Маці паскардзілася на траўмы 5‑гадовага сына ў псіхіятрычнай бальніцы Гомеля. Што адказалі дактары
Маці пяцігадовага хлопчыка з інваліднасцю заявіла ў Threads, што яе сын атрымаў траўмы падчас лячэння ў дзіцячым псіхіятрычным аддзяленні №7 Гомельскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы. Жанчына сцвярджае, што пасля выпіскі заўважыла ў дзіцяці гематомы на твары і за вухам. У бальніцы пракаментавалі інцыдэнт, пацвердзіўшы, што хлопчык атрымаў лёгкую траўму ў выніку сутычкі з іншым пацыентам, піша Onliner.

Дзіця знаходзілася ў аддзяленні з 10 па 25 жніўня — там яму пацвярджалі дыягназ і падбіралі лячэнне. Паводле слоў маці, бацькі не могуць знаходзіцца разам з дзецьмі ў гэтым аддзяленні.
Раніцай 25 жніўня, перад тым як забраць сына, жанчына патэлефанавала ў бальніцу. Ёй паведамілі, што напярэдадні ўначы іншае дзіця ўдарыла яе сына па шчацэ і пасля гэтага ў хлопчыка застаўся сіняк. Аднак пасля прыезду маці выявіла ў дзіцяці гематомы не толькі на шчацэ, але таксама ў раёне мочкі вуха, за вухам і пад вокам.
Паводле слоў жанчыны, яе сын не размаўляе і не змог растлумачыць, што адбылося. Яна папрасіла запрасіць кіраўніцтва аддзялення і даць кнігу заўваг і прапаноў. Скаргу маці напісала, аднак, паводле яе слоў, з галоўным доктарам або яго намеснікам ёй пагаварыць не ўдалося.
У той жа дзень жанчына звярнулася ў міліцыю і прайшла з дзіцем судова-медыцынскае абследаванне. Таксама яна накіравала зварот у Міністэрства аховы здароўя.
Маці сцвярджае, што пасля выпіскі заўважыла змены ў паводзінах сына. Паводле яе слоў, дзіця стала закрываць галаву пры рэзкіх рухах, таксама ў яго з'явілася нетрыманне.
У бальніцы паведамілі, што па звароце маці пачалася ўнутраная праверка. Галоўны доктар установы Аляксандр Цітко заявіў у каментары «Гомельскай праўдзе», што канчатковыя высновы можна будзе зрабіць толькі пасля яе завяршэння. Прававую ацэнку таму, што адбылося, паводле яго слоў, дадуць па выніках праверкі міліцыі.
— Паводле наяўнай інфармацыі, інцыдэнт з пяцігадовым сынам Анастасіі адбыўся ў холе аддзялення на вачах медыцынскага персаналу. У выніку імпульсіўных і спантанных паводзін іншага дзіцяці хлопчык атрымаў лёгкую траўму. Дзяцей імгненна разнялі, канфлікт быў спынены. Пацыента адразу ж агледзелі спецыялісты, ніякіх сур'ёзных пашкоджанняў не было. Увесь час далейшага лячэння ў дзіцяці захоўваўся здавальняючы саматычны стан, скаргаў ён не выказваў, яго жыццю нічога не пагражала, — удакладніў галоўны доктар.
У бальніцы таксама патлумачылі, што відэаназіранне ў аддзяленні не вядзецца, пры гэтым пацыенты кругласутачна знаходзяцца пад наглядам медперсаналу.
Што да сумеснага знаходжання дзяцей з бацькамі, галоўны доктар спаслаўся на заканадаўства. Паводле яго слоў, шпіталізацыя пацыентаў рэгулюецца артыкулам 25 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя». Ва ўстанове адзначылі, што імкнуцца абмяжоўваць прысутнасць старонніх у аддзяленнях з-за патрабаванняў псіхіятрычнай бяспекі, канфідэнцыйнасці пацыентаў і абароны персанальных даных.
Праверка бальніцы і разбіральніцтва міліцыі працягваюцца.
«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі
Каментары
...
толькі не пацыентаў, а медперсаналу