Грамадства22

«Гэта нават у рукі агідна браць». Бацькі «хваляцца», якія падручнікі выдалі ў школе іх дзецям

Пачаўся навучальны год. Школьнікам выдалі дапаможнікі. Не ўсе атрымалі кнігі ў добрым стане. У некаторых яны патрапаныя, папісаныя і нават з дзіркамі ўнутры. У Threads бацькі дзеляцца фота падручнікаў, якія патрабуюць «рэанімацыі» або ўжо ёй не падлягаюць, заўважыла «Люстэрка».

Падручнікі, якія атрымала вучаніца 6‑га класа, 2026 год. Скрыншот: Threads @kati.fish

Дачка Кацярыны з Гродна ў гэтым годзе пайшла ў 6‑ты клас. Сваю рэакцыю на дапаможнікі, якія выдалі школьніцы для заняткаў, мама змясціла ў чатыры словы.

«Мой шок у шоку!» — напісала яна ў Threads і размясціла відэаагляд на камплект кніг.

Паводле слоў жанчыны, з 15 падручнікаў тры новыя, пяць — «б/у, але ў больш-менш добрым стане». Астатнія сем аўтарку роліка «шакавалі».

Падручнікі, якія атрымала вучаніца 6‑га класа, 2026 год. Фота: Threads @kati.fish

«Як можна выдаваць такія падручнікі? — кажа яна ў відэа, паказваючы патрапаныя кнігі па англійскай мове, матэматыцы. — Цэлы год іх насіць у школу. Як гэта можна насіць? Заклеена скотчам, скотч увесь адклейваецца ўжо. Такое адчуванне, што іх проста дасталі са сметніка. Гэтыя падручнікі павінны былі ўжо пайсці ў макулатуру. Як такое можна выдаваць дзецям? Ці я чагосьці ў гэтым жыцці не разумею? Вы мяне папраўце. Ну што гэта такое? Асабліва матэматыка. Гэта нават у рукі агідна браць».

У каментарах карыстальніца Таццяна скептычна паставілася да прэтэнзіі мамы. Паводле яе слоў, дапаможнікі разлічаныя на некалькі гадоў, і калі вучні іх у першы ж год «забілі», то пытанні да дзяцей.

«Так, звонку патрапаліся і падклееныя, але ўнутры тэкст чытаецца, усё бачна. У чым праблема? — пракаментавала яна пост Кацярыны і як варыянт прапанавала, каб жанчына сама купіла дзіцяці патрэбныя кнігі. — А так вам выдалі ўвесь камплект за 20 рублёў (кошт камплекта для 1− 11‑га класа 22,5 рубля, для ільготнікаў — 11,25 рубля. — Заўв. рэд.). Так, не ідэальна новы, але яшчэ раз: купіце сабе новыя і вучыцеся спакойна. Таксама ўсе падручнікі ёсць у электроне — спампоўвайце, друкуйце».

У той жа час прыйшлі ў абмеркаванне і бацькі, якія падзялілі «боль» Кацярыны і паказалі, якія кнігі атрымалі іх дзеці.

Сярод такіх — карыстальніца Аліна.

Падручнікі для 6‑га класа, 2026 год. Фота: Threads @alinkakulak

Адгукнулася на праблему і ўдзельніца гутаркі Ганна.

«У тым годзе дачцэ па матэматыцы і англійскай яшчэ горшыя выдалі, — напісала яна. — Старонак не хапала, або парэзаныя. Напэўна, самыя «любімыя прадметы» ў шасцікласнікаў. Памянялі ў бібліятэцы на трохі лепшыя, але таксама не айс».

Здымкі сваёй мінулагодняй матэматыкі жанчына таксама прыклала.

Падручнікі, якія ў мінулым навучальным годзе атрымала дачка Ганны. Фота: Threads @art_ev.anka

«Свежымі» прыкладамі кніг падзялілася і карыстальніца Наталля.

Падручнікі для 6‑га класа, 2026 год. Фота: Threads @komissnatali

«Таксама 6‑ты клас, тая ж сітуацыя, — адзначыла ўдзельніца гутаркі. — Я сфоткала і адправіла класнай, а то ж потым не прымуць. Абяцалі праз месяц замяніць».

Некаторыя бацькі фота не прыкладвалі, але словамі апісвалі ў каментарах стан атрыманых кніг. Вось частка з іх:

«А вам не сказалі, што «гэта я дзяўчаткам яшчэ самыя найлепшыя дала», нам так адказаў настаўнік. У нас проста дакладна як у вас»;

«Школа ў Мінску, таксама 6‑ты клас. І таксама такія разадраныя падручнікі. Дачка атрымала сёння і сядзела дома падклейвала. Затое здаць іх трэба будзе акуратнымі».

«Па падручніках бачна, што граніт навукі грызлі ў прамым сэнсе»

Тэму сапсаваных дапаможнікаў падымала ў сваім Threads не толькі Кацярына. У кнігі па матэматыцы, якую выдалі дзіцяці Святланы, адна старонка папісаная, у другой — дзірка.

Старонкі з падручніка па матэматыцы, якія выдалі дзіцяці Святланы, 2026 год. Фота: Threads @svetlana_pavlyuchkova

У сваім акаўнце жанчына паведаміла, што, «узброіўшыся» скотчам, нажніцамі і гумкай, паспрабавала «рэанімаваць» падручнікі.

Старонкі з падручніка па матэматыцы, які выдалі дзіцяці Святланы, 2026 год. Фота: Threads @svetlana_pavlyuchkova

«Але гэта ўжо поўны безмяжняк… Паважаныя бацькі, давайце з павагай ставіцца як да падручнікаў, так і да нас, бацькоў, якія пасля вас і вашых дзяцей атрымліваюць веды пры дапамозе гэтых дапаможнікаў», — звярнулася яна да мам і татаў школьнікаў.

Адну са школьных кніг паказала ў Threads і мама шасцікласніцы Вольга.

Падручнік па матэматыцы, які да новага навучальнага года атрымала дачка Вольгі, 2026 год. Фота: Threads @olganovikevich

«Атрымалі падручнікі, і практычна ва ўсіх такі стан. Дачка сказала, што гэта яны яшчэ з бібліятэкарам выбіралі лепшыя, — пракаментавала фота жанчына. — Бацькі, вы сур'ёзна не бачыце ці вам проста пофіг, як дзіця ставіцца да рэчаў?! Падручнік не стары».

Сын карыстальніка Threads Аляксея Дзень ведаў сустрэў са зламанай нагой, таму яго дапаможнікі хадзіў атрымліваць бацька. Убачыўшы стан кніг, мужчына аджартаваўся.

«Па падручніках бачна, што граніт навукі грызлі ў прамым сэнсе», — напісаў ён на сваёй старонцы і прыклаў фотапацвярджэнне.

Падручнікі, якія ў новым навучальным годзе выдалі сыну Аляксея, 2026 год. Фота: Threads @alexey_xkey

На здымку заўважна, што пераплёты некаторых кніг патрапаныя, а дзе-недзе і зусім адсутнічаюць.

«Некаторыя дзеці так і псуюць іх з году ў год»

У абмеркаванні сітуацыі з падручнікамі паўдзельнічала і супрацоўніца школьнай бібліятэкі Таццяна. На сваім прыкладзе яна паспрабавала растлумачыць, чаму ўзнікаюць такія праблемы з дапаможнікамі.

«Фонд падручнікаў 19 000, праверыць кожны пры здачы нерэальна, але мы правяраем новыя. Кожны. Вяртаем папісаныя, прымушаем адкупляць, але гэта не ўсім дапамагае, некаторыя дзеці так і псуюць іх з года ў год, — падзялілася назіраннямі яна. — Тэрмін фандавання падручнікаў ад пяці гадоў, але, на жаль, іх не заўсёды выдаюць своечасова, так і атрымалася з падручнікамі 6‑га класа ў гэтым годзе».

Начальніца метадычнага цэнтра ДУА «Акадэмія адукацыі» Людміла Раманоўская адзначала, што ў сярэднім дапаможнікі перавыдаюцца раз у пяць-шэсць гадоў.

«Тэрмін службы залежыць ад таго, як часта падручнік або вучэбны дапаможнік выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, — расказвала экспертка. — Ёсць прадметы, якія ў раскладзе дзіцяці з'яўляюцца адзін раз на тыдзень, ёсць — два-тры разы. У сярэднім тэрмін службы — пяць-шэсць гадоў. Ёсць падручнікі і дапаможнікі, якія перавыдаюцца кожныя сем гадоў. Не часцей чым раз на тры гады выпускаецца буквар».

У іншым пасце, дзе таксама актыўна абмяркоўвалі стан кніг, карыстальніца Таццяна падзялілася парадай для сем'яў, якія атрымалі патрапаныя кнігі.

Падручнікі, якія выдалі дзіцяці Таццяны, 2026 год. Фота: Threads @demicake_vrn

«Схадзіце з дзіцём у бібліятэку, папрасіце замяніць. У іх заўсёды павінна заставацца ў наяўнасці некалькі. У нас у школе рэгулярна абнаўляюць падручнікі. Напэўна, гэта ад завуча залежыць, ці хто гэтым займаецца, — падзялілася меркаваннем яна. — У нас вось усе ў добрым стане. Некаторыя [кнігі] нават новыя далі. Толькі англійская мова трохі патрапаная, але нідзе нічога не адарвана».

Як пацвярджэнне сваіх слоў яна прыклала фота, на якім стос акуратных дапаможнікаў.

Каментары2

  • на фота гляджу..
    02.09.2026
    Падручнікі, якія ў новым навучальным годзе выдалі сыну Аляксея, 2026 год. - падпісана фота. на ім Информатика 2019.. амаль не патрапаная дарэчы..
    што скажа на гэта Satan & )
  • Шляхціч Завальня
    02.09.2026
    І што вы з гэтым будзіце рабіць? І так пойдуць і заплоцяць за падручнікі адну базавую. Бо рабы не мы, рабы немы

Цяпер чытаюць

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»23

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Тамбовам на беларускага дальнабойшчыка ляцеў п'яны ў дым кіроўца. Беларус паспрабаваў зрабіць як лепш, але не пашанцавала2

Адзін біў па «грушы», другі ўскрываў аўтамат. Двое хлопцаў абрабавалі два дзясяткі сіламераў1

У Брэсце чачэнец абрабаваў зімбабвійца. Беларус дапамагаў рабаваць, але кашалёк вярнуў1

СБУ заявіла пра прадухілены замах ФСБ на прадстаўніка расійскай апазіцыі

У Калінкавічах у каналізацыі загінулі трое работнікаў «Водаканала»7

«А мы ідзём у школу ці ў турму?» Людзі крайне негатыўна ўспрынялі надгляд дзяцей на ўваходзе ў школу12

У дзень нараджэння Адэсы Расія масіравана атакавала горад1

Пуцін абвясціў пра захоп горада, да якога расійскія войскі нават не падышлі19

ЗША зноў ударылі па Іране. Тэгеран атакаваў амерыканскія базы ў Іраку і Іарданіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»23

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць