Усяго патроху88

Гэты горад у Еўропе пасадзіў галубоў на супрацьзачаткавыя сродкі

Незвычайны спосаб барацьбы з празмернай колькасцю гарадскіх галубоў ужо некалькі гадоў практыкуюць у іспанскай Барселоне. Птушкам дадаюць у корм рэчыва, якое часова робіць іх бясплоднымі. Улады кажуць, што гэта дазваляе паступова змяншаць папуляцыю ў найбольш праблемных месцах без іх фізічнага знішчэння. З падрабязнасцямі знаёміць The Telegraph.

Мужчына корміць галубоў на плошчы Каталоніі ў Барселоне. Фота: David Ramos / Getty Images

Гарадскія галубы даўно сталі выклікам для многіх еўрапейскіх мегаполісаў. Іх памёт псуе фасады і помнікі, птушкі селяцца каля рынкаў і кавярняў, а чароды ў турыстычных месцах выклікаюць скаргі жыхароў і бізнэсу. У Барселоне, як і ў іншых буйных гарадах, праблема асабліва абвастрылася ў цэнтры і ў шчыльна заселеных кварталах.

Доўгі час улады спрабавалі кантраляваць колькасць галубоў традыцыйнымі метадамі — выкарыстоўвалі сеткі, пасткі, адлоў і іншыя спосабы фізічнага знішчэння. Але такія меры выклікалі ўсё больш крытыкі з боку абаронцаў жывёл, а іх эфект часта аказваўся часовым: папуляцыя хутка аднаўлялася.

Пошук гуманных альтэрнатыў пачаўся ў горадзе яшчэ ў 2017 годзе, калі Барселона запусціла пілотны праект па выкарыстанні птушыных кантрацэптываў. Гэты падыход атрымаў канчатковае прызнанне пасля прыняцця ў Іспаніі ў 2023 годзе новага закона аб абароне жывёл. Дакумент забараніў невыбіральны адлоў і забойства гарадскіх птушак, абавязаўшы мясцовыя ўлады аддаваць прыярытэт менавіта этычным і нелетальным метадам.

Такім чынам вопыт Барселоны па кантролі нараджальнасці стаў асноўнай стратэгіяй: замест знішчэння птушак стаўка цяпер робіцца на натуральнае і паступовае скарачэнне іх колькасці.

«Разумныя» кармушкі

Сёння ў Барселоне налічваецца звыш 40 спецыяльных дазатараў, падобных да смеццевых кантэйнераў. Кожную раніцу, роўна а восьмай гадзіне раніцы, убудаваны таймер выпускае пэўную колькасць кукурузы.

Але гэта не звычайны корм: кожнае зерне апрацавана нікарбазінам — прэпаратам, які дзейнічае як супрацьзачаткавы сродак для птушак. Дастаткова ўсяго 10 грамаў такой кукурузы ў дзень, каб галубы пачалі адкладаць яйкі, з якіх не вылупяцца птушаняты.

Пры гэтым эфект не лічыцца незваротным: калі птушка перастае атрымліваць прэпарат, фертыльнасць паступова вяртаецца.

Сам нікарбазін не быў распрацаваны спецыяльна для гарадскіх птушак. Яго ўжо каля 70 гадоў выкарыстоўваюць у птушкагадоўлі для прафілактыкі кокцыдыёзу — паразітарнай хваробы курэй. Прэпарат ужываюць і сёння, у тым ліку ў частцы бройлернай вытворчасці. Менавіта падчас шматгадовага выкарыстання заўважылі, што рэчыва ўплывае на размнажэнне птушак. Для іншых жывёл, якія не адносяцца да птушак, кантрацэптыўнага эфекту ў яго не выяўлена.

Кукурузу для барселонскай праграмы вырабляюць у Італіі. У кожнае зерне ўводзяць нікарбазін, пасля чаго пакрываюць яго сіліконам, каб рэчыва не вымывалася. Прэпарат прадаецца пад гандлёвай назвай Ovistop.

У Барселоне дазатары не стаяць на адным месцы пастаянна. Іх пераносяць туды, дзе колькасць птушак пачынае выклікаць найбольшую колькасць скаргаў. Напрыклад, дазатар, размешчаны ў парку Ла-Пегаса, штодня рассыпае каля 500 грамаў кукурузы — гэтага хапае прыкладна для пяцідзесяці галубоў.

Прыхільнікі праграмы падкрэсліваюць, што мэта не ў поўным знішчэнні галубоў. Паводле ацэнак, у Барселоне жыве каля 90 тысяч гэтых птушак, а кантрацэптыўныя кармушкі ўплываюць толькі на невялікую частку папуляцыі. Але ўлады спадзяюцца, што гэтага дастаткова, каб зменшыць шчыльнасць птушак у самых праблемных месцах.

Ці ёсць вынік?

Даследаванні даюць неадназначныя вынікі. У адным з іх, якое працягвалася тры гады і ахапіла 34 калоніі галубоў, было зафіксавана скарачэнне колькасці птушак больш чым на 55% дзякуючы выкарыстанню дазатараў з нікарбазінам.

Іншая навуковая праца паказала, што за восем гадоў у 24 гарадах Каталоніі метад кантрацэпцыі «значна скараціў мясцовую колькасць галубоў з мінімальным уздзеяннем на іншыя віды».

Але існуюць і даследаванні з супрацьлеглымі высновамі. Артыкул у часопісе Pest Management Science у 2020 годзе сцвярджаў, што выкарыстанне нікарбазіну не прывяло да прыкметнага скарачэння колькасці галубоў у буйных гарадах. Аўтары нават раілі не выкарыстоўваць гэты метад у мегаполісах.

Прыхільнікі сістэмы адказваюць, што праблема ў маштабах і працягласці назіранняў. На іх думку, адзін год — занадта кароткі тэрмін для ацэнкі вынікаў, бо галубы размнажаюцца цягам усяго года, а іх колькасць у горадзе пастаянна вагаецца з-за міграцыі паміж раёнамі.

Праблемы пераймання вопыту

Аднак, як адзначае The Telegraph, нават калі эфектыўнасць метаду будзе даказана, пераняць досвед Барселоны іншым краінам няпроста. Галоўная перашкода — складаны юрыдычны статус прэпарата.

У Еўрасаюзе нікарбазін зарэгістраваны найперш як кармавая дабаўка для птушкагадоўлі. Каб выкарыстоўваць яго для гарадскіх галубоў, кожнай краіне даводзіцца праходзіць праз асобныя працэдуры ўзгаднення.

Бульвар Рамбла-дэль-Раваль у Барселоне, 29 красавіка 2026 года. Фота: David Zorrakino / Europa Press via Getty Image

У Італіі і Бельгіі прэпарат дазволены праз нацыянальныя механізмы рэгістрацыі, а ў некаторых рэгіёнах Іспаніі — праз спецыяльную норму «тэрапеўтычнага выключэння», якая дзейнічае, калі для праблемы няма іншага афіцыйнага рашэння.

Падобныя бюракратычныя цяжкасці стрымліваюць укараненне метаду і ў Вялікабрытаніі: там пакуль не вызначыліся, як класіфікаваць такія сродкі — як ветэрынарныя лекі або як сродкі барацьбы са шкоднікамі.

Нягледзячы на гэтыя юрыдычныя і навуковыя спрэчкі цікавасць да «галубіных таблетак» у свеце толькі расце. Справа ў тым, што вопыт Барселоны — не ізаляваны эксперымент, а частка маштабнага глабальнага трэнду пад назвай «кантроль нараджальнасці дзікіх жывёл» (wildlife fertility control).

Сёння навукоўцы распрацоўваюць падобныя праграмы для самых розных відаў: ад шэрых вавёрак у Брытаніі да капібар у Бразіліі і нават сланоў у Афрыцы. Прэпараты на аснове нікарбазіну ўжо афіцыйна выкарыстоўваюць у ЗША, Канадзе, Аўстраліі і ААЭ.

Такая папулярнасць тлумачыцца зменай грамадскіх прыярытэтаў, дзе на першае месца выходзяць этыка і бяспека. У сучасным свеце людзі ўсё больш неахвотна прымаюць забойства жывёл як спосаб вырашэння праблем, нават калі гаворка ідзе пра шкоднікаў.

Акрамя таго, дыстанцыйная кантрацэпцыя лічыцца больш бяспечнай для навакольнага асяроддзя: у адрозненне ад атруты яна не патрапляе ў харчовы ланцужок і не нясе пагрозы хатнім сабакам або дзікім драпежным птушкам.

Барселонскі прыклад паказвае, што будучыня гарадской экалогіі можа грунтавацца не на знішчэнні, а на тэхналагічным і гуманным суіснаванні.

Каментары8

  • 453543
    22.05.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Ну-ну
    22.05.2026
    Жвір, Вы хіба блытаеце рэальных харчовых галубоў, якія спэцыяльна гадуюць на гэта, з вулічнымі. Вулічны голуб – хадзячы пераносчык глістоў ды іншай трасцы.
  • Алік
    22.05.2026
    галубы пераносяць інфекцыі і паразітаў. таму не варта дыхаць калі яны стаяй узлятаюць, трэба абыходзіць бокам. дзяцей не падпускаць. шкодная птушка. як і чайкі.

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі14

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску магутная залева2

Маласольныя агуркі: у чым іх карысць і навошта дадаваць у слоік лісце дуба і парэчак22

Найлепшыя серыялы года: абвешчаны намінанты прэміі «Эмі-2026»3

Вікінг супраць англасакса: Холанд і Кейн выводзяць Нарвегію і Англію на апошні бой4

З асуджанага за шпіянаж знаёмага Вольгі Карач у турме вымагалі грошы. А ён хваліўся, што можа дастаць іх у пасольстве Беларусі7

Тэйлар Свіфт заплаціла 160 тысяч даляраў за ўзгадненне свайго грандыёзнага вяселля з уладамі Нью-Ёрка1

Непадалёк ад плошчы Перамогі ў незвычайным доме прадаецца кватэра з садам пад вокнамі і месцам для барбекю

У Расіі беларус на фуры так урэзаўся ў аўтазак, што арыштант унутры страціў прытомнасць

Што рабіць, калі кватэру затапіла?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі14

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць