Грамадства11

«Маё дзіця заснула і не прачнулася». У Вільні памёр 29‑гадовы беларус

Папярэдняя прычына смерці Аляксандра Явіліна — раптоўнае спыненне сэрца. Цяпер сям’і просіць аб дапамозе, каб аплаціць пахаванне. 

Аляксандр Явілін. Фота тут і далей — з архіву яго маці

29‑гадовы Аляксандр Явілін прыехаў у Літву разам з сям’ёй у канцы 2020 года. У Беларусі ён атрымаў адукацыю інжынера, пачаў працаваць па спецыяльнасці, меў каханую дзяўчыну і будаваў планы на будучыню. У эміграцыі яму давялося пачынаць усё наноў. Саша працаваў кухарам, спрабаваў вярнуцца ў прафесію і адначасова змагаўся з цяжкай дэпрэсіяй.

Некалькі дзён таму Сашу знайшлі мёртвым у ягоным ложку. Папярэдняя прычына смерці — раптоўнае спыненне сэрца. Цяпер сям’і патрэбна дапамога, каб аплаціць пахаванне.

«У апошні цягнік мы заскочылі ўсёй сям’ёй»

Сям’я Аляксандра паходзіць з Мар’інай Горкі. Пасля выбараў 2020 года ягоныя бацькі ўдзельнічалі ў мясцовых акцыях, дапамагалі пацярпелым ад рэпрэсій і сем’ям палітвязняў, збіралі грошы на штрафы.

Да іх прыходзіў участковы і папярэджваў, каб яны спынілі сваю актыўнасць. Праз допісы ў сацыяльных сетках на сям’ю пісалі даносы, міліцыянер прыходзіў да бацькі Аляксандра на працу.

«Калі арыштаў стала ўсё больш, мы зразумелі, што трэба з’язджаць. Можна сказаць, заскочылі ў апошні цягнік. У снежні 2020 года выехалі ўсёй сям’ёй, Саша таксама паехаў з намі», — расказвае яго маці Алеся Явіліна.

Аляксандр разам з бацькамі ездзіў у Курапаты, калі актывісты трымалі варту каля рэстарана «Паедзем паядзім». Беларусь заставалася для яго важнай і пасля пераезду. У Літве ён пазнаёміўся з мясцовымі беларусамі, падтрымліваў з імі сувязь, ездзіў на фестываль «Тутака» на Падляшшы.

Саша граў на гітары, шмат чытаў і мог падоўгу глядзець пазнавальныя праграмы.

«З ім было вельмі цікава размаўляць. Ён многа ведаў, усім цікавіўся», — успамінае Алеся.

Скончыў ліцэй на выдатна і сам паступіў у БДУІР

Перад універсітэтам Аляксандр вучыўся ў Гомельскім ліцэі МНС, які скончыў на выдатна. Пазней ён самастойна паступіў на бюджэт у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Вывучыўся на інжынера-праекціроўшчыка сістэм бяспекі. Яшчэ на старэйшых курсах пачаў працаваць, а пасля ўніверсітэта паспеў папрацаваць па спецыяльнасці ў кампаніі. Скончыць магістратуру перашкодзіў пераезд.

«Ён заўсёды ўсяго дамагаўся сам. У Беларусі ў яго ўсё складвалася: вучоба, праца, сябры, каханая дзяўчына», — кажа маці.

Саша крайні справа

Пасля ад’езду дзяўчына засталася ў Беларусі і спыніла адносіны. Алеся мяркуе, што яна магла пабаяцца падтрымліваць сувязь. Для Сашы гэта стала цяжкай стратай. У Беларусі засталіся і амаль усе ягоныя сябры.

Працаваў кухарам, але хацеў вярнуцца ў прафесію

У Літве знайсці працу па адукацыі не атрымлівалася. Англійскую Аляксандр ведаў добра, але на сумоўях раз за разам чуў, што працадаўцу патрэбны чалавек з літоўскай мовай.

Саша любіў гатаваць, таму ўладкаваўся на кухню. Працаваў у рэстаране кухарам, гатаваў піцу. Маці кажа, што яго цанілі, ён нават пайшоў на павышэнне.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе на яго працу пачалі ўладкоўвацца ўкраінцы. Атмасфера змянілася. Паводле Алесі, Сашу пачалі цкаваць праз тое, што ён беларус і паходзіць з краіны-суагрэсаркі.

«Ён вельмі моцна гэта перажываў», — расказвае маці.

Да гэтага дадаліся балючы разрыў з каханай дзяўчынай, расстанне з сябрамі ў Беларусі і адчуванне, што ў новай краіне ён не можа знайсці сабе месца. Менавіта тады стан Аляксандра пачаў пагаршацца.

Ён паспрабаваў вярнуцца да інжынернай працы. Пацвердзіў беларускі дыплом, звяртаўся ў розныя арганізацыі, рассылаў рэзюмэ, хадзіў на сумоўі. Але моўны бар’ер кожны раз станавіўся перашкодай.

«Усе дакументы ўжо прыйшлі, пацверджаны дыплом цяпер ляжыць дома. Ён пісаў паўсюль, куды толькі мог. На сумоўі прыходзіў, па-англійску размаўляў добра. Але яму адказвалі: «Нам патрэбная літоўская», — расказвае Алеся.

«Я вельмі баялася, што ён можа нешта з сабой зрабіць»

У Літве Аляксандр звярнуўся да псіхіятра. Яму паставілі посттраўматычны стрэсавы разлад і цяжкую дэпрэсію з высокай рызыкай самагубства. Ён прымаў лекі, некаторы час знаходзіўся ў бальніцы.

Маці Аляксандра сама працуе медсястрой. Яна лічыць, што сыну не хапіла працяглай псіхалагічнай дапамогі, асабліва на зразумелай яму мове.

«Табе прызначаюць таблеткі і адпраўляюць дадому. Псіхолага даць не могуць, бо няма рускамоўнага. Я бачыла, як яму ўсё цяжэй. Пэўны час ён жыў адзін, але потым я забрала яго да нас», — расказвае жанчына.

Спачатку Саша працягваў сустракацца са знаёмымі беларусамі. Сябры пісалі яму, запрашалі на сустрэчы, спрабавалі выцягнуць з дому. Паступова ён амаль перастаў адказваць і кудысьці выходзіць.

«Апошнім часам у яго ўжо не заставалася ніякіх інтарэсаў. Ён ні з кім не сустракаўся, нікуды не хадзіў. Я вельмі баялася, што ён можа нешта з сабой зрабіць. І вось, не вытрымала сэрца», — кажа маці.

У апошні дзень наведаў бацьку ў бальніцы

Незадоўга да смерці Аляксандра ягоны бацька цяжка захварэў і трапіў у бальніцу з высокай тэмпературай і ціскам. Саша ўдзень прыехаў да яго, прывёз патрэбныя рэчы. Яны пасядзелі, пагаварылі. Бацьку на той момант ужо стала лепш. Пасля Аляксандр вярнуўся дадому.

Алеся ў гэты час была ў кароткай паездцы, запланаванай задоўга да хваробы мужа. Раніцай яна пачала тэлефанаваць сыну, але ён не адказваў. Сям’я папрасіла знаёмага хлопца зайсці да іх у кватэру.

«Ён прыйшоў і знайшоў Сашу ў ложку. Як спаў на баку, так і застаўся. Маё дзіця заснула і не прачнулася», — гаворыць Алеся.

У папярэднім медыцынскім заключэнні смерці называецца раптоўнае спыненне сэрца. Дакладныя звесткі будуць пазней. Раней у Сашы назіралі высокі пульс і праблемы з ціскам. Алкаголь ён практычна не ўжываў, кажа маці.

«За 29 гадоў ён нікога не пакрыўдзіў»

У Алесі чацвёра дзяцей. Малодшая дачка вучыцца ў 11‑м класе літоўскай школы, старэйшая — у медыцынскім універсітэце на стаматолага. Яшчэ адзін сын жанаты і жыве асобна.

Пра Аляксандра маці ўвесь час паўтарае адно слова — «залаты»:

«Ён ніколі ў жыцці не павысіў на мяне голас. Ды ён увогуле ні на каго не павышаў голас. Не мог пакрыўдзіць чалавека нават жартам. Мяккі, спакойны, незласлівы. За ўсе 29 гадоў ён не зрабіў нікому нічога дрэннага. Гэта было залатое дзіця.

За гэтыя дні я пастарэла гадоў на дваццаць. Страціць такое маладое дзіця — гэта проста немагчыма прыняць», — кажа Алеся.

Алеся з маленькім Сашам

Як дапамагчы сям’і

Арганізацыя пахавання каштуе сям’і каля чатырох тысяч еўра. На яго пайшлі амаль усе зберажэнні. Бацька Аляксандра па-ранейшаму знаходзіцца ў бальніцы.

«Людзі пытаюць, чым могуць дапамагчы. Цяпер, як бы цяжка ні было гэта казаць, нам патрэбная фінансавая дапамога. Мы выдаткавалі ўсё, што мелі, амаль нічога не засталося на жыццё. Я вельмі ўдзячная кожнаму, хто пералічвае хоць невялікую суму», — кажа яна.

Дапамагчы сям’і можна пераводам на рахунак:

Атрымальніца: Aliaksandra Yevilina

IBAN: LT827300010167436585

Банк: Swedbank

Развітанне з Аляксандрам праходзіць 8 кастрычніка з 16:00 да 19:00 і 9 кастрычніка з 9:00 да 13:00 у другой зале пахавальнага цэнтра ў Антакальнісе: M. K. Paco g. 4, Vilnius.

Каментары1

  • …
    08.10.2026
    Прыміце глыбокія спачуванні

Цяпер чытаюць

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары8

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Усе навіны →
Усе навіны

Міхалкоў заявіў, што вайну з Украінай Расіі паслаў Бог13

Пазняк пра палітыку ЕС: Фактычна гэта палітыка антыбеларуская55

У Гімалаях ёсць самая высокая гара ў свеце, на якую яшчэ ніхто не ўзняўся. У чым прычына?4

«Марыя» падыходзіць да Камароўкі, «Алеся» — да гасцініцы «Беларусь». Стала вядома, на якім этапе будаўніцтва трох новых станцый мінскага метро4

У Беларусі сталі выпускаць шакаладны хлеб

ЗША падтрымалі Латвію ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і высока ацанілі яе гатоўнасць узаемадзейнічаць з Беларуссю4

Мікола Дзядок выдаў кнігу пра тэхналогіі контррэвалюцыі4

У Іспаніі памерла 87‑гадовая жанчына, справа якой справакавала цяперашні палітычны крызіс у краіне11

Дзевяцігадовы кітаец пабіў сусветны рэкорд па складанні кубіка Рубіка. Гэта для яго ўжо не першы раз

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары8

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць