Навука і тэхналогіі44

Штучны інтэлект расшыфраваў ліст Напалеона, які заставаўся загадкай 217 гадоў

З дапамогай сістэмы штучнага інтэлекту GPT-6 Astra атрымалася прачытаць зашыфраванае распараджэнне Напалеона Банапарта аднаму з яго генералаў. Што спатрэбілася ШІ, каб узламаць шыфр, які не маглі разгадаць больш за два стагоддзі?

Напалеон Банапарт. Фрагмент карціны Андрэа Апіяні. 1805 год. Фота: Wikimedia Commons

У 1809 годзе Францыя рыхтавалася да новай вайны з Аўстрыяй. Адзін з генералаў Напалеона Агюст дэ Мармон у гэты час знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Харватыі, удалечыні ад асноўных французскіх сіл. Менавіта яму Напалеон накіраваў зашыфраваныя распараджэнні праз свайго пасынка Эжэна.

Ліст складаўся прыкладна з 1300 знакаў. Частка з іх абазначала асобныя літары, а іншыя цэлыя словы. Ключ да шыфру быў страчаны, таму больш за два стагоддзі змест паслання заставаўся невядомым.

Як піша The Telegraph, расшыфраваць яго ўдалося інжынеру кампаніі SentinelOne Картэру Чэрчу (Carter Church). Для гэтага ён выкарыстаў сістэму штучнага інтэлекту OpenAI GPT-6 Astra.

Спачатку ШІ распазнаваў і перапісваў сімвалы з ліста. У якасці адпраўной кропкі ён выкарыстаў працу крыптографаў, якім раней удалося вызначыць значэнне 33 знакаў.

Пасля сістэма пачала вызначаць значэнні невядомых знакаў. Для гэтага яна правярала розныя варыянты і ацэньвала, наколькі атрыманыя спалучэнні характэрныя для французскай мовы. У якасці ўзораў выкарыстоўваліся творы Віктора Гюго і Аляксандра Дзюма, а таксама мемуары Мармона. Так удалося расшыфраваць астатнюю частку паслання і высветліць, што некаторыя знакі абазначалі не асобныя літары, а цэлыя словы.

Сам Чэрч расказвае, што раней ніколі не займаўся ўзломам шыфраў. Паводле яго, паспрабаваць расшыфраваць ліст Напалеона яго падштурхнуў эксперымент з GPT-6 Astra іншага даследчыка. Сістэме далі заданне знайсці і расшыфраваць неразгаданае паведамленне нямецкай арміі, закадаванае машынай Enigma ў 1941 годзе. ШІ справіўся з ім прыкладна за дзесяць гадзін.

Расшыфраваны ліст Напалеона тычыўся падрыхтоўкі да вайны паміж Францыяй і Габсбургскай імперыяй. Аўстрыя тады рыхтавалася да новай вайны, спадзеючыся вярнуць страчаныя раней тэрыторыі.

Зашыфраваны ліст генералу Агюсту дэ Мармону, адпраўлены ў 1809 годзе па загадзе Напалеона. Рэпрадукцыя з Revue historique des Armées, 1969 год 

У пасланні Мармону паведамлялася пра месцазнаходжанне і колькасць французскіх і аўстрыйскіх войскаў. Генералу загадвалі рыхтавацца да паходу і не даваць сябе «запалохаць некалькімі атрадамі або зборышчам зброду».

«Аўстрыя будзе неадкладна атакаваная з усіх бакоў. Такім чынам, яна імкліва набліжаецца да сваёй гібелі», — гаварылася ў лісце.

У выніку армія Мармона змагла выйсці з Харватыі і далучыцца да асноўных сіл Напалеона. Яна ўдзельнічала ў бітве пры Ваграме, дзе французская армія перамагла аўстрыйцаў. Пасля гэтага Мармон атрымаў званне маршала.

Як адзначае сам Чэрч, расшыфраваць ліст можна было і без штучнага інтэлекту. Але спецыялісту на такую працу маглі спатрэбіцца тыдні, таму больш за два стагоддзі зашыфраванае пасланне так і заставалася непрачытаным. З дапамогай GPT-6 Astra інжынер справіўся значна хутчэй. Па яго словах, на працу было патрачана некалькі вечароў, а мадэль працавала агулам каля шасці гадзін.

Аднак здольнасць ШІ хутка аналізаваць вялікую колькасць варыянтаў можа мець і іншае прымяненне. Даследчыкі адзначаюць, што такія сістэмы могуць, напрыклад, выяўляць людзей, якія стаяць за ананімнымі акаўнтамі, супастаўляючы асаблівасці іх пісьма з іншымі данымі.

Каментары4

  • Indrid Cold
    02.10.2026
    Ну супер калі праўда, але як заўсёды хыба не
  • ШІ
    02.10.2026
    " шыфр, які не маглі разгадаць больш за два стагоддзі?". "Як адзначае сам Чэрч, расшыфраваць ліст можна было і без штучнага інтэлекту. Але спецыялісту на такую працу маглі спатрэбіцца тыдні".
  • UFO
    03.10.2026
    ШІ , лянаваліся проста. Ніхто не хацеў марнаваць два тыдні свайго жыцця.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Я на перамовах з амерыканцамі і еўрапейцамі кажу: «Я гатовы перагарнуць старонку»25

Лукашэнка: Я на перамовах з амерыканцамі і еўрапейцамі кажу: «Я гатовы перагарнуць старонку»

Усе навіны →
Усе навіны

Вадзім Пракоп'еў: Ціханоўскі вярнуўся ў зону камфорту. Гэта нізкая планка, але я паважаю яго выбар59

У Мінск едзе генсак АБСЕ. Латушка супраць17

У Арыны Сабаленкі падчас тэлешоу скралі заручальны пярсцёнак за 800 тысяч даляраў13

«Моцны хлапок і выбух». На гродзенскай трасе загарэлася фура1

У Казахстане заявілі пра прадухіленне дзяржперавароту6

Народ зрабіў сваю выснову, чаму ўлады ваююць з Хэлоўінам15

Самалёт Wizz Air саджалі ў суправаджэнні знішчальніка праз паведамленне пра бомбу на борце1

Кітай цяпер мае больш вайсковых караблёў, чым ЗША. Высновы?13

На крэйдавых кар'ерах пад Ваўкавыскам пабудуюць канатную дарогу і адкрыюць пракат лодак

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Я на перамовах з амерыканцамі і еўрапейцамі кажу: «Я гатовы перагарнуць старонку»25

Лукашэнка: Я на перамовах з амерыканцамі і еўрапейцамі кажу: «Я гатовы перагарнуць старонку»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць