У Беларусі пачасціліся выпадкі разлікаў сувенірнымі купюрамі. Таму жыхароў заклікаюць уважліва правяраць грошы, якія яны атрымліваюць.

Сувенірныя банкноты могуць амаль дакладна паўтараць дызайн сапраўдных грошай, іх колер і размяшчэнне надпісаў. Аднак у тэкстах часам падмяняюць літары: напрыклад, замест «дзесяць рублёў» можа быць напісана «дзесяць цублёў», а замест «пяць рублёў» — «пяць дублёў».

Таксама замест надпісу «Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь» на такіх купюрах могуць быць пазнакі «Souvenir money», «Сувенірныя грошы» або «Не з'яўляецца плацежным дакументам».

У сувенірных банкнотах абавязкова ёсць пазнака, што яны не з’яўляюцца сапраўднымі грашыма. Аднак заўважыць яе можна толькі пры ўважлівым разглядзе купюры, на што людзі не заўсёды звяртаюць увагу.

Спроба разлічыцца сувенірнымі купюрамі можа кваліфікавацца як махлярства і пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць.
Каментары