Маладыя спартсмены ўсё часцей прымаюць душ у трусах. У чым прычына?
Звычкі змяніліся і ў спартсменаў, і ў спартсменак.

Яшчэ гадоў 10—15 таму футбалісты пасля матча або трэніроўкі прымалі душ голымі. А цяпер так і мыюцца — у шортах. На гэтую змену звычак звярнуў увагу Крыстаф Крамер — былы гулец зборнай Германіі, які ў 2014 годзе стаў чэмпіёнам свету па футболе.
«Раней мы ўсе мыліся голымі. А цяпер, я б сказаў, 80% прымаюць душ у трусах», — адзначыў футбаліст у адным з нядаўніх падкастаў. Сам ён прызнаўся, што не вельмі разумее такога падыходу, і выказаў здагадку, што справа ў розніцы паміж пакаленнямі. Зрэшты, лічба 80% — яго асабістае назіранне.
Журналісты Tagesspiegel вырашылі разабрацца ў гэтым феномене і паразмаўлялі з маладымі спартсменамі з аматарскіх клубаў. Высветлілася, што ў некаторых камандах мыцца ў трусах або купальніках сапраўды стала звычайнай практыкай.
Асабліва прыкметная гэтая змена ў жаночым футболе: паводле аповедаў маладых футбалістак, пасля трэніровак і гульняў амаль ніхто ў іх камандах не прымае душ голым. Пры гэтым сама тэма аказалася настолькі далікатнай, што суразмоўцы журналістаў папрасілі захаваць іх ананімнасць. А іх адказы паказалі, што за адной і той жа звычкай могуць стаяць зусім розныя матывы.
Чаму маладыя спартсмены не хочуць распранацца
Адна з прычын — сарамлівасць. Асабліва гэта датычыць падлеткаў, якія перажываюць фізічныя змены і часта параўноўваюць сябе з іншымі. Сваю ролю адыгрываюць і сацыяльныя сеткі, дзе маладыя людзі пастаянна бачаць ідэалізаваныя целы. На гэтым фоне ўласнае цела можа здавацца недастаткова прыгожым. У прафесійным спорце дадатковы ціск ствараюць рэгулярныя ўзважванні, вымярэнні тлушчавай масы і праверкі фізічнай формы.
Раней да мыцця аголенымі мужчыны прывучаліся ў арміі, дзе гэта было адным з патрабаванняў гігіены. Аднак за апошнія паўстагоддзя службу па прызыве адмянялі спачатку ў ЗША, а пасля і ў большасці краін Еўрасаюза. Паступова атрафіравалася і звычка, што фарміравалася ў войску.
Але рэч далёка не заўсёды ў няўпэўненасці ва ўласным целе. Некаторыя маладыя людзі проста не хочуць паказваць інтымныя часткі цела іншым і лічаць гэта пытаннем асабістай прыватнасці. У асобных выпадках значэнне маюць рэлігійныя перакананні.
Напрыклад, у ісламе існуюць правілы, паводле якіх мужчынам належыць прыкрываць цела ад пупка да каленяў. Аднак тое, як гэтае правіла выконваецца пад душам, залежыць ад канкрэтнага чалавека і яго поглядаў.
Яшчэ адна прычына — жаданне не вылучацца з калектыву. Калі большасць каманды прымае душ у трусах, распрануцца дагала азначае стаць адным з нямногіх, хто паводзіць сябе інакш. Таму нават тыя, хто асабіста не бачыць праблемы ў аголенасці, пакідаюць на целе ніжнюю бялізну, каб адчуваць сябе часткай групы.
Псіхолаг: нічога дзіўнага, усё нармальна
Спецыялістка ў галіне спартыўнай псіхалогіі Марыён Зульпрыцыа лічыць, што ў новай звычцы няма нічога дзіўнага або трывожнага. Калі яна сама займалася спортам, было звычайнай справай прымаць душ без адзення. Але пазней, працуючы трэнеркай дзявочых каманд, яна ўжо сутыкалася з тым, што спартсменкі мыліся ў купальніках. На яе думку, з псіхалагічнага пункту гледжання гэта цалкам зразумела, асабліва калі гаворка ідзе пра падлеткаў.
«Менавіта ў перыяд палавога выспявання многія адчуваюць патрэбу хаваць сваё цела або параўноўваць сябе з іншымі», — тлумачыць экспертка.
Агульная раздзявальня можа быць асабліва ўразлівым месцам для непаўналетніх. Тут існуе рызыка насмешак, булінгу, крыўдных заўваг і парушэння асабістых межаў.
Аднак Зульпрыцыа не лічыць, што нежаданне маладых людзей раздзявацца перад іншымі — гэта штосьці кепскае. Наадварот, яна бачыць у гэтым магчымую прыкмету пазітыўных змен: дзеці і падлеткі ўсё часцей самі вызначаюць, што для іх прымальна, а што не, замест таго каб аўтаматычна падпарадкоўвацца чужым патрабаванням.
«Гэта добра, калі дзеці і падлеткі не робяць таго, што выклікае ў іх дыскамфорт. Калі яны кажуць, што ім непрыемна і яны чагосьці не хочуць, для гэтага найперш патрэбная смеласць. Гэта сведчыць пра сілу, а не абавязкова пра сарамлівасць», — адзначае псіхолаг.
На думку эксперткі, за апошнія гады змянілася і сама культура спартыўных клубаў. Раней нярэдка трэнеры нават прымалі душ разам з выхаванцамі, гэта лічылася важным для каманднага духу. Цяпер такая практыка ўжо лічыцца непрымальнай. Больш увагі надаецца асабістаму камфорту дзяцей і іх праву самастойна вызначаць свае межы.
Каментары