Культура6464

Беларускі нацыяналізм безь легендаў

Часам трапляюцца публікацыі, чытаючы якія, амаль з усім згаджаесься, а думкі аўтараў максымальна выкарыстоўваеш у штодзённым і прафэсійным жыцьці. Рэцэнзія Генадзя Семенчука на кнігу Валера Булгакава «Гісторыя беларускага нацыяналізму».

Часам трапляюцца публікацыі, чытаючы якія, амаль з усім згаджаесься, а думкі аўтараў максымальна выкарыстоўваеш у штодзённым і прафэсійным жыцьці. Для мяне ў беларускай інтэлектуалістыцы гэта тэксты Алега Латышонка, Юрася Пацюпы і Валеркі Булгакава.

Пра яго апошнюю кнігу можна пісаць многа. У Беларусі слова «нацыяналізм» звычайна выклікае адмоўную рэакцыю. Гэта абумоўлена, калі дакапацца да кораня, упартым супрацьстаяньнем «вялікіх» нацый праву на самавызначэньне «малых» нацый. Сфармаваўшы ўласныя нацыяналізмы, яны бачаць у нацыяналізмах «меншых братоў» пагрозу сваім палітычным і культурным пазыцыям. Таму часта даводзіцца чуць, як беларусы апраўдваюцца за свой натуральны нацыяналізм: перад расейцамі — «мы любім і шануем багатую расейскую культуру, але маем прэтэнзіі да імпэрыялістычнай палітыкі вашага кіраўніцтва адносна нас, беларусаў, нашай мовы і культуры»; перад палякамі — «так, Адам Міцкевіч — гэта польскі паэт, але ён паходзіць зь беларускага дробнага шляхецкага роду»; перад літоўцамі — «хоць вы і лічыце Вялікае Княства Літоўскае сваёй дзяржавай, затое ўсе пісьменныя там гаварылі і пісалі па‑беларуску».

Такая сытуацыя ёсьць вынікам малалікасьці ўласнабеларускіх нарацый, прысьвечаных праблемам нацыянальнай сьвядомасьці і ідэалёгіі, нацыянальнай гісторыі і культуры. І ў гэтым сэнсе твор Булгакава доўгачаканы. Аўтар здолеў паказаць разьвіцьцё нацыянальных ідэяў (у прыватнасьці, беларускую) як зьяву ня цёмную, не агрэсіўную, ня шкодную, не абмежаваную, а агульначалавечую і як найважнейшы структурны элемэнт росту духоўнай культуры грамадзтваў.

Кніга Валера Булгакава — беларускі працяг сучасных досьледаў нацыятворчых працэсаў сярод народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Фундамэнтам кнігі сталіся творы і ідэі Энтані Сьміта, Эрнэста Гелнэра, Бэнэдыкта Андэрсана, Міраслава Гроха, Аксаны Забужкі, Рамана Шпарлюка і іншых. На жаль, мусім канстатаваць абмежаванасьць і слабасьць уласна беларускай гуманітарнай навукі ў пытаньнях генэзісу і разьвіцьця сучасных эўрапейскіх нацый. Гэта датычыць як каляніяльна‑афіцыйнага кірунку, так і нацыянальнага. Па‑за працамі Паўла Церашковіча і асобнымі артыкуламі Алега Латышонка, Алеся Анціпенкі, Ігара Бабкова, Алеся Смаленчука ды Сяргея Токця больш нічога не прыгадваецца.

Булгакаў, сьледам за іншымі дасьледчыкамі (Эрнэстам Гелнэрам, Энтані Сьмітам, Гансам Конам) разумее пад «нацыяналізмам» 1) «форму нацыянальнай сьвядомасьці», 2) «працэс фармаваньня нацый, накіраваны на стварэньне палітычна самасьвядомага грамадзтва ў межах нацыянальных дзяржаў», 3) «пачуцьцё і ўсьведамленьне прыналежнасьці да нацыі», 4) «мову і сымболіку нацыі», 5) «сацыяльны і палітычны рух ад імя нацыі», 6) «дактрыну і/альбо ідэалёгію нацыі, агульную і канкрэтную»; 7) «вобраз думак, які характэрны пераважнай большасьці людзей і які прэтэндуе на тое, што ён характэрны ўсім людзям». Ён лічыць нацыянальную дзяржаву ідэальнай формай палітычнай арганізацыі, а нацыянальнасьць — крыніцай творчай культурнай энэргіі і эканамічнага росквіту.

Не спаткаў я ў нарацыі Валера Булгакава відавочных алягізмаў. Ну, магчыма, толькі думка, што нацыяналізм К.Каліноўскага быў накіраваны супраць нямецкага і расейскага гегеманізмаў. Затое адзначу шмат ідэй (і ўласна аўтарскіх, і пазычаных — у другім выпадку шкада, што не заўсёды падаецца крыніца пазыкі), якія ёсьць прадуктам уласна беларускага гістарычнага мысьленьня і ствараюць падставы мэтадалёгіі нацыянальнай гістарыязофіі:

— Падзелы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. стварылі ўмовы для фармаваньня мадэрнай беларускай нацыі, бо спынілі працэс татальнай палянізацыі і рэарганізацыі грамадзтва РП на францускі ўзор;

— Дробная шляхта на беларускіх землях у першай палове — сярэдзіне ХІХ ст. мела польскую нацыянальную сьвядомасьць. Гэта адносіцца да Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча і нават Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага;

— Актыўнасьць расейскай імпэрскай адміністрацыі ў стварэньні альтэрнатывы для польскага нацыятворчага праекту ў другой палове ХІХ ст. спрычынілася да фармаваньня моўна‑культурна‑прасторавага разуменьня і ўсьведамленьня беларускасьці як асобнай этнакультурнай адзінкі.

Сапраўды, беларусы як нацыя — даволі позьняе дзіця сярод іншых у сям’і народаў Цэнтральна‑Ўсходняй Эўропы. Булгакаў правільна выводзіць, што

«асноўная прычына запозьненасьці беларускага нацыяналізму — не матэрыяльная, а ідэйная. З чатырох асноўных этнічных супольнасьцяў Рэчы Паспалітай рэгіён пражываньня беларусаў меў найменшую гістарычную легітымнасьць». «У адрозьненьне ад літоўцаў альбо ўкраінцаў, на пачатку ХІХ ст. у беларусаў не было гістарычнай традыцыі дзяржаўнасьці, якую можна было лёгка прысабечыць... Іначай кажучы, запозьненасьць беларускага нацыяналізму што да іншых усходнеэўрапейскіх нацыяналізмаў была зьвязаная з тым, што для ягонага ўзьнікненьня доўгі час адсутнічала крытычная ўмова ў выглядзе асьвечанага традыцыяй гістарычнага рэгіёну «Беларусь». Ня столькі мадэрнізацыя грамадзтва, колькі канструяваньне ўяўленьняў аб такім рэгіёне было рамкавай умовай ягонага зьяўленьня».

Сапраўды, беларускай гуманітарнай навуцы заўсёды неставала дэфініцыйных аргумэнтаў, навуковай лексыкі, этымалёгіі і сэмантыкі паняцьцяў, што ставіла беларускіх навукоўцаў у сытуацыю апраўданьня ці то зь літоўцамі наконт «літоўскага княства, ліцьвінаў», ці то з расейцамі наконт «русі, рускіх», і апошнім часам нават з украінцамі, зноў жа наконт «русінаў, русі». Толькі хочацца нагадаць: ніводзін з нашых «суседзяў» не далучае летапіснай Полацкай зямлі да сваіх нацыянальных ідэалёгіяў і гістарыяграфіяў. Аналіз беларуска‑літоўскіх летапісаў XV—XVI ст., зроблены ў свой час Юр’ем Заяцам, падтрыманыя Алегам Латышонкам, Алесем Белым і Альбінай Семянчук, яскрава паказвае ідэалягічную спробу выкрасьліць полацкую гісторыю з пэўнай гістарычна‑геаграфічнай і разумовай прасторы. Ці ня ёсьць такая абыякавасьць да значнага кавалка гістарычнай традыцыі на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы абсалютнай большасьці нацыятворчых цэнтраў і творцаў адлюстраваньнем прызнаньня своеасаблівасьці Полацкага (крывіцкага, беларускага) рэгіёну, — а гэта яшчэ і Смаленск. Таму называць «гістарычным мітам» стаўленьне стваральнікаў беларускага нацыяналізму ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. да полацкай гісторыі IX—XIV ст. у нейкім сэнсе справядліва, толькі трэба гэта рабіць з большым аптымізмам.

Што цікава, афіцыйныя гісторыкі, ня кажучы пра чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, не знайшлі альтэрнатывы Полацкаму пэрыяду як пачатку ўласна беларускай гісторыі.

Па‑другое, ня можна не згадзіцца з Булгакавым, што на тэрыторыі, заселенай беларускім народам на працягу ХІХ—ХХ ст., былі прапанаваныя і рэалізаваліся чатыры нацыятворчыя праекты: польскі, расейскі, украінскі і беларускі. Як ні дзіўна, але перамагае менавіта беларускі. Вынікамі небеларускіх праектаў можна лічыць значную колькасьць расейцаў сярод насельніцтва Беларусі, амаль 11%, без зафіксаваных гістарычна вялікіх міграцыяў прадстаўнікоў дадзенага этнасу. У меншай ступені, але гэта датычыць і палякаў. Адносна ўкраінскага праекту, відавочная і сёньня барацьба за тэрыторыю і людзей, асабліва на польскім баку між Нарвай і Бугам. Сьведчаньнем перамогі беларускага нацыятворчага праекту ёсьць таксама амаль поўная адсутнасьць у яго культурных і навуковых прасторах расейска‑ і польскаэтнічных значных элемэнтаў. Цудоўна, што ніхто не чытае «рускоязычных белоруских писателей» кшталту Чаргінца ці Скобелева, а інтэлектуальны ўнёсак «biaіoruskich historykуw polskiego pochodzienia» (Зьдзіслаў Вініцкі) кшталту Тадэвуша Кручкоўскага альбо Эўгэніюша Скрабоцкага роўны нулю.

Па‑трэцяе, цалкам згодны з аўтарам, што сучасная Беларусь, дзяржава пад кіраваньнем А.Лукашэнкі, — гэта ўзор каляніяльнай культуры. Так званы «газава‑нафтавы крызіс» у канцы 2006 — пачатку 2007 г. — яскравы прыклад таго, як цынічна прадаюць нацыянальныя інтарэсы сучасныя беларускія дзяржаўныя эліты. На апазыцыйным баку беларускага жыцьця таксама увесь час бачым прыклады каляніяльнай культуры.

Па‑чацьвертае, цалкам згодны з аўтарам, што сапраўдная гісторыя беларускага нацыяналізму ў разуменьні дадзенай дэфініцыі сучаснай гуманістыкай пачынаецца ад Багушэвіча. Папярэднія часы ў ХІХ ст. — гэта падрыхтоўчы пэрыяд. На жаль, аналізаваная кніга прысьвечаная толькі пачатковай асобе беларускага нацыяналізму Францішку Багушэвічу, таму яе назва не зусім адпавядае зьместу. Але аўтар і ня ставіў мэты напісаць поўную гісторыю беларускага нацыяналізму. Галоўнае — ён паказаў мэтадалёгію падобнага дасьледаваньня і прапанаваў нарацыйную форму. Гэта не павінна быць чыста гістарычнае, альбо філязофскае, альбо этналягічнае, альбо культурна‑антрапалягічнае дасьледаваньне. Гэта павінна быць комплекснае, інтэрдысцыплінарнае, культуралягічнае дасьледаваньне, калі прызнаем ідэю (у тым ліку нацыянальную) і яе рэалізацыю за найважнейшыя элемэнты духоўнай культуры.

Што сапраўды непрымальна для мяне ў кнізе Булгакава, дык гэта нейкія пазытыўна‑рацыянальныя спасылкі на Якава Трашчанка, прызнаньне за ім нейкай ісьціны. Калі гэта постмадэрнісцкая правакацыя, дык няўдалая і нясьмешная. Ня мае нават самай маленькай «долі ісьціны» магілёўскі выкладчык Я.Трашчанок, бо нічога не стварыў сам, а толькі выконваў рашэньні розных «ідэалягічных сэмінараў», «чарговых паседжаньняў дзяржаўных, партыйных і савецкіх органаў».

Перакананы, што мы павінны ведаць тэксты нават такіх асобаў, як Я.Трашчанок альбо П.Петрыкаў, нават выказваць свае эмоцыі адносна іх зьместу, паказваючы іхняе сапраўднае месца. Толькі ні ў якім разе не губляць час і сілы ў дыскусіях зь імі, ні тым больш спасылацца ў сваіх працах. Лепей падумаць і супольна стварыць «чорную бібліяграфію» антыбеларускіх тэкстаў у галіне гуманітарных навук, каб самім ведаць і пераказаць нашчадкам, хто, калі і якімі словамі ўпарта шкодзіў разьвіцьцю беларускага нацыяналізму. Ня «спальваць» дадзеныя творы, а наадварот стварыць бібліятэку антыбеларускасьці і глупства...

Мы наўрад ці дачакаемся рэакцыі «афіцыйных гісторыкаў» на кнігу Булгакава. Хутчэй за ўсё акадэмічныя і ўнівэрсытэцкія супрацоўнікі атрымалі негалосны загад не рэагаваць без дазволу на навуковыя і публіцыстычныя тэксты, прысьвечаныя беларускай культуры, гісторыі, сьветапогляду, філязофіі, ідэалёгіі, і напісаныя з нацыянальных пазыцый на ўзроўні сучасных навуковых мэтадалёгіяў. Зь іншага боку, стаўленьне да высноваў з кнігі Валера Булгакава будзе добрым сэгрэгатарам гуманітарнага асяродзьдзя.

Шанавальнікі «ліцьвінскай ідэалёгіі» надалей будуць працягваць бараніць беларускасьць шляхцічаў‑рамантыкаў зь першай паловы — сярэдзіны ХІХ ст (Булгакаў яе рашуча адпрэчвае). Адэпты «западнарускай ідэалёгіі» павінны будуць канкрэтна выказацца ў падтрымку ідэі аўтара аб «расейскім праекце стварэньня сучаснай беларускай нацыі», а зь іншага боку, абурацца лексыкай і высновамі аўтара. «Афіцыйныя акадэмічныя і ўнівэрсытэцкія вучоныя» ўсьцешацца аўтарскім прызнаньнем існаваньня беларускага нацыяналізму, які пагражае актуальнаму палітычнаму, ідэалягічнаму і культурнаму стану Беларусі. А зь іншага боку, спалохаюцца, бо падобная канстатацыя адбірае ў іх прывілей на крытыку беларускага нацыяналізму.

Пасьля прачытаньня кнігі Валера Булгакава я ўспомніў свой асабісты шлях да сапраўднага беларускага нацыяналізму. Пачалося ўсё ў ліпені 1983 г. падчас археалягічных працаў пры рэстаўрацыі Мірскага замку. Разам з намі, студэнтамі гістарычнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, аб’яднанымі ў камсамольскі будатрад, працавалі (як навуковыя кіраўнікі) Алег Трусаў, Алесь Краўцэвіч, Алесь Кушнярэвіч, Ігар Чарняўскі, Іра Ганецкая, Ала Сташкевіч, прыяжджалі Міхась Ткачоў і Ўладзімер Арлоў, Алесь Бяляцкі і Ендрусь Акулін, Вінцук Вячорка і Генадзь Сагановіч. Яны ўсе гаварылі па‑беларуску! І вось цуд, без усялякай агітацыі, на духоўным і мэнтальным узроўні я загаварыў на мове дзеда Івана і бабы Зосі з Данікаў Шукайлаў і бабы Алесі са Шчасных Семянчук. Першае, што я зрабіў, — напісаў ліст да бацькоў у Ваўкавыск па‑беларуску. І другі цуд — яны адрэагавалі натуральным чынам, падтрымаўшы мае прагненьні і памкненьні. Чаго, на жаль, я так і не дачакаўся з боку сваіх унівэрсытэцкіх выкладчыкаў, апроч праф. Міхася Ткачова. Тады нас у Мірскім замку працавала недзе каля 25—30 асобаў пасьля 3‑га і 2‑га курсаў. Сапраўднымі беларускімі нацыяналістамі засталіся я, Мікола Жук, Іван Лантух і Сяргей Урбановіч. Большасьць засталіся «абычнымі людзьмі».

Каментары64

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»2

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»

Усе навіны →
Усе навіны

З'явіліся фатаграфіі замежных пасольстваў пасля ўдару па Кіеве11

ЗША патрацілі $30 мільёнаў на абслугоўванне арыштаванай яхты расійскага алігарха Керымава. У ёй памянялі нават ёршыкі ў прыбіральні1

Расійскаму спеваку Шарлоту, які спаліў пашпарт, запыталі сем з паловай гадоў калоніі

Дабрацца маршруткай з Гродна ў Віцебск можна будзе без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне4

У Магілёве на пераходзе насмерць збілі двух пешаходаў1

Падатковая злавіла таксіста, які вазіў ад вакзала ў Мінску да Ждановіч за 105 рублёў. Ён трапіў на 180 тысяч9

У дзень выбараў у Мінску грамадскі транспарт будзе бясплатным4

У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў3

У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі42

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»2

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»

Галоўнае
Усе навіны →