Эксперты абралі
Сайт беларускай музычнай аналітыкі Experty.by апублікаваў ТОП-10 альбомаў за першае паўгоддзе 2012 года, у якім адназначна перамагае гурт “Срэбнае вяселле”, а “Ляпісы” з альбомам "Рабкор" застаюцца за бортам.
10 месца Chiefs Band – Jazz Pirates
Рэдкі выпадак таго, як на беларускай тэрыторыі прыжываецца і нармальна пачуваецца такі від музыкі, як фанк.
Праект басіста “Крамбамбулі” Алеся Мышкевіча – адзін з самых запамінальных дэбютаў года.
9 месца Hair Peace Salon – Gentleman
Дэбютнага альбома ад Hair Peace Salon чакалі некалькі гадоў, вынік не расчараваў:
выдатны брыт-рок, чыё студыйнае ўвасабленне апынулася не горшым за канцэртнае.
8 месца Open Space – Pressure
Поп-гурт Open Space працягвае ўдасканальвацца. Другая кружэлка гучыць сур’ёзней за дэбютны альбом.
Амаль усе песні можна ставіць на радыё –і гэта, у дадзеным выпадку, камплімент.
7 месца Morfe – Ziziaq
Этна-ф'южн з баянам, кларнетам, кантрабасам і электронікай.Калісьці Morfe былі цалкам акустычнымі, але ў студыі дадалі электроннага гучання, якое толькі дадало каларыту.
6 месца Sang Sattawood – Tree
Да блюз-року без баса цяпер ставяцца насцярожана – так і чакаеш пачуць кальку з White Stripes, але Sang Sattawood выключэнне.
Вельмі цікава.
5 месца Дахабраха & Port Mone - "Хмелева project"
Расійскія прамоўтары, якія прывозяць у Расію музыкаў узроўню Tinariwen і Джона Лайдана, сёлета назвалі ўкраінскі гурт “Дахабраха” самым цікавым гуртом Еўропы. Тут іх супольны праект з беларускімі акардэаністамі з Port Mone.
4 месца Drum Eсstasy - Play Loud
Чацвёрка бубначоў, узброеных дрылем, яшчэ раз даказала, што можна ствараць музычны сусвет толькі пры дапамозе бубнаў.
Між іншым, першы альбом гурту за сем год.
3 месца Clover Club "Random Mood Jukebox"
Дэбютны альбом ад Clover Club апынуўся настолькі жыццярадасным, што мы яго яшчэ ўбачым у рэйтынгу за год.Ці пройдуць хлопцы выпрабаванне “другім альбомам”? Спадзяемся, што так.
2 месца Akute – Не існуе
2012 год, мяркуючы па ўсім, ужо можна назваць “годам Akute”:
яны прымусілі спяваць па-беларуску ўсіх – ад школьніц да аматараў сучаснай поп-музыкі.
1 месца «Срэбнае вяселле» - Laterna Magica
Другі альбом “Вяселля” апынуўся куды больш цікавым за першы: узровень Бенькі і Ка настолькі высокі, што набліжаецца да ўзроўню “Тройцы” (хоць і ў зусім іншым жанры). Пры гэтым
што ні песня – то хіт.
Паслухаць усе альбомы можна тут.
Каментары