Культура2121

Прасцей? Складаней?.. Даражэй!

З 1 верасня пачнём карыстацца абноўленым беларускім правапісам.

Засталося менш за месяц да афіцыйнай змены беларускага правапісу. Яго новая рэдакцыя ўступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 года.
Новаўвядзенні прыняты згодна з законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Змены ў правілах датычацца пашырэння перадачы акання ў запазычаных словах, напісання «ў» у словах іншамоўнага паходжання, ужывання вялікай і малой літар, напісання складаных і складанаскарочаных слоў, правілаў пераносу слоў. Рэфарматары запэўніваюць, што «мадэрнізацыя» асаблівых цяжкасцей пры вывучэнні не выкліча. Нават наадварот, аблегчыць жыццё і вучням, і студэнтам, і выкладчыкам. А што думаюць на гэты конт людзі, непасрэдна звязаныя з ужываннем беларускай мовы на пісьме?

Мікалай Аляхновіч, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы і дыялекталогіі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна:

— 

Сама рэформа, па сутнасці, даўно наспела. Апошнія правілы выйшлі ў 1959 годзе — прайшло паўстагоддзя
. Зразумела, што мова на месцы не стаіць, яна мяняецца. Гэтыя змены самі па сабе паціху прасочваліся ў моўную плынь. З’яўляліся нормы, нават не ўзаконеныя, былі надрукаваны слоўнікі, якія гэтую норму давалі як правіла, хаця рэформы не было. Трэба пісаць правільна, на дзяржаўна ўзаконеных моўных прыярытэтах, а не так, як хочацца. Другая справа, што новая рэдакцыя правапісу ўсё роўна не расставіла ўсіх кропак над «і». Многае засталося «за кадрам». Падлічыце, колькі заўваг і спасылак «глядзіце ў слоўніку». Але ж ніякі слоўнік усёй лексікі не змесціць. Дык дзе ж чалавеку шукаць правільны варыянт, калі ён не даецца навукоўцамі?

Другая праблема — тэставанне тых, хто навучаўся па старых правілах. Ёсць пазіцыя, што выпускнікі яшчэ два гады будуць здаваць тэсты па старым правапісе.

У практычным засваенні мовы ў сценах універсітэта будучыя настаўнікі адпрацоўваюць спрэчныя моманты, шукаюць адказы на пытанне: «Як усё ж такі трэба?» Што да непасрэднага засваення курсу беларускай мовы студэнтамі, то яны вывучаюць яе развіццё ад самага пачатку і да сучаснага стану, нават з аглядкай на перспектыву «што можа быць». Без гэтых ведаў выпускнік не здолее растлумачыць, што сёння адбываецца ў пісьмовай мове. А яна тым часам пойдзе далей, і зноў мы будзем думаць пра новыя спрашчэнні і ўдакладненні ў правапісе беларускай мовы.

Вольга Куц, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 г. Брэста:

— Асабліва цяжка прыйдзецца вучням сярэдняга звяна — 6–8 класаў. Вядома, будуць праблемы, бо нялёгка звыкнуцца з новым напісаннем слоў і забыцца на «старое правільнае», якое стане памылковым.
Задача настаўнікаў — дапамагчы дзецям хутчэй засвоіць змены. Я і мае калегі прайшлі курс па новай рэдакцыі ў правапісе, здавалі залік. З новага навучальнага года на кожным уроку пачнем праводзіць арфаграфічныя хвілінкі, на якіх будуць вывучацца асноўныя змены ў новым правапісе. Таксама ў кожным класе запланаваны факультатывы па вывучэнні новых правілаў беларускай мовы.

Ганна Гарустовіч, студэнтка 3 курса Інстытута журналістыкі БДУ:

— Калі я вучылася ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П. М. Машэрава, размова пра ўвядзенне новых правілаў толькі пачыналася. Тады мы ўсе хваляваліся, што будзе цяжка перавучвацца і ў тэстах па мове наробім шмат памылак. Цяпер падчас напісання тэкстаў машынальна ўспамінаю патрэбнае новае правіла. Таму асабіста на мяне новы правапіс глабальна ўплываць не будзе. А вось розным установам і арганізацыям прыйдзецца раскашэліцца на абноўленыя шыльдачкі, дзе назва будзе напісана згодна з актуальнымі правіламі. Напрыклад, у надпісе «Беларускі дзяржаўны універсітэт» пачатковую літару «у» неабходна будзе перарабіць на «ў».

Валерый Гапееў, пісьменнік, аўтар прозы для падлеткаў:

— Асабіста я не бачыў ніякіх падставаў для змянення правапісу. Адзінае — гэта змякчэнне на пісьме мяккіх пры вымаўленні зычных у словах кшталту песня, ранне.
Мы не ставім мяккі знак і тым самым парушаем тое самае правіла, якое гучыць літаральна з першых урокаў: «Як чуем, так і пішам». Але ўвядзенне менавіта такога правапісу выкліча вельмі вялікую складанасць для вучняў, бо простым яно быць не абяцае. Мо таму на яго і не адважыліся?

А вось што тычыцца ўжывання «ў» у словах замежнага паходжання — універсітэт, універсам, універсальны, то гэта для мяне цалкам незразумела, надумана і не прадумана.
Гэтая літара звычайна мяняецца ў рускай мове на «в». У нашай мове гэты гук таксам гучыць падобна да гука «в». Але, выбачайце, у рускай мове няма внімермага і вніфікацыі. Ёсць універмаг і уніфікацыя. А цяпер паспрабуйце сказаць ўніверсітэт… А як для саміх распрацоўшчыкаў гучыць «мая ўніятка»? Мая вніятка? Смешна было б, каб не было так сумна, бо гэта «папраўка» зноў жа з ног на галаву ставіць правіла «Як чуем, так і пішам». Незразумела, чым кіраваліся распрацоўшчыкі такой нормы — хіба ў нас вялікія складанасці з правапісам «у нескладовага»? Хіба так многа замежных слоў на літару «у»?

Зрэшты, хай гэта будзе гучаць крыўдна, але колькі за апошнія гады было ў нас спробаў рэфармаваць адукацыю? І чым скончылася? Хто-небудзь падлічыў, колькі грошай з’ела ўвядзенне 12-гадовага навучання, а потым яго адмена? Дык вось, сама распрацоўка новых правілаў — грошы. Іх увядзенне — таксама грошы (трэба ж друкаваць безліч дапаможнай літаратуры, карэктаваць выданні падручнікаў і г. д.). Цяпер пытанне: навошта трэба пісаць ўніверсітэт, а не універсітэт? Чым гэта абумоўлена? Няўжо гэта такое важнае для нашай адукацыі пытанне, што на яго вырашэнне трэба тэрмінова выцягваць грошы з не такой ужо і багатай бюджэтнай кішэні?

***

Прынцыповыя змены ў беларускім правапісе

• пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў. Напрыклад: трыа, адажыа, Ватэрлоа. У словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы -эр, -эль прапанавана перадаваць як -ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар, але: Одэр, Юпітэр (уласныя імёны іншамоўнага паходжання);

• паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць;

• пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад: ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна, але: траур;

• уносяцца змены ў напісанне складаных і складанаскарочаных слоў. Напрыклад, прапануецца пісаць гаркам, газпрам, інтэрпал і г. д.;

• уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на -ск (і), утвораных ад уласных назваў. Напрыклад: чаньчунскі, цяньшанскі, як і любанскі, астраханскі;

• упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д. Напрыклад: візіт прэзідэнта, але: візіт Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі;

• з вялікай літары прапануецца пісаць асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Святая Троіца і інш.;

• у пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-Ёрк, Ёфе;

• рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-): ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г. д.;

• са зводу правіл выключаны раздзелы «Галосныя ў некаторых ненаціскных канчатках назоўнікаў», «Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў і займеннікаў», «Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў». Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не правапісу, а словазмянення і знаходзяць адлюстраванне ў граматыцы беларускай мовы;

• уведзены новы раздзел «Правапіс некаторых марфем», у якім у сістэмным выглядзе сабраны звесткі пра правапіс прыставак, суфіксаў;

• спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям. Напрыклад, слова «сястра» раней для пераносу дзялілася так: ся-стра, сяст-ра. Цяпер: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра.

Каментары21

Цяпер чытаюць

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?15

Грамадстваудакладнена15

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска знайшла італьянскую сям’ю, якая прыняла яе пасля Чарнобыля. Яна думала, што італьянцы яе кінулі10

Джорджа Мелоні на саміце G7 пахвалілася, што перамагла шкодную звычку4

21‑гадовага хлопца са Светлагорска пасадзілі за палітыку. Хлопец жыў у дзетдоме, а нядаўна сам стаў бацькам1

Колькасць абортаў у Беларусі абнавіла гістарычны мінімум. Але на Магілёўшчыне іх усё больш4

Брытанскі тэлевядучы Джэрэмі Кларксан паведаміў, што ў яго дыягнаставалі рак2

Стала вядома пра арышт яшчэ аднаго каліноўца Андрэя Сяргеева

Найлепшы бамбардзір чэмпіянату свету — аўтагол

Новы мем — чалавек-вентылятар. Часам нават чалавек-кандыцыянер3

Учора ўвечары частка Салігорска засталася без вады

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?15

Грамадстваудакладнена15

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць