Зло не заўсёды можна спыніць, але можна паспрабаваць. Чым цікавы апошні сезон серыяла «Вавілон — Берлін»
У верасні выйшаў фінальны сезон серыяла «Вавілон — Берлін» — аднаго з самых удалых і дарагіх еўрапейскіх серыялаў апошняга часу.
Ёсць серыялы, якія проста паказваюць гісторыю. А ёсць тыя, пасля якіх пачынаеш іначай глядзець на саму гісторыю — асабліва на пераломныя моманты, калі грамадства яшчэ не ведае, што стаіць на парозе катастрофы. Нямецкі серыял «Вавілон — Берлін» (адзін са стваральнікаў — знакаміты нямецкі рэжысёр Том Тыквер), які з 2017 года на экранах, адзін з самых маштабных еўрапейскіх серыяльных праектаў апошняга дзесяцігоддзя, ён на працягу пяці сезонаў паказвае не толькі крымінальны Берлін часоў Веймарскай рэспублікі пачынаючы з 1929 года, але і паступовае разбурэнне свету, які яшчэ нядаўна здаваўся хаця б адносна стабільным, піша «Будзьма».
10 верасня на нямецкім канале ARD пачаўся паказ пятага сезона «Вавілон — Берлін». Восем серый фінальнага сезона пераносяць гледача ў пачатак 1933 года — у тыя некалькі тыдняў, пасля якіх Германія ўжо ніколі не будзе ранейшай.
Пачынаюцца падзеі ў серыяле 30 студзеня, калі Адольф Гітлер становіцца рэйхсканцлерам, а скончваецца 27 лютага, калі загарыцца будынак Рэйхстага і ў краіне неўзабаве будзе ўведзенае надзвычайнае становішча. Паміж гэтымі падзеямі праходзіць толькі месяц, але за гэты кароткі час палітычная сітуацыя ў краіне незваротна змяняецца. Пасля падпалу Рэйхстагу нацыянал-сацыялісты атрымліваюць рэальную магчымасць перайсці ад барацьбы за ўладу да фактычнага дэмантажу дэмакратычнага парадку.
І менавіта тут фінальны сезон серыяла «Вавілон — Берлін» прапануе, бадай, самае цікавае пытанне: а як адбываецца гэты пераход? Як так атрымліваецца, што таталітарызм, які потым будзе здавацца амаль непазбежным, у рэальным часе зусім такім не выглядае?
Пяты сезон асабліва выразна паказвае: таталітарызм не ўзнікае за адзін дзень. Гэта працяглы працэс. На прыкладзе развіцця галоўных герояў мы бачым, што адны людзі свядома штурхаюць грамадства ў гэты бок, іншыя спрабуюць спыніць іх, а трэція проста працягваюць жыць сваім звычайным жыццём, не разумеючы, што звыклы свет неўзабаве канчаткова разбурыцца і ўжо ніколі не будзе ранейшым.

Менавіта таму дзіўна, што гэты серыял амаль не заўважылі беларускія гледачы. Хаця многія рэчы ў ім могуць здацца вельмі знаёмымі кожнаму з нас, хто з уласнага досведу ведае, як можа выглядаць грамадства ў момант палітычнага пералому. Агулам не пакідае адчуванне, што стваральнікі свядома пайшлі на паралелі з нашым часам, каб прымусіць гледача паразважаць на важнымі рэчамі.
Серыял быў пастаўлены паводле серыі гістарычных раманаў нямецкага пісьменніка Фолькера Кучара. У цэнтры яго кніг — апошнія гады Веймарскай рэспублікі, калі краіна апынулася паміж эканамічным крызісам, палітычнай нестабільнасцю і нарастаючай радыкалізацыяй. Правыя і левыя рухі змагаюцца за вуліцу і ўплыў, дэмакратычныя інстытуты губляюць аўтарытэт, а ўсё больш людзей пачынаюць шукаць простыя адказы на вельмі складаныя пытанні. Адначасова гэта гісторыя не толькі палітыкі, але і звычайнага жыцця.
Галоўны герой серыяла Герыён Рат — інспектар берлінскай паліцыі, ветэран Першай сусветнай вайны, якому даводзіцца расследаваць з сезона ў сезон усё больш небяспечныя і заблытаныя справы.
Поруч з ім — Шарлота Рытар, дзяўчына з беднай сям’і, якая марыла стаць следчай і якой удалося дзякуючы ўласным якасцям і амбіцыям прабіцца ў прафесію, дзе жанчынам усё яшчэ даводзіцца пастаянна даказваць сваё права працаваць нароўні з мужчынамі.

З новаўвядзенняў гэтага сезона бадай толькі адно — яны нарэшце перайшлі ад платанічнай сімпатыі калег да кахання і жывуць разам. Аднойчы Шарлота знаходзіць у іхнай супольнай кватэры дынаміт і пачынае здагадвацца, для чаго ён можа спатрэбіцца. І вось тут паўстае яшчэ адно глыбокае пытанне: а ці можна давяраць чалавеку, якога нібыта добра ведаеш і з якім дзеліш ложак?
Цягам пяці сезонаў праз гісторыі Герыёна і Шарлоты гледачу і адкрываўся Берлін часоў закату Веймару. Гэта горад, дзе побач існуюць галеча і раскоша, беспрацоўе і дарагія рэстараны, палітычны гвалт і свабода нораваў. Тут працуюць начныя клубы, адбываюцца раскошныя і правакацыйныя вечарынкі, існуюць закрытыя сэксуальныя суполкі, а побач з гэтым квітнее крымінальны свет. Гэты стракаты свет вельмі добра перадае сутнасць Берліна канца 1920-х — пачатку 1930‑х гадоў. Вонкава ён можа здавацца амаль бязмежна свабодным. Але над гэтай хісткай свабодай ужо пакрысе пачынае навісаць молат дыктатуры нацыянал-сацыялістаў.
У пятым сезоне Герыён Рат аказваецца ўцягнуты ўжо не толькі ў расследаванне цяжкіх і заблытаных злачынстваў. Ён далучаецца да групы змоўшчыкаў, якія плануюць замах на Адольфа Гітлера, каб спыніць трыумфальнае шэсце нацыстаў да ўлады. Сярод іх аказваецца таксама і яго старэйшы брат Анэ, а таксама адзін з прадстаўнікоў берлінскага крымінальнага свету, вядомы пад мянушкай Армянін. Яны, як і Герыён, бралі ўдзел у Першай сусветнай, але ў адрозненне ад большасці немцаў, добра разумеюць, да чаго можа прывесці рэсэнтымент, мілітарызм і прага рэваншу.

Гэта яшчэ адзін парадаксальны момант серыяла. Бо ў свеце, дзе павінна існаваць выразная мяжа паміж «добрымі» і «дрэннымі» героямі, яе фактычна няма.
Стваральнікі наўмысна не будуюць гісторыі паводле простай схемы, у якой дэмакратычныя сілы стаяць з аднаго боку, а злачынцы і палітычныя радыкалы — з другога. Тут усё значна складаней. І ў гэтым, магчыма, галоўная асаблівасць серыяла «Вавілон — Берлін»: ён не прапануе гледачу зручнага падзелу на абсалютна станоўчых і абсалютна адмоўных персанажаў.
І ў фінальным сезоне гэтая неадназначнасць становіцца асабліва выразнай. Палітычнай машыне нацыянал-сацыялістаў, якая не ведае маралі і ўжо не збіраецца спыняцца ні перад чым, супрацьстаяць людзі з самым розным мінулым і вельмі адрознымі матывамі. Сярод іх — прадстаўнікі палітычнай апазіцыі, былыя вайскоўцы, супрацоўнікі паліцыі, людзі, якія маюць асабістыя рахункі з нацыстамі, і нават прадстаўнікі арганізаванай злачыннасці.
Гэта выглядае парадаксальна, але менавіта ў гэтым і ёсць гістарычная і драматургічная логіка серыяла: калі краіна ўваходзіць у перыяд радыкальных пераменаў, старыя межы паміж групамі і колішнімі саюзнікамі пачынаюць разбурацца. Людзі, якія яшчэ нядаўна маглі быць ворагамі, раптам аказваюцца па адзін бок барыкадаў і наадварот. Тыя, хто не так даўно сядзелі за адным сталом, цяпер могуць прагнуць крыві былога таварыша.
Таму завяршэнне «Вавілона — Берліна» менавіта на моманце прыходу нацыянал-сацыялістаў да ўлады выглядае цалкам заканамерна. Працягваць гісторыю ў межах той жа драматургіі, якая была ў папярэдніх сезонах, было б значна складаней: пасля ўсталявання нацысцкай дыктатуры прастора магчымасцяў для герояў рэзка звужаецца. Свет, у якім яшчэ можна было манеўраваць паміж рознымі сіламі, пачынае знікаць.
Але разам з тым серыял не завяршаецца класічным хэпі-эндам. Інакш ён проста супярэчыў бы сваёй жа ўласнай логіцы. Пяты сезон пакідае гледача не столькі з адчуваннем завершанасці, колькі з разуменнем таго, што далей пачынаецца ўжо зусім іншая гісторыя.
У «Вавілона — Берліна» няма шчаслівага фіналу. Але застаецца нешта іншае — надзея. Хаця б на тое, што асобныя героі здолеюць перажыць час, у якім звыклы свет разбурыўся, і захаваць у сабе магчымасць для іншага будучага.
Бо ўсе мы вельмі добра ведаем, што адбылося пасля…
Каментары