з хлеўчуком для авечак у многіх беларускіх гаворках называюць «куча». Ад той жа асновы балгарскае къща (дом), царкоўнаславянскае кꙋща, ад якога рускае куща у варыянце назвы свята Сукот праздник кущей. Так, і знакамітыя райские кущи гэта зусім не кусты ў райскім садзе, а хутчэй шалаш ці засень. 

Беларуская, польская і ўкраінская мова ад той жа праславянскай асновы ўтварылі іншую назву свята яўрэяў, якія вякамі жылі побач, — Кучкі. 

Архітэктура выгнання

Лічыцца, што ў гістарычным цэнтра Брэста захавалася некалькі кучак на дарэвалюцыйных дамах. Але з той жа імавернасцю гэта могуць быць і пазнейшыя спробы павялічыць плошчу свайго жылля за кошт лоджый. Фота: Sb.by

Мітрапаліт Іосіф Сямашка, апісваючы сваю паездку ў 1837 годзе, згадвае што ў царкве ў Чыгірыне пабачыў прыстасаванне для каталіцкіх набажэнстваў у Вялікую Пятніцу. Труна Хрыстова, як абурана піша дактрынёр Сямашка, была зроблена «на подобие жидовской кучки» і накрытая яловымі лапкамі.

Паколькі будаваць шалашы з пальмавых галін у халодным кастрычніцкім клімаце Усходняй Еўропы было праблематычна, мясцовыя яўрэі будавалі вельмі спецыфічныя «кучкі». Гэта былі буды, буданы — такія шалашы з кіёў і галля. З часам іх змянілі зашклёныя балконы або ганкі, галоўнай адметнасцю якіх быў адкідны або рассоўны дах.

Рэлігійны закон патрабаваў знаходзіцца пад адкрытым небам, таму мясцовыя майстры рабілі стрэхі на спецыяльных блоках і шарнірах. У такіх дашках, пад голым небам, мужчыны мусілі маліцца і есці цэлы тыдзень.

Унікальныя сведчанні таго, як гэты працэс бачылі суседзі-беларусы, захаваліся ў матэрыялах экспедыцый у мястэчка Жалудок на Лідчыне. Тамтэйшыя людзі памяталі, як выглядала гэта свята. Яны расказвалі даследчыкам, што ўвосень, якраз калі прыходзіў час капаць бульбу, яўрэі пачыналі будаваць у дварах свае «шалашыкі». Прычым матэрыял выбіраўся не выпадковы: бабулі сцвярджалі, што будавалі пераважна з вольхі. Сялянская логіка знаходзіла гэтаму практычнае тлумачэнне — вольха найлепш трымала сырасць і вільгаць, што нібыта патрабавалася для абраду.

Але самым дзіўным для хрысціянскага вока было іншае. Паводле народных уяўленняў, яўрэйскае свята вымагала абавязковай непагадзі і пакутаў. Таму, калі восень выдавалася сухой і дождж не ішоў, вернікі самі бралі вёдры і лілі ваду на дашкі сваіх кучак.

Беларусы цудоўна ведалі, што яўрэйскі закон патрабуе абсалютнай рытуальнай чысціні ад хрысціянскіх уплываў. Таму мясцовыя жартаўнікі часам спецыяльна праходзілі міма яўрэя, які ўзводзіў сваю кучку, і кідалі традыцыйнае хрысціянскае вітанне: «Памагай Бог!». Як успаміналі ў Жалудку, пасля гэтага бедны сусед мусіў цалкам разбурыць пабудову і пачынаць усё нанова, бо праца лічылася апаганенай.

Драўляная кучка ў Лодзі. Фота: Wikimedia Commons

Сёння ў некаторых гістарычных цэнтрах гарадоў і былых яўрэйскіх мястэчках, можна адшукаць жыдоўскія кучкі. Праўда, не заўсёды зразумела ці гэта кучка, ці гэта дысгарманічная пабудова, якая з'явілася ў перыяд падзелу колішніх прыватных дамоў на камунальныя кватэры-трушчобы.

Кучкі і непагадзь

Для беларускага селяніна мазахісцкае сядзенне суседзяў у халодных прыбудовах падчас восеньскай непагадзі выглядала як незразумелы і нават жорсткі абрад. У народнай свядомасці сфармавалася ўстойлівае міфалагічнае тлумачэнне гэтаму працэсу.

Этнограф Міхал Федароўскі ў вёсцы Куклічы (тады гэта быў Ваўкавыскі павет, а цяпер Свіслацкі раён — між Поразавам і Лыскавам) зафіксаваў красамоўную беларускую прымаўку: «Каб на Кучкі дождж не падаў, то ўсе жыды былі б паршывыя».

У традыцыйнай славянскай культуры хвароба скуры — «парша» ці кароста — лічылася праявай рытуальнай нечысціні і грахоўнасці. Сяляне верылі, што скурныя хваробы з’яўляюцца Божым пакараннем чужакам за іх веру. Таму халодны лівень, які заліваў прыбудовы падчас Сукота, успрымаўся хрысціянамі як магічны і жыццёва неабходны сродак ачышчэння. 

Кепскае надвор'е стала неад'емнай, сакральнай часткай незразумелага, нават загадкавага яўрэйскага свята ў вачах беларусаў.

Храналагічны парадокс: калі Сукот увосень, то чаму Кучкі вясною?

Тут узнікае лагічнае пытанне: калі Сукот і будаўніцтва кучак адбываюцца ўвосень, чаму мы згадваем пра іх вясной, акурат перад Песахам?

Пэўна, справа ў асаблівасцях працы народнай памяці. Звязаўшы яўрэйскае рэлігійнае свята з дрэнным надвор'ем, сяляне вывелі простае правіла: калі яўрэі нешта важнае святкуюць — чакай халадоў.

А самым прыкметным святам для навакольных заўсёды быў Песах, які прыпадаў на перыяд пасля вясновага раўнадзенства.

У міфалагічнай свядомасці дзве розныя з'явы зліліся ў адну. Зрэшты, не паўсюль. «Ідыш-беларускі слоўнік» Аляксандра Астравуха, выдадзены ў 2008 годзе, адзначае, што на мяжы Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны «жыдоўскімі кучкамі» здаўна называлі менавіта дажджлівую восеньскую пару пры канцы верасня перад «бабіным летам».

Чаму «жыдоўскіх кучак» няма ў слоўніках

Нягледзячы на тое, што выраз «жыдоўскія кучкі» ці проста «кучкі» вядомы, здаецца, усім беларусам, ён не ўнесены ні ў адзін з беларускіх слоўнікаў. Прычына — у савецкай цэнзуры: «кучкі» мелі відавочную рэлігійную афарбоўку, а такой лексікі не трэба было ведаць савецкаму чалавеку. Дый словы «жыд» і «жыдоўскі», якія стагоддзямі цалкам нейтральна ўжывалі беларусы, былі табуяваныя і не дапускаліся не толькі ў слоўніках, нават дыялектных, але і ў этнаграфічных публікацыях.

Нават верш Янкі Купалы «Жыды», гэта маніфест беларуска-яўрэйскай салідарнасці, быў у савецкі час забаронены.

Вось і склалася парадаксальная сітуацыя, калі выраз вядомы абсалютна кожнаму, а слоўнікі не згадваюць. 

Метэаралагічнае тлумачэнне пахаладання на Песах

Такім чынам, восеньскае свята, калі яўрэі мучылі сябе жыццём пад адкрытым небам, дало назву перыяду халоднага, дажджлівага надвор'я ўвогуле.

К той жа час людзі здаўна падмецілі, што веснавое пахаладанне ў нашых шыротах супадае з яўрэйскім Песахам.

Адно з магчымых тлумачэнняў таму такое. Песах заўсёды прыпадае на першую поўню пасля вясенняга раўнадзенства, бо яўрэйскі каляндар вядзецца па месяцавых цыклах, а паколькі ў поўню атмасферны ціск расце, то ў нашы шыроты прыходзіць пахаладанне з ветрам, дажджамі і замаразкамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары25

  • не блытаем
    04.04.2026
    "жыдоўскія кучкі" - восенню. Дарма іх прыплялі зараз.
  • .
    04.04.2026
    Гістарычная даведка цікавая, а вось "навуковае" тлумачэнне цалкам не слушнае.
    "Паколькі ў поўню атмасферны ціск расце, то ў нашы шыроты прыходзіць пахаладанне з ветрам, дажджамі і замаразкамі".

    Па-першае, няма прычыннай сувязі паміж фазамі месяца і надвор'ем. Знойдзены толькі невялікія флуктуацыі ў памерах ападкаў на экватары, у час, калі яны і так ідуць. Прылівы-адлівы таксама не ўплываюць на цыклонагенез.
    Па-другое, планета вялікая, ціск не можа расці адначасова паўсюдна. Недзе расце, недзе падае. У Беларусі не нейкае асаблівае геаграфічна або богам выбранае месца, каб ціск заўсёды рос у поўню.
    Па-трэцяе, рост ціску - гэта антыцыклон (яснае надвор'е), а падзенне ціску - цыклон (ападкі, вецер).
    Непасрэдна зараз набліжаецца халодны дажджлівы фронт цыклона і ціск падае.
  • Рэд.
    04.04.2026
    ., так, мы разумеем, што пакуль яснага навуковага тлумачэння феномену няма. Але факт застаецца фактам, што менавіта падчас першай пасля раўнадзенства поўні найчасцей у нас пахаладанне.

Цяпер чытаюць

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве28

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале горныя праваднікі правакавалі «горную хваробу» ў турыстаў, каб на гэтым узбагачацца

Ведаеце лубін? Навукоўцы з Мінска распрацавалі катлеты з яго. Але самі не гатуйце ні ў якім разе!1

Беларускае тэлебачанне пакажа велікодныя каталіцкія набажэнствы1

Гінулі ад паводкі, але выратаваліся пераездам. Як цяпер жывецца ў Беларусі турападобным быкам2

Сілавікі заняліся заснавальнікамі дабрачыннага фонду «Цуд дзецям». Сцвярджаюць, што яны махляры1

«Беларуская навука — выпаленая пустка, дзе адзіночкі спрабуюць стварыць нармальны свет для такіх, як вы». Чаховіч палемізуе з Паўлючэнкам22

Дырэктарка турфірмы, якая не пазнала беларускай мовы, вырашыла адсудзіць 37 тысяч даляраў. Але праз некалькі гадзін перадумала12

Як будзе выглядаць машына для кантролю аплаты парковак у Мінску1

У Аўстрыі пажарны атрымаў экстранны выклік падчас візіту да цырульніка. Яго новы вобраз стаў вірусным у сацсетках4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве28

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць