Культура2929

Fight club па-беларуску

Біцца, каб праверыць сябе. Біцца, каб успомніць, што ты мужчына. Біцца дзеля самой бойкі.

«Сустрэча пройдзе ў нядзелю а 14:00 на станцыі метро «Магілёўская». Пры сабе мець баксёрскія бінты, капу, ваду, зменнае адзенне і абутак», – чытаю аскетычны спіс спартовага інвентару для бойкі ад Ксандзера, галоўнага арганізатара менскага Fight Сlub.

Беларускія дзеці Тайлера Дэрдэна і да брутальных паведамленняў выклікалі ў мяне занепакоенасць. На просьбу сустрэцца для інтэрв’ю яны прапанавалі прыйсці проста на месца падзей, а потым дадалі: «Пачатковец павінен прыняць бойку». Я згадзіўся і адразу прыгадаў, што біўся апошні раз гадоў пяць таму, калі не лічыць бойкай уцёкі ад беларускіх амапаўцаў 19 снежня.

«Яны б’юцца і не адчуваюць, што ў іх нешта зламана або разбіта»

А 14:00 у нядзелю выходжу на «Магілёўскай». На платформе ўжо стаяць 12 хлопцаў са спартовымі торбамі. На першы погляд яны нагадваюць «невядомых у цывільным», якія працавалі на маўклівых рэвалюцыях улетку. 23-гадовы інжынер з МАЗа Ксандзер выкрывае мой снабізм: «Прыходзіць пераважна моладзь ад 18 да 28 гадоў. Большасць – студэнты і людзі з вышэйшай адукацыяй. Улетку б’юцца 10–20 чалавек, зімой менш. Бывае, зазірае і пралетарыят, але белых каўнерыкаў нашмат больш.
Дзядзька Вася, які бухае з пятніцы да панядзелка, а ў астатні час працуе на заводзе, прыходзіць рэдка. Напэўна, ён на лавачцы ў двары часцей за нас арганізоўвае байцоўскія клубы».

Выходзім з метро. Мінаем ідылічны восеньскі лес і закінуты завод, дзе хлопцы б’юць адзін аднаму твары зімой, даходзім да футбольнага поля, якое і будзе нашай гладыятарскай арэнай. Пакуль удзельнікі пачынаюць пераапранацца і намотваць бінты на кулакі, цікаўлюся:

«А да крыві часцяком даходзіць?». «Вядома», –
падбадзёрвае Ксандзер.

На маё пытанне пра траўматызм у іх незвычайным гуртку інтэлігентны Ксандзер адказвае ўнікліва: «У хлопца была шчыліна асабовай косткі, у мяне быў пералом нагі, аднойчы камусьці руку зламалі. Большасць сур’ёзных траўмаў у людзей, якія даўно займаюцца адзінаборствамі. Яны б’юцца і не адчуваюць, што ў іх нешта зламана або разбіта. Шмат адрэналіну ў крыві, дый да болю прызвычаіліся. У простых хлопцаў усё абмяжоўваецца пабітым носам або вуснамі, сінякамі. Наогул усё індывідуальна: адзін пяць хвілін махае рукамі і ніводнай драпіны, а другога варта зачапіць – адразу кроў ракой».

«Асноўная наша ідэя – забіць страх»

Пад размовы пра нажы і вазелін арганізатары абвяшчаюць правілы і размяркоўваюць тых, хто прыйшоў, па парах. Біцца будзем адзін на адзін, без абмежаванняў па часе, але бойку магчыма перапыніць хоць словам, хоць рухам. Высветліўшы байцоўскі досвед і вагу адзін аднаго, разбіваемся на прыкладна аднолькавыя па моцы двойкі.

Правілаў амаль няма, хіба што раяць «не вырываць вочы, не біць у кадык і пах».
Становімся пасярод футбольнага поля, а ў цэнтр для прамовы, нібы герой Брэда Піта, выходзіць Ксандзер. Ва ўсім адчуваецца нябачная прысутнасць Паланіка: «пачатковец павінен прыняць бой» і
«ваш галоўны вораг – вашыя ўласныя страхі».

Сам Ксандзер кажа, што паглядзеў знакаміты фільм ужо пасля таго, як першы раз пабіўся ў 2008 годзе, калі беларускі файтклаб толькі ствараўся. Дый якіх-небудзь палітычных мэтаў айчынны брат спараджэння Тайлера Дэрдэна не мае. «Мы па-за палітыкай, рэлігіяй, нацыянальнымі канфліктамі. Лічым, што чалавек павінен спачатку змяніць сябе і сваё асяроддзе, а ўжо потым брацца за вялікія справы», – дзеліцца няхітрай жыццёвай мудрасцю Ксандзер.

У цэнтр кола выходзяць Ксандзер ды цыбаты пачатковец, і пад хвацкае «давай», «бі збоку» і «трымайся» праліваецца першая кроў з носу неафіта. Хлопцы махаюць рукамі і нагамі, праводзяць захопы і валяюцца ў клубах пылу, і гэта той самы выпадак, калі падзеі, што адбываюцца, не проста нагадваюць вулічную бойку, а гэтай самай бойкай і ёсць. «Хопіць!» – крыкнуў цыбаты хлопец з пабітым носам, і ўсе раптам пачалі пляскаць у далоні. Такі тут кодэкс гонару і такая філасофія: няма ніякіх пераможцаў.

«У нас тут не як у фільме, – кажа Ксандзер. – Мы самаразбурэнне не лічым мэтай.

Асноўная наша ідэя – забіць страх. Чалавек ніколі не біўся, баіцца за ўсё, а ў нас тут ён можа перамагчы свае комплексы. Карацей, ты б’ешся з самім сабой».

Перамагчы свае страхі і комплексы ў «байцоўскі клуб» прыходзілі і спецназаўцы, і вэдэвэшнікі, і футбольныя фанаты. Тут радыя ўсім, каму давялося нарадзіцца мужчынам і хто мае больш за 18 гадоў. Жаночыя баі ў клубе не праводзіліся, хаця ахвотныя былі. «Дзяўчыны, прафесійныя спартсменкі, тэлефанавалі і прасілі паўдзельнічаць. Мы супраць гэтага. Дзяўчыны – далікатныя і мілыя істоты. Лепш няхай стрып-пластыкай займаюцца. Здольнасць прыгожа распранацца дасць дзяўчыне больш, чым здольнасць біць у горла», – дэманструе патрыярхальны погляд на праблему Ксандзер.

«Я ўсіх сваіх першых памятаю»

Мая бойка – трэцяя па ліку. Супернік – моцны, жылісты хлопец інтэлігентнага выгляду. Яго ўсе ведаюць, з чаго раблю выснову, што ён тут часты госць. Перад бойкай апанент дае сяброўскую параду: «Ты б размяў косці!». «Я гатовы, не турбуйся», – хлушу я.

Спачатку мне здавалася, што будзе складана ўдарыць невядомага чалавека, які ніяк мяне не пакрыўдзіў. Але калі праз дзве секунды я злавіў шчакою яго кулак, у галаве гучала ўжо толькі адна думка: «Заб'ю гадзіну!»
. Далейшыя падзеі прыгадваюцца як шэраг кадраў. Вось мы лупім адзін аднаго рукамі, вось ён трапляе мне ў скронь, а я яму ў вока. Вось адбываецца першае знаёмства маіх вуснаў з яго каленам. Саланаваты, як мае быць, прысмак крыві. Вось, адбіваючыся, я ірву яму майку. Вось мой нос сустракаецца з яго каленам. Яшчэ ўдар. Кроў з носа. Хопіць.

Кроў ідзе з вуснаў і носа. Нягледзячы на гэта, дыхаецца прыемна і ўпэўнена. Эйфарыяй мой стан не назавеш, але адрэналіну дастаткова.
Пакуль на арэне высвятляюць адносіны астатнія пары, іншыя ўдзельнікі «файтклабу» размаўляюць пра надвор’е і апошнія навіны. Ксандзер кажа мне пра ролю першага суперніка ў жыцці мужчыны: «Пасля першых баёў адзін на адзін паміж людзьмі ўзнікае сімпатыя, лірычная нотка. Я ўсіх сваіх першых памятаю».

…Кампаніяй пабітых, але задаволеных хлопцаў праходзім паўз нейкі загон, у якім натоўп бабулек танчыць вальс. У іх свой спосаб атрымаць адрэналін. Мой спарынг-партнёр падбадзёрвае мяне і тлумачыць, чаму ходзіць на «байцоўскі клуб» ужо год: «Чалавек у жыцці імкнецца да спакою, каб канапа і тэлевізар, а

клуб дапамагае ўзварухнуцца, зразумець, што ты яшчэ жывы і яшчэ мужчына. Бо што ты можаш ведаць пра сябе, калі ніколі не біўся?»

Каментары29

Цяпер чытаюць

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі36

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў46

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

Шакіра — першая спявачка, якая выступіла на чатырох чэмпіянатах свету1

Таленавітага беларускага харэографа злавілі ў Пецярбургу з наркотыкамі11

У Расіі прыпынілі продаж самага папулярнага красовера «Белджы»2

Сям'я схадзіла ў мінскі аквапарк, а цяпер хоча вярнуць грошы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць