Грамадства1010

Арыштаваная і ўратаваная: Фядута выдаў кнігу пра галоўны твор беларускай літаратуры

За што «галоўная кніга нашай нацыянальнай літаратуры» была выключана са школьнай праграмы? На гэтае пытанне адказвае Аляксандр Фядута сваёй кнігай пра твор — «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім», піша «Белсат».

Пяць гадоў таму, 11 красавіка 2021 года, у Маскве ФСБ затрымала групу беларусаў, якіх перадалі КДБ Беларусі і абвінавацілі быццам бы ў падрыхтоўцы перавароту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сярод затрыманых — пісьменнік і журналіст Аляксандр Фядута. Ён жартаўліва напісаў пра той арышт: «Так упершыню за шмат гадоў у мяне з’явіўся вольны час».

І гэты час ён, як творца слова, прысвяціў увасабленню ідэі, якую выношваў вельмі даўно — стварыць грунтоўны каментар да галоўнага беларускага гістарычнага рамана «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча: «Я меў тэкст рамана і чыстыя сшыткі».

Але праз немагчымасць доступу да бібліятэкі, у якой мог бы паглядзець, што пісалася іншымі аўтарамі пра караткевічаўскі раман, Аляксандр Фядута змяніў першапачатковую канцэпцыю і вырашыў выкласці «сваё разуменне рамана, сваю трактоўку» ў выніку шматгадовага яго чытання.

Адсутнасць меркаванняў іншых знаўцаў творчасці Караткевіча — насамрэч не слабасць, а моцны бок «Лексікону», такой мініэнцыклапедыі з 51 артыкула, прысвечаных героям і розным з’явам з раману, Аляксандр Фядута фактычна дзеліцца самым дарагім, што яго кранала за кратамі, і што чытаецца між радкоў. У выніку «Лексікон» — гэта кніга не толькі пра раман Караткевіча, пра беларускі народ, які ў ёй паўстае ў вобразе розных герояў, але і кніга пра самога Аляксандра Фядуту, пазбаўленага волі, кніга пра пераасэнсаванне пратэстаў 2020 года.

«Лексікон» сам аўтар адрасаваў гісторыку Адаму Мальдзісу, як «аднаму з першых адкрывальнікаў Атлантыды беларускай мінуўшчыны», але той памёр 3 студзеня 2022 года, так і не пабачыўшы гэты твор. А яшчэ пакуль Фядута быў за кратамі, адзін з галоўных лукашэнкаўскіх ідэолагаў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, вядомы сваімі прарасейскімі поглядамі, дамогся выключэння ў 2023 годзе «Каласоў» са школьнай праграмы.

Рукапіс у закладніках у КДБ

Калі кніга была гатовая, ёй зацікавіўся КДБ у асобе падпалкоўніка Аляксандра Акуліча, які «міласціва» прапанаваў перадаць твор на волю. Такое ўжо было з Фядутам падчас яго арышту ў 2010 годзе, калі за кратамі ён напісаў кнігу ўспамінаў пра Горадню 1970—1980‑х гадоў «Мой маленькі Парыж».

Але на гэты раз падпалкоўнік КДБ сваё слова не стрымаў і кніга ледзь не знікла, як і шматлікія творы іншых палітвязняў. Але Аляксандр Фядута вырашыў праявіць прынцыповасць, каб вярнуць твор, і абвясціў «медычную забастоўку» — адмовіўся прымаць лекі, якія яму неабходныя былі праз дрэнны стан здароўя.

Праз два тыдні пісьменніку стала зусім блага, але ён працягваў сваё змаганне за рукапіс. Адміністрацыя ж турмы зайшла з тузоў: вырашыла настроіць супраць Фядуты тых 14 чалавек, хто з ім сядзеў у адной камеры, паабяцаўшы штоднёвыя ператрусы. Аляксандр Фядута вымушаны быў пагадзіцца прымаць лекі, але не страціў надзею вярнуць «Лексікон», для чаго стаў «бамбардзіраваць лістамі» Генеральную пракуратуру.

Гэтае змаганне за рукапіс «Лексікону» з падпалкоўнікам КДБ Аляксандрам Акулічам каштавала Аляксандру Фядуце заробленай на ўсё жыццё мігальнай арытміяй сэрца. Урэшце рукапіс пагадзіліся вярнуць, але з адной умовай — Фядута павінен быў падпісаць пратакол яго крымінальнай справы: «Так нататкі пра раман Караткевіча ператварыліся ў закладнікаў».

І Фядута пайшоў на такі крок, пасля чаго сшыткі з «Лексіконам» былі перададзеныя да яго жонкі. Аднак паўстала яшчэ адна ўмова ад КДБ — Фядуце прыйшлося паабяцаць, што ён не будзе друкаваць кнігу пра кнігу Караткевіча яшчэ год. Урэшце рукапіс быў «вызвалены» толькі пасля вызвалення і дэпартацыі з Беларусі яго аўтара.

І цяпер выйшаў у выдавецтве «Полацкія лабірынты» у выдатным перакладзе на беларускую мову Ганны Майскай і з прадмовай Сяргея Дубаўца.

«Каласы» як нашы «Вайна і мір»

Былы настаўнік літаратуры Аляксандр Фядута адразу ставіць усе кропкі над і ў плане дасканаласці беларускай літаратуры і тлумачэння часу беларусам часам закідваюць, што ў нас няма твораў «Вайны і міру» Льва Талстога. Робяць гэта тыя, хто з нашай літаратурай добра не знаёмы, а само гэтае параўнанне сягае ў савецкую школьную праграму 1970‑х гадоў, дзе «твор Талстога» бачыўся своеасаблівым ідэалам не праз яго нейкую звышнатуральнасць, а праз колькасць спасылак на гэты твор у сачыненнях стваральніка СССР Уладзіміра Леніна

«Каласы» Караткевіча Фядута параўноўвае з «Вайной і мірам», але бачыць іх большае падабенства з творамі Вальтэра Скота, а ў плане яго незавершанасці і наяўнасці 150 цытатаў на іншыя літаратурныя творы — тоесным пушкінскаму «Яўгену Анегіну».

Конь як сімвал Беларусі

51 артыкул «Лексікону» змешчаны ў той паслядоўнасці, як яны і пісаліся за кратамі, што дазваляе прасачыць і за хадой думак ды перажыванняў самога Аляксандра Фядуты ў зняволенні. Пачынаецца ўся з «Каня», аднаго з галоўных вобразаў «Каласоў».

Адразу перад вачамі паўстае чорны конь Чорнага Войны і два белыя кані Алеся Загорскага (Урга і Тромб) — у гэтым бачыцца пераход ад барацьбы адзіночак-партызан да масавага нацыянальна-вызвольнага руху. А яшчэ ж белы вершнік — сімвал нашай «Пагоні», сімвал Беларусі, а караткевічаўскае белае жарабя — гэта будучы конь, на якім прыедзе Збаўца «ратаваць свае белыя землі»: «Увесь раман Караткевіча фактычна пра тое, як расце белае жарабя і як расце, рыхтуючыся да выканання сваёй місіі, ягоны вершнік, якому суджана зліцца з белым канём у адзінае цэлае, ператварыцца ў кентаўра». У далейшым Аляксандр Фядута пашырае сваё разуменне: «Белы вершнік на белым кані становіцца двайніком святога Юрыя (Георгія), сімвалам веры ў Боскую апеку над барацьбой за вызваленне Беларусі. Беларусь становіцца мэтай і сцягам у гэтай барацьбе, а беларускасць (то-бок усведамленне сябе адным з беларусаў) — яе неабходнай умовай і характарыстыкай».

Пасля сімвалу Беларусі, наступныя артыкулы ў «Лексіконе» прысвечаныя «адмоўным» персанажам, з якімі, відавочна, сам Фядута сутыкаецца за кратамі — гэта жандарм Мусатаў, імператрыца Кацярына ІІ, памешчык Канстанцін Кроер. У апошнім, паводле трапнай заўвагі Фядуты, Караткевіч быцца бы схаваў апісанне смерці Іосіфа Сталіна: «Ад аслабелага жорсткага таталітарнага кіраўніка атачэнне разбягаецца, толькі адчуўшы ягоны непазбежны сыход».

Хіба не за такія словы-прадказанні падпалкоўнік Акуліч, які, магчыма, таксама бачыў між радкоў, вырашыў закрыць «Лексікон» Фядуты?

Галоўны ж антыгерой рамана, паводле Фядуты, — Расейская імперыя: «Злая, антынацыянальная і антычалавечая сіла«. Менавіта ёй кідае выклік галоўны герой Алесь Загорскі, прадстаўнік новага пакалення, у адрозненні ад старога, навучанага на паразах, якое ўсвядоміла марнасць сілавога супраціву імперыі: «Яны поўныя веры ў сваю перамогу, якая падаецца ім непазбежнай і гістарычна абумоўленай. І фінальны верш Алеся Загорскага ўдае на маніфест новага палітычнага пакалення грамадзян імперыі: «Я выходжу». На сцэну гісторыі выходзіць новае пакаленне». Хіба гэта не вобраз Рамана Бандарэнкі, забітага пры ўдзеле набліжаных да Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава і Наталлі Эйсмант 12 лістапада 2020 года?

А як жа груша, з якой і пачынаецца сам раман і якую Фядута разумее як сімвал упартасці жыцця, яна не скараецца свайму спрадвечнаму ворагу і ўвасабляе неўміручасць цэлага народу. Тут зноў Аляксандр Фядута быццам звяртаецца да беларусаў на пратэстах 2020 года: «Як і дрэва грушы, ён не рыхтуецца да смерці — ён буйна квітнее. І гэта квецень і ёсць жыццё асобных людзей…»

Кастусь Каліноўскі як беларускі патрыёт

Таксама адным з галоўных дасягненняў Уладзіміра Караткевіча Аляксандр Фядута бачыць створаны вобраз Кастуся Каліноўскага як беларускага патрыёта, за што ў выніку раман і быў выкраслены Гігіным са школьнай праграмы. Аднак пры гэтым, як падкрэслівае гарадзенскі пісьменнік, караткевічаўскага Каліноўскага ні ў якім разе нельга абвінаваціць у антырасейскасці, бо тут у адпаведнасці з савецкай афіцыйнай канцэпцыяй ёсць выразная мяжа паміж расейскім народам і імперскай уладай, як тое занатавана ў адным з лістоў да героя рамана Алеся Загорскага: «Ты ведаеш… я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы…». Вайна ва Украіне паказала, што гэта зусім не так.

Затое менавіта Каліноўскі з «Каласоў» стаў прыкладам для многіх беларусаў, і застаецца такім і сёння: «Можна сказаць, што ў масавай свядомасці патрыятычна арыентаваных беларусаў сёння існуе менавіта такі Кастусь, якога прыдумаў і апісаў Уладзімір Караткевіч, — светлы, рамантычна-ўзнёслы, з іскрынкамі ў вачах і з валявой складкай рота. Такі, якога можна палюбіць і якому варта было паверыць».

І менавіта за такія вобразы мы і любім «Каласы пад сярпом тваім». Але як Аляксандр Фядута разумее галоўнага героя рамана Алеся Загорскага ды іншых постацяў, альбо што закадавана ў цукры, як разумеецца Караткевічам свабода? Вы знойдзеце адказ у «Лексіконе». 29 траўня ў 12 гадзін у Варшаве на кніжным кірмашы на Нацыянальным стадыёне Аляксандр Фядута правядзе аўтограф-сесію, а 31 траўня ў 12 гадзін там жа прэзентуе і сваю кнігу.

Каментары10

  • Как то смешно
    29.05.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Gorliwy Litwin
    29.05.2026
    Цяжкі шлях кнігі Аляксандра Федуты да чытача выклікае спачуванне. (і гнеў у адрас катаў, таксама). Але з трактоўкай аўтарам "Каласоў" і самога Караткевіча вельмі цяжка пагадзіцца. Цэнтральны вобраз усіх раманаў Караткевіча, калі ўявіць гэткі кампендыюм - гэта Мужыцкі Цар-Збаўца, які прыйдзе вызваліць беларусоў з-пад панскага прыгнёту і жорстка ўсім прыгнятальнікам адпомсціць.

    А хто такі Мужыцкі Цар-Збаўца ў рэальнай гісторыі, калі не лукашэначка? Караткевіч у дачыненні да яго выступае гэткім Іаанам Хрысціцелям. Хрысціць люд паспаліты ў Беларушчыну, а Цар-Збаўца ўжо практычна яе ўвасабляе пераможна, будуе Дзяржаўнасць. Прычым тут паўстанцы 1863 г.? Яны акурат змагаліся за гранічна варожую беларусам, Царскім Хлебаробам, няшчырую панска-лацінскую цывілізацыю. За незасвоеныя і адкінутыя беларусамі ідэалы "Вясны Народаў".

    Чаго ў караткевічаўска-лукашэнкаўскай Беларушчыны не аднімеш, дык гэта што яна стварыла для рэальных беларусоў рэальны Дабрабыт, які няспынна расце. Але гэта Дабрабыт, менавіта дараваны Расійскай імперыяй за вернае служэнне ёй, а ніяк не нейкі там анты-расійскі. Прэцэдэнтаў Дабрабыту на антырускім падмурку мы не бачым ані ў жыцці канкрэтна Караткевіча і лукашэначкі, ані ў жыцці ўсяго Этнасу Царскіх Хлебаробаў.
  • кампендыюм
    29.05.2026
    Gorliwy Litwin, можаш не пагаджацца, вольнаму воля

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кіселя, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кіселя, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Каршэрынгавы аўтамабіль у Мінску літаральна пайшоў пад зямлю1

На надзвычай аварыйным участку дарогі паміж Мінскам і Барысавам абмяжуюць хуткасць

75‑гадовую мінчанку асудзілі за «замах на садзейнічанне экстрэмізму»9

Беларускія дзяржаўныя хакеры правялі хвалю кібератак на акаўнты электроннай пошты ў Польшчы2

З малатка па нетыповай схеме прадалі кватэру эканаміста Паўла Данэйкі4

У мінскай краме выставілі на продаж цэлую скрынку гнілой бульбы

Трамп назваў лідараў Ірана нячэснымі людзьмі, якія злілі ў СМІ вартую жалю і нікчэмную заяву9

У Беларусі ўвядуць ордэн «Бацькоўская доблесць»6

Прарасійскі блогер заявіў, што ўкраінскія дроны ляцяць у Расію праз Беларусь16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кіселя, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кіселя, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць