Украінца пакаралі ўмоўным тэрмінам за перадачу Беларусі праграмы для вайсковага авіяцыйнага трэнажора
Грамадзяніна Украіны асудзілі за незаконную перадачу Беларусі праграмнага забеспячэння для вайсковага трэнажора «КТС-21М», які выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі пілотаў знішчальнікаў МіГ-29. Мужчына прызнаў віну і заключыў пагадненне са следствам, піша «Радыё Свабода».

Суд прызначыў абвінавачанаму два гады пазбаўлення волі, але вызваліў ад адбывання пакарання з двухгадовым выпрабавальным тэрмінам. У гэты перыяд ён будзе знаходзіцца пад наглядам органаў прабацыі. Таксама асуджанаму забаранілі выязджаць за межы Украіны без спецыяльнага дазволу.
Паводле матэрыялаў справы, перадача тэхналогій адбылася не пазней за чэрвень 2025 года праз адзін з месенджараў. За гэта ўкраінец атрымаў 1000 даляраў.
У справе фігуравалі некалькі грамадзян Украіны. Адзін з іх, як сцвярджаюць следчыя, працуе ў Беларусі ў ЗАТ «Група вытворчых тэхналогій і авіяцыйнага машынабудавання «Аэрамаш» у Мачулішчах пад Мінскам. Прадпрыемства займаецца распрацоўкай, вытворчасцю, рамонтам і мадэрнізацыяй авіяцыйнай тэхнікі, а таксама стварае трэнажоры і праграмы для падрыхтоўкі лётнага і інжынернага складу.
На трэнажорах «КТС-21М» рыхтуюць пілотаў вайсковых самалётаў МіГ-29. Асуджаны раней працаваў канструктарам модульных электронных авіяцыйных трэнажораў для вайсковых верталётаў Мі-8 і Мі-24, знішчальнікаў МіГ-29 і транспартных самалётаў Іл-76. Перададзеныя тэхналогіі ён атрымаў праз свайго былога калегу з Інстытута аўтаматызаваных сістэм Акадэміі навук Украіны.
Справа была звязаная з абыходам санкцый і парушэннем правіл міжнароднай перадачы тавараў і паслуг падвойнага прызначэння.
Каментары