Меркаванні22

Наста Дашкевіч распавяла пра дзень смерці Алеся Пушкіна — «дзень, калі ў Беларусі боль памножыўся на боль»

Наста Дашкевіч у фейсбуку апублікавала шчымлівыя ўспаміны пра падзеі трохгадовай даўніны — 11 ліпеня 2023 года, калі Змітра Дашкевіча не выпусцілі на волю, а ў турме загінуў Алесь Пушкін.

11 ліпеня 2023 года я не забуду ніколі.

У гэты дзень заканчваўся першы тэрмін Змітра. Я была моцна ўсхваляваная і чакала яго дома.

Паколькі сама адбывала «хатнюю хімію», я не магла паехаць у Навасады, каб сустрэць мужа каля турмы. Засталася з дзецьмі.

Гэтае чаканне проста з’ядала мяне знутры. Не магла знайсці сабе месца. З цяжкасцю адказвала на бясконцыя дзіцячыя пытанні:

— Калі, мама?

— Ужо хутка?

— Хутка тата прыедзе?

Памятаю, як проста соўгалася з кута ў кут. Нешта мыла, прыбірала… А дзецям уключыла мультфільмы, каб хоць неяк адцягнуць іх увагу.

У гэты час мае сябры стаялі пад навасадаўскай калоніяй. Чакалі, калі брама турмы расчыніцца і выйдзе Зміцер.

Я тэлефанавала ім кожныя дзесяць хвілін. Распытвала пра сітуацыю, услухоўвалася ў кожную дробязь: хто куды пайшоў, што пачулі, што сказалі…

Я спрабавала зразумець: чаму ўжо 10‑11 гадзін раніцы, а добрых навін усё яшчэ няма?

Памятаю момант, калі адзін з сяброў сказаў: на тэрыторыю калоніі заехаў міліцэйскі бусік… А праз нейкі час ён выехаў.

Тады нібы халоднай кропельніцай унутры мяне разлілася здагадка, якая атруціла ўсю надзею: у гэтым бусіку быў мой муж.

Не прайшло і гадзіны, як патэлефанавалі з незнаёмага нумара. А мы ўсе ў Беларусі пабойваемся незнаёмых нумароў. І нездарма.

Голас у слухаўцы абыякава прамовіў:

«Анастасия Владимировна, добрый день. Ваш муж попросил меня Вас уведомить о том, что он арестован по подозрению в совершении преступления, предусмотренного статьёй 411 Уголовного Кодекса РБ».

У той момант я стаяла ў краме. Унутры ўсё абрушылася.

Я аплаціла пакупкі. Села ў машыну. І дазволіла болю цалкам праглынуць сябе.

Усё астатняе было як у тумане. Тлумачэнні дзеткам і іх слёзы. Слёзы сяброў.

Шмат дарагіх сэрцу людзей прыйшлі тады да мяне дадому, каб проста быць побач. На стале стаялі дранікі з мачанкаю — Зміцер вельмі прасіў прыгатаваць іх пасля вызвалення.

Я папрасіла ўсіх раскласці ежу і частавацца. Сама ж была недзе далёка.

Памятаю, як ціснула гэтае маўчанне і ніякаватасць сяброў, якія не ведалі, як мяне падтрымаць. Усё нагадвала памінальны абед. Слёзы, боль, прыглушаныя фразы…

Я не магла больш гэтага трываць. Не магла змясціць у сабе і свой, і іхні боль, а таму проста папрасіла:

— Давайце не будзем. Ніхто не памёр. Усе жывыя. Маю надзею, што здаровыя. Неяк справімся. Неяк справімся…

Выходжу са сталовай. Спрабую знайсці куточак, каб пабыць адной. Адкрываю навіны на тэлефоне і бачу жудаснае: сёння ў турме загінуў Алесь Пушкін.

«Ніхто не памёр» — б’ецца рэхам у маёй галаве мая ж уласная фраза.

«Усе жывыя» — усяго пару хвілін таму я спрабавала падбадзёрыць сяброў.

А цяпер усё перакрэслена. Таму што памёр Алесь Пушкін.

У нас наперадзе — турма. У Алеся — вечнасць.

Я яшчэ маю надзею калі-небудзь абняць мужа. А родныя Алеся ўбачаць яго толькі для таго, каб развітацца назаўжды.

У той зламанасці сэрца я малілася Богу і за сваякоў Алеся, і за Змітра, і за кожнага, хто заставаўся ў турме.

Наступны год пасля гэтага стаў адным з самых складаных у маім жыцці. І ў жыцці Змітра. Але гэты год у нас быў. І наступны. І сённяшні.

Алесь Пушкін — цудоўны мастак. Чалавек, які так моцна любіў Беларусь.

Спадзяюся, што неўзабаве адчыніцца музей ягонага імя ў родным Бабры, і мы ўсе туды завітаем.

І я калі-небудзь распавяду там гэтую гісторыю. Пра 11 ліпеня 2023 года, калі ў Беларусі боль памножыўся на боль.

Але мы неяк справіліся…

Каментары2

  • Шпарагі, Краўцоў, Беларусь перадусім ці не?
    13.07.2026
    Адна з найбольш агідных з'яў, што ў асяроддзі беларускай апазіцыі хапае тых, якія падобна як лукашэнаўцы ваююць з ідэямі Алеся Пушкіна.
  • хм
    13.07.2026
    "«день, когда в Беларуси боль умножилась на боль" .
    Я бы сказал умножилась на 0 ! Потому что 99.99% белорусам глубоко "это самое" !

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Паранены беларус-добраахвотнік «Лахвіч» — той, якога нядаўна цкаваў Батулін4

Латушка — Бабарыку: Я таксама размаўляю з сябрамі. У нас розныя сябры26

Канапацкая заклікала «беларусаў, якія мяшкуюць тут», ладзіць інцыдэнты на «Новай Беларусі», абяцае падзяку ад камісіі вяртання19

Крэдыт на жыллё пад 1% — колькі насамрэч давядзецца пераплачваць за ўвесь час?3

Севярынец: Калі беларус з беларусам не будзе размаўляць па-беларуску — Беларусі не будзе43

Казка ад Сяргея Ціханоўскага з'явілася на ютуб-канале Акадэміі кіравання9

На канферэнцыі «Новая Беларусь» выступілі Ціханоўская і Бяляцкі. Распачаліся дэбаты. Ідзе анлайн-трансляцыя3

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»38

Дыджэі гралі проста з фуры. Вось як прайшла гучная вечарынка каля Нацыянальнай бібліятэкі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць