Грамадства1313

Хітры беларус змяніў імя і прозвішча, каб абысці забарону на ўезд у Фінляндыю. Але не пракаціла

Фінляндыя была не рада яго бачыць, але ён паспрабаваў вярнуцца. Прабіўся толькі да Эстоніі.

Фота: Westend61 / Getty Images

Грамадзянін Беларусі, які раней атрымаў ад Фінляндыі двухгадовую забарону на ўезд у Шэнгенскую зону, вярнуўся на радзіму, змяніў там імя і прозвішча, аформіў новы пашпарт і польскую візу — і па новых дакументах зноў заехаў у Еўрасаюз праз Латвію. У сакавіку 2024 года яго затрымалі ў Таліне. Адміністрацыйны суд Таліна задаволіў хадайніцтва эстонскай паліцыі і дазволіў трымаць чалавека пад вартай да высылкі.

Пра гэта сведчыць пастанова Талінскага адміністрацыйнага суда (Tallinna Halduskohus) ад 14 сакавіка 2024 года па справе № 3-24-765. Імя і прозвішча фігуранта суд распарадзіўся схаваць у апублікаванай версіі рашэння.

Як з’явілася забарона на ўезд

Першапачаткова чалавек насіў іншае імя і прозвішча. 19 студзеня 2023 года Фінляндыя выдала яму прадпісанне аб выездзе, якім увяла забарону на ўезд у Шэнгенскую зону на два гады — з 8 лютага 2023‑га па 8 лютага 2025-га.

З Шэнгенскай зоны ён выехаў у апошні дазволены дзень, 8 лютага 2023 года.

Пазней у судзе высветлілася, што затрыманы нелегальна працаваў у Фінляндыі, а з краіны выехаў у Турцыю.

Новае імя, новы пашпарт і польская віза

Вярнуўшыся ў Беларусь, чалавек змяніў імя і прозвішча і атрымаў новы беларускі пашпарт ужо на новае імя (магчыма, гаворка ідзе пра выкарыстанне іншай транслітарацыі, а не пра поўную замену імені і прозвішча) — дакумент выдалі 17 лютага 2023 года тэрмінам да 17 лютага 2033-га. Затым ён аформіў польскую візу катэгорыі D, дзейную з 22 сакавіка 2023 года па 20 сакавіка 2024-га.

22 студзеня 2024 года беларус зноў уехаў на тэрыторыю краін Шэнгенскага пагаднення — праз Латвію, па новым беларускім пашпарце. Фармальна ў яго была дзейная польская доўгатэрміновая віза, аднак забарона на ўезд, накладзеная Фінляндыяй, працягвала дзейнічаць да лютага 2025 года.

Затрыманне ў Таліне

12 сакавіка 2024 года а 11:25 беларуса затрымаў памежнік Паўночнай прэфектуры Паліцэйска-памежнага дэпартамента (Politsei— ja Piirivalveamet, PPA) на талінскім памежным пункце на вуліцы Logi — у раёне пасажырскага порта. Затрыманне аформілі на 48 гадзін, а самога чалавека перавезлі ў цэнтр утрымання PPA ў вёсцы Соадэвахе воласці Раэ (Harjumaa).

Паводле матэрыялаў справы, Эстонію беларус выкарыстоўваў як транзітную краіну, каб трапіць у Фінляндыю, дзе планаваў працаваць. Эканамічных і сямейных сувязяў ні з Эстоніяй, ні з іншымі краінамі Шэнгена ў яго не было.

У той жа дзень, 12 сакавіка, паліцыя выдала яму новае прадпісанне аб выездзе і дадаткова ўвяла забарону на ўезд тэрмінам на пяць гадоў.

Што затрыманы казаў на допыце і ў судзе

Падчас гутаркі 12 сакавіка чалавек прызнаў, што ведаў пра забарону Фінляндыі і што менавіта праз яе змяніў сваё імя — каб зноў трапіць у Шэнген. Ён прызнаў, што парушыў эстонскі Закон аб замежніках, знаходзячыся ў Шэнгенскай зоне без законнай падставы.

На судовым пасяджэнні 13 сакавіка яго пазіцыя змянілася. Чалавек заявіў, што з хадайніцтвам паліцыі згодны, але не разумее, чаму высылка зацягваецца. Ён сцвярджаў, што іншых імёнаў у яго ніколі не было, а ў новым пашпарце імя проста запісана інакш, бо кірылічнае напісанне інакш перадаецца лацінкай. Новы пашпарт ён нібыта аформіў таму, што страціў папярэдні.

Суд палічыў гэтыя тлумачэнні непераканаўчымі: яны супярэчаць ранейшым паказанням, дзе чалавек прама казаў, што змяніў імя дзеля паўторнага ўезду. Затрыманы дадаў, што хоча вярнуцца дадому ў Беларусь, што мае дастаткова грошай арганізаваць пераезд самастойна і гатовы да канца працэдуры жыць у нейкім месцы пражывання, калі паліцыя дазволіць.

У выніку беларуса пакінулі пад вартай, каб арганізаваць дэпартацыю. Працэс павінен быў заняць не больш за месяц.

Каментары13

  • Indrid Cold
    31.05.2026
    А колькі агентаў ФСБ зараз у ЕЗ з новымі лукашэнкаўскімі пашпартамі?
  • Ушоцэ
    31.05.2026
    Дзікунства нейкая. Беларус прыехаў працаваць у Еўропу. Не злачынца, не нейкі лайдак ці грантапрысмактальнік! Вось прыклад, як нас чакаюць у Еўропе і вынікі дзейнасці лідарак і чалінь за 5 гадоў. Ці будзе ад каго з іх заява аб абароне годнасці беларусаў і ці спытаюцца яны ў Барэля і Фандэрляйн, як так адыбваецца, што яны чэшуць языкамі пра чаканне Беларусі ў Еўразвязе, а насамрэч вышпурхваюць нашых людзей да дыкататара?
  • Indrid Cold
    31.05.2026
    Ушоцэ, які ен наш? Беларусы не махляры. Гэты з расейскай прашыўкай.

Цяпер чытаюць

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Усе навіны →
Усе навіны

Закрываецца адзін з беларускіх шэлтараў у Варшаве7

Падводны паляўнічы паляваў на Бярэзіне і знайшоў чалавечае цела

Лукашэнка патрабуе адкрываць у сельскай мясцовасці міні-пякарні са свежым хлебам14

Журналіста «Еўрарадыё» Тарналіцкага дадалі ў базу «Міратворац» — за некрытычную гутарку з украінскім ухілянтам34

У прэзідэнты Францыі вырашыў балатавацца пяціразовы алімпійскі чэмпіён1

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?38

Хакейнае «Дынама» закрыла сваё кафэ ў мінскім гандлёвым цэнтры1

У Беларусі выпусцяць навагодняе марожанае са смакам святочных напояў

Расійскія хакеры ўзламваюць смартфоны нават праз надзейныя сайты. Адзіная страхоўка: абнаўляць праграмнае забеспячэнне1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць