Беларускі прараб вырашыў дапамагчы падначаленаму таджыку — і выпадкова наткнуўся на расійскага паліцэйскага, які не ўзяў хабар
Кемлівы паліцэйскі здагадаўся, што зараз яму будуць прапаноўваць грошы, таму ўключыў у кабінеце відэакамеры і стаў чакаць.

Баксітагорскі гарадскі суд Ленінградскай вобласці прызнаў грамадзяніна Беларусі А. Раманенку вінаватым у падрыхтоўцы да дачы хабару паліцэйскаму. Гісторыя, якая прывяла беларуса ў СІЗА, пачалася са спробы выручыць работніка-таджыка, якому назаўтра трэба было ляцець на дзень нараджэння сына.
Раманенка нарадзіўся ў Казахстане, мае беларускае грамадзянства, да затрымання працаваў прарабам у кампаніі «Тантал» у Ленінградскай вобласці Расіі. Раней не быў судзімы і нават не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
«Хацеў парашаць пытанне»
Усё пачалося з таго, што ўладальнік кватэры ў Баксітагорску, у якой быў часова зарэгістраваны грамадзянін Таджыкістана А. Эргашаў, сам паведаміў у міліцыю: кватарант па месцы рэгістрацыі фактычна не жыве. Калі паліцэйскія прыехалі з праверкай, Эргашаў «ствараў бачнасць пражывання» ў кватэры, але ўрэшце прызнаўся, што перабраўся ў суседні дом.
Для замежніка ў Расіі гэта парушэнне правілаў знаходжання. А паколькі Эргашава ўжо штрафавалі за тое самае на працягу года, паўторнае парушэнне аўтаматычна цягнула не толькі штраф, але і прымусовае выдварэнне з краіны — але не адразу, а праз доўгую працэдуру дэпартацыі. Пры гэтым у таджыка ўжо былі купленыя білеты на самалёт — на наступны дзень ён збіраўся ляцець дадому на дзень нараджэння сына.
Эргашаў патэлефанаваў свайму начальніку Раманенку і сказаў, што яго затрымалі. Як сцвярджаў потым сам работнік, ён ні аб чым не прасіў — быў упэўнены, што яго і так адпусцяць. Усё далейшае, паводле яго слоў, было асабістай ініцыятывай прараба.
Раманенка дабіўся, каб яму па тэлефоне далі паразмаўляць з намеснікам начальніка аддзела ўчастковых старшым лейтэнантам С. Святловым, і сказаў, што хоча «парашаць пытанне». Менавіта гэтая фраза, як расказваў потым паліцэйскі, падалася яму падазронай — і перад сустрэчай ён уключыў у сваім кабінеце відэарэгістратар «Дазор».
«У Расіі няма хабараў»
Далей размова развівалася як па падручніку. Раманенка пераконваў, што парушэнне нязначнае — чалавек жыў у суседнім доме, усё роўна збіраўся з'язджаць на радзіму, а на будоўлі ён вельмі патрэбны. Прараб прапанаваў «аплаціць штраф» — спачатку 12—15 тысяч расійскіх рублёў, потым 20 тысяч рублёў (каля 230 еўра) — але заплаціць іх паліцэйскаму асабіста, каб Эргашава не дэпартавалі.
Святлоў адказаў, што гэта хабар і крымінальнае злачынства. На што Раманенка, паводле паказанняў паліцэйскага, запярэчыў: «У Расіі няма хабараў» — і працягнуў гаварыць пра «штраф». Тады паліцэйскі спыніў размову і паведаміў у дзяжурную частку.
Лінгвістычная экспертыза відэазапісу пацвердзіла: словам «штраф» Раманенка маскіраваў узнагароду паліцэйскаму, «якую не трэба ўносіць у казну», за тое, каб таджыка не каралі і не дэпартавалі.
Штраф у 12 разоў большы за хабар
У судзе Раманенка цалкам прызнаў віну і раскаяўся. Ён тлумачыў, што спачатку сапраўды дамаўляўся пра аплату звычайнага штрафу, бо рабіў так і раней, але яму «стала шкада» работніка з-за білетаў і дня нараджэння сына. «Не думаў, што яго дзеянні прывядуць да такіх наступстваў», — перадае суд словы падсуднага.
Суд кваліфікаваў учынак як падрыхтоўку да дачы хабару службовай асобе за заведама незаконныя дзеянні (ч. 1 арт. 30, ч. 3 арт. 291 КК РФ) і прызначыў штраф 250 тысяч расійскіх рублёў. З улікам таго, што беларус нямала пасядзеў у СІЗА, канчатковую суму знізілі да 100 тысяч расійскіх рублёў — каля 1200 еўра па цяперашнім курсе. З-пад варты Раманенку вызвалілі ў зале суда.
Таджыку Эргашаву ўсё гэта не дапамагло: яго аштрафавалі і дэпартавалі з Расіі.
Каментары