Чаму ў гістарычнай нясвіжскай плябаніі разбурылі калоны? - фота
Разбіраўся карэспандэнт НН.
Гэты будынак несумненна памятаюць тыя, хто бываў у Нясвіжы.
Плябанія стаіць па дарозе ў Радзівілаўскі палац, насупраць фарнага касцёла Божага Цела.Вылучаў яе сярод іншых збудаванняў дашок над ганкам. А дакладней — чатыры сімпатычныя пукатыя калоны, што яго трымалі.
Тыя «калюмны» надавалі плябаніі старасвецкі выгляд. Так і ўяўлялася, як мясцовая шляхта, ідучы да касцёла, ківала на тыя калоны: «А як жа! І мы ж паходзім з Рыма! Ад Палямона!»
Тых, хто прыязджаў нядаўна ў Нясвіж, падзівіцца на новаадчынены палац, чакаў сюрпрыз: ганак плябаніі з порцікам і калонамі збіты цалкам.
«Па апошніх звестках, якія мы атрымалі, у плябаніі быў магутны порцік накшталту вонкавай лоджыі ці партала, як у будынка насупраць помніка Сымону Буднаму. — расказвае галоўны архітэктар праекта Сяргей Друшчыц. —Цяпер
мы абіраем варыянт, па якім будзе адрэстаўраваны будынак — цалкам аўтэнтычны ці спрошчаны порцік. Гэта залежыць ад фінансаў — грошы нам вылучае касцёл.Аднаўляць мы так ці інакш будзем па самых старых фота.
Калоны аўтэнтычнымі не былі — гэта нашмат пазнейшая перабудова. Да таго ж, калоны былі ў аварыйным стане, актыўна асыпаліся — ля іх было небяспечна хадзіць, яны пахіліліся».
Плябанія — аднагодка замка і касцёла. Яна была ўзведзеная ў XVII ст. па загадзе Мікалая Радзівіла Сіроткі. Тут жыў ксёндз, былі пакоі для пілігрымаў, бібліятэка і парафіяльны архіў з метрыкамі. У пачатку ХІХ ст. у плябані кватаравалі расійскія афіцэры, пазней
будынак перараблялі, у выніку чаго плябанія, збудаваная ў стылі барока, набыла класіцыстычныя рысы. Магчыма, тады і з’явіліся абапал уваходу тыя бочкападобныя калоны.У савецкі час тут была друкарня, толькі ў 2007 плябанію перадалі касцёлу.
«Цяпер ідуць працы ў цокалі будынка, аднаўляецца дрэнажная сістэма. — кажа намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве і пытаннях горада Міхаіл Афанасік. — Што тычыцца франтона, то
ўсё, што мы робім, узгаднялася ў Міністэрстве культуры са спадаром Ігарам Чарняўскім. Таму пра руйнаванне гаворка не ідзе. Будынкам плябаніі цяпер займаецца Касцельны камітэт,якому мы перадалі будынак».
Цяпер чытаюць
«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
Каментары