З кастрычніка ў мінскім раддоме №2 перастаюць рабіць ЭКА — нават за грошы. Але, як заўсёды, зрабіць гэта хочуць ціхенька
Жанчыны ў шоку, бо нехта з іх чакае пераносу эмбрыёна. Цяпер жа незразумела, хто будзе аплачваць транспартаванне біяматэрыялу ў іншыя месцы.

Сёлета ў чэрвені Савет міністраў пастановай №313 скараціў спіс арганізацый, дзе можна зрабіць ЭКА за кошт дзяржавы.
Раней бясплатныя спробы праводзілі на базе Гомельскага абласнога дыягнастычнага медыцынска-генетычнага цэнтра з кансультацыяй «Шлюб і сям'я», гарадскога клінічнага радзільнага дома №2 Мінска, а таксама Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця». У выніку магчымасць зрабіць ЭКА за кошт дзяржавы пакінулі толькі для апошняга.
У сталічнай радзільні №2 была добрая рэпутацыя — там працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, можна зрабіць ПГТ (генетычнае даследаванне эмбрыёна перад пераносам у матку). Таму шмат хто быў гатовы прыходзіць сюды на ЭКА за ўласныя сродкі.
Але нядаўна жанчын, сярод якіх хапае тых, хто ўжо рыхтуецца да пераносаў эмбрыёнаў, шакавалі навіной: з 1 кастрычніка гарадскі клінічны радзільны дом №2 Мінска перастане аказваць паслугі ЭКА наогул.
Афіцыйнай інфармацыі няма — пра ўсе змены беларускі даведваюцца непасрэдна на прыёме ў дактароў. Прычым медыкі самі не ведаюць, што будзе далей — кажуць, таксама атрымліваюць усю інфармацыю вусна, дакументаў не бачылі. Але ад іх патрабуюць закрыць у верасні ўсе магчымыя пратаколы і не браць новых.
Запісу новых пацыентак на кастрычнік сапраўды не вядзецца.
Па неафіцыйных даных, абсталяванне ў хуткім часе перавязуць у «Маці і дзіця».
У жанчын жа пытанняў вельмі шмат — адно з галоўных тычыцца таго, куды перавязуць тыя эмбрыёны, яйцаклеткі, сперматазоіды, якія захоўваюцца ў радзільным доме №2, і хто павінен будзе аплаціць тое транспартаванне.
Пакуль што, па інфармацыі медыкаў, плануецца зрабіць гэта за кошт пацыентаў.
З чым звязана рашэнне прыпыніць рабіць ЭКА на платнай аснове ў радзільні №2, дакладна не вядома — паслуга карысталася попытам. Але сярод медыкаў ужо даўно ходзяць чуткі, што ўлады плануюць закрыць і гэтую радзільню (нагадаем, сёлета ціха зачынілі радзільню №3).
Імаверна, адмова спачатку ад правядзення бясплатнага ЭКА, а потым і платнага, звязана з тым, што радзільню сапраўды пачынаюць рыхтаваць да закрыцця.
Апошнія гады дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца — дзяцей нараджаецца ўсё менш і менш. За 2025 год у Беларусі нарадзілася 54 257 дзяцей (па статыстыцы Белстата). Гэта чарговы антырэкорд — у 2024‑м налічылі 58 938 дзяцей, што таксама лічылася найгоршым паказчыкам з часоў вайны.
Каментары
Почему это должны делать пациенты? Это не их желание.