Грамадства55

Каманды Ціханоўскай і Наўроцкага паставілі кропку ў спрэчцы вакол Касцюшкі

Нядаўняя дыскусія здарылася пасля допісу Святланы Ціханоўскай у сацсетках у гадавіну смерці кіраўніка паўстання 1794 года.

Тадэвуш Касцюшка

Каманда Святланы Ціханоўскай абмеркавала з прадстаўнікамі прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага нядаўнюю публічную спрэчку вакол Тадэвуша Касцюшкі. Яны прыйшлі да высновы, што ягоная спадчына павінна аб’ядноўваць народы былой Рэчы Паспалітай. Цяпер разглядаецца магчымасць правесці супольнае мерапрыемства з удзелам Ціханоўскай і Наўроцкага.

Як адзін допіс ператварыўся ў гістарычную спрэчку

Новая дыскусія пра тое, «чый Касцюшка», пачалася 15 кастрычніка — у гадавіну смерці кіраўніка паўстання 1794 года.

«Барацьба Тадэвуша Касцюшкі за свабоду не ведала межаў. Нарадзіўшыся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ён дапамог Амерыцы здабыць незалежнасць, а пазней паўстаў супраць расійскага і прускага панавання ў нашым рэгіёне», — напісала Святлана Ціханоўская ў сацыяльнай сетцы X.

На наступны дзень на допіс адрэагаваў польскі еўрадэпутат ад «Права і справядлівасці» Аркадыюш Мулярчык. Ён папракнуў Святлану Ціханоўскую ў тым, што ў яе паведамленні не была названая Польшча.

«Тадэвуш Касцюшка быў польскім нацыянальным героем і генералам Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Ён нарадзіўся ў Рэчы Паспалітай, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, змагаўся за незалежнасць Амерыкі і ўзначаліў польскае паўстанне 1794 года супраць Расіі і Прусіі. Мы можам падзяляць яго спадчыну, але не павінны выкрэсліваць Польшчу з яго гісторыі», — заявіў Мулярчык. 

Святлана Ціханоўская ў адказ удакладніла сваю пазіцыю: назвала Касцюшку вялікім польскім нацыянальным героем, які адначасова мае вялікае значэнне для беларусаў, і адзначыла, што беларусы і палякі могуць ушаноўваць яго разам. 

У камандзе Наўроцкага канфлікту не ўбачылі

Паводле дарадцы беларускай дэмакратычнай лідаркі па дыпламатычных пытаннях Дзяніса Кучынскага, інцыдэнт абмеркавалі падчас сустрэч з прадстаўнікамі польскага прэзідэнта.

«Тут у нас поўнае паразуменне з польскім бокам. Хібы ў камунікацыі часам здараюцца, ніхто ад гэтага не застрахаваны. Але галоўнае, што мы ўсё адкрыта абмеркавалі і пераканаліся: нашы пазіцыі цалкам супадаюць», — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай.

У беларускай камандзе падкрэсліваюць, што не аспрэчваюць месца Касцюшкі ў польскай нацыянальнай гісторыі:

«Касцюшка — нацыянальны герой Польшчы, спадчыну і гераізм якога шануюць таксама беларусы, літоўцы і амерыканцы. Ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, быў адным з найвыбітнейшых дзеячаў Рэчы Паспалітай і стаў сімвалам барацьбы за свабоду далёка за яе межамі».

Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў 1746 годзе ў Мерачоўшчыне каля Косава — сёння гэта Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці. На той час гэтыя землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ён ваяваў у Амерыканскай вайне за незалежнасць, а ў 1794 годзе ўзначаліў паўстанне супраць Расійскай імперыі і Прусіі.

Таму спробы запісаць чалавека XVIII стагоддзя выключна ў адну сучасную нацыянальную традыцыю непазбежна выклікаюць спрэчкі.

Падобная спрэчка паміж Беларуссю і Польшчай узнікала яшчэ ў 2017 годзе праз надпіс на помніку Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. Тады польскі бок таксама настойваў на пазначэнні яго польскай прыналежнасці, адначасова вітаючы тое, што беларусы ўшаноўваюць Касцюшку як блізкага сабе героя.

Караль Наўроцкі і Святлана Ціханоўская на палях Генасамблеі ААН. Фота: Офіс Ціханоўскай

Ціханоўская і Наўроцкі могуць разам ушанаваць Касцюшку

Цяпер каманды Святланы Ціханоўскай і Караля Наўроцкага збіраюцца пашукаць фармат для супольных мерапрыемстваў, прысвечаных Касцюшку. Адно з іх можа адбыцца на высокім узроўні — з удзелам саміх Ціханоўскай і Наўроцкага.

«Гэта магло б стаць прыгожым і моцным сімвалам таго, што наша супольная гісторыя не падзяляе, а аб’ядноўвае нас. Асабліва сёння, калі мы зноў супрацьстаім расійскаму імперыялізму, важна разам нагадваць пра герояў, якія змагаліся «за нашу і вашу свабоду». Для нас вельмі важна, што польскі бок адкрыты да таго, каб разам з намі ўшаноўваць і папулярызаваць гэтую супольную гістарычную спадчыну», — лічыць Дзяніс Кучынскі.

Ён адзначае, што Караль Наўроцкі і ягоная каманда з павагай ставяцца да супольнай гістарычнай спадчыны беларусаў і палякаў.

Адным з прыкладаў Дзяніс Кучынскі называе ўдзел Святланы Ціханоўскай у польскім «Нацыянальным чытанні» 5 верасня. Сёлета для акцыі выбралі «Дзяды» Адама Міцкевіча. Галоўнае варшаўскае мерапрыемства прайшло ля помніка паэту з удзелам прэзідэнта Караля Наўроцкага і першай ледзі Марты Наўроцкай. Да чытання далучыліся вядомыя польскія акторы і музыкі, а таксама беларускія артысты Бажэна Шамовіч і Аляксей Сапрыкін.

«Для нас гэта не проста прыгожы культурны жэст, а сведчанне таго, што супольная літаратурная і гістарычная спадчына можа быць жывой часткай сучасных беларуска-польскіх адносін», — кажа Дзяніс Кучынскі.

Пясецкі, футбол і прыём у Бельведэры

На варшаўскіх сустрэчах гаворка ішла не толькі пра Тадэвуша Касцюшку. Бакі абмяркоўвалі творчасць Сяргея Пясецкага — пісьменніка, жыццё якога было звязанае з Беларуссю і якога, паводле Кучынскага, асабліва любіць Караль Наўроцкі.

Значная частка кніг Пясецкага ўжо выйшла па-беларуску. Цяпер бакі хочуць вывучыць магчымасць перакладу астатніх твораў. Дарэчы, падчас студзеньскай сустрэчы ў Бельведэры Святлана Ціханоўская падарыла польскаму прэзідэнту некалькі беларускіх выданняў Пясецкага. 

Абмяркоўваўся і Кубак Мелказёрава ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Сёлета прадстаўнікі прэзідэнцкай каманды не змаглі прыехаць на турнір: ён супаў з 1 жніўня — гадавінай пачатку Варшаўскага паўстання. Але, паводле Кучынскага, польскі бок выказаў гатоўнасць удзельнічаць у наступных беларускіх культурных і спартыўных праектах.

Яшчэ адна дамоўленасць датычыць традыцыйнага святочнага прыёму для беларусаў у прэзідэнцкай рэзідэнцыі Бельведэр. Яго пачалі праводзіць пры Анджэю Дуду, а Караль Наўроцкі працягнуў традыцыю: у студзені 2026 года ён ужо прымаў там Святлану Ціханоўскую, прадстаўнікоў беларускай супольнасці і вызваленых палітвязняў. 

Дзяніс Кучынскі кажа, што ў прэзідэнцкай камандзе пацвердзілі: прыём адбудзецца і на бягучыя Каляды.

«Гэта больш, чым проста святочная сустрэча. Гэта палітычны і чалавечы сігнал: беларусаў у Польшчы падтрымліваюць, а беларуская супольнасць важная для краіны. Асабліва сёння, калі беларусы працягваюць сутыкацца з рэпрэсіямі на радзіме, вельмі важна адчуваць, што ў суседняй Польшчы яны застаюцца жаданымі гасцямі, добрымі суседзямі і часткай грамадства», — адзначае ён.

Караль Наўроцкі і Святлана Ціханоўская на папярэднім калядным прыёме. Фота: Офіс Ціханоўскай

Паводле дарадцы Ціханоўскай, дэмакратычныя сілы хочуць, каб беларуска-польскія адносіны не зводзіліся толькі да абмеркавання рэпрэсій і чарговага крызісу.

«У нас ёсць вялікая супольная гісторыя, культура і, галоўнае, супольная будучыня. Менавіта праз такія ініцыятывы мы можам рабіць гэтую будучыню бліжэйшай», — падсумоўвае Дзяніс Кучынскі.

Каментары5

  • Беларусь Перадусім
    21.10.2026
    У чым спрэчка, ён герой усіх народаў Рэчы Паспалітай абодвух народаў, Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай.
    Я гляджу, некаторым таварышам зь Летувы й Польшчы муляе вока беларуская нацыянальная сьвядомасьць. Спадарства, калі тут канчаткова асталюецца маскаль, то маскалямі будзеце і вы .
  • Палата #6
    21.10.2026
    Гатовы далучыцца да гэтага мерапрыемства ў якасці санітара-фасілітатара ў камандзе Нацаянальнай лідаркі.
  • Кастусь Каліноўскі - сын зямлі літоўскай
    21.10.2026
    І ўсе "забыліся" напісаць, што літвін Касцюшка змагаўся за Літву.
    Бо мёртвыя не адкажуць вам на вашую хлусню.
    Але вам адкажуць тыя, хто ведае, хто памятае, хто не адрокся.

Цяпер чытаюць

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Starshield для Украіны запаволілі па загадзе Маска5

Трамп пра пагадненне паміж Пуціным і Зяленскім: Ім не абавязкова быць у адным пакоі1

«Паглядзім, што скажа Пуцін». Уіткаф ляціць у Расію, каб абмеркаваць новыя мірныя прапановы, вылучаныя на сустрэчы з Зяленскім у Осла1

У Аўстраліі метэарадары пачалі паказваць дождж, якога няма. Аказалася, што гэта мільёны матылькоў1

Брэсцкі пенсіянер перастаў бачыць адным вокам, пабіўшыся на пляцоўцы для выгулу сабак

«Просьба прыбраць вашы прыдзверныя дыванкі». У Мінску на дзвярах пад'езда павесілі дзіўную аб'яву4

Трамп: Расія — гіганцкая краіна з неабмежаваным запасам людзей, а Украіна сама павінна хацець міру28

Паміж вакзалам і праспектам Незалежнасці ў Мінску з'явіцца новы будынак3

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію34

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць