Архіў

Мiхал Кукабака: "Я ЗАСТАЮСЯ ДЫСЫДЭНТАМ"

№ 12 (109), 1998 г.

Мiхал Кукабака: "Я застаюся дысыдэнтам"

 

Легенда беларускага дысыдэнцкага руху — Мiхал Кукабака. На пачатку 80-х КГБ спрабаваў зрабiць зь ягонага iмя пудзiла, маўляў, Кукабака — прыдумка амэрыканскай разьведкi. З 1968-га па 1988 г. Кукабака правёў на волi менш, чым два гады. З шаснаццацi гадоў зьняволеньня пяць прыпадаюць на Сычоўскую спэцпсыхклiнiку. Астатнiя — на турмы Ўладзiмера, Вiцебска, Полацка, мардоўскiя лягеры.

Зь Мiхалам Кукабакам гутарыць карэспандэнт «Нашай Нiвы» Севярын Квяткоўскi.

 

М.С.: Нарадзiўся я ў Бабруйску ў 1936 годзе. Мацi працавала на нейкiм цагляным заводзе, а бацька служыў у войску. Я яго ня памятаю — ён загiнуў падчас так званай фiнскай вайны. Гадавала мяне бабуля. Час другой сусьветнай вайны памятаю цьмяна, дзiцячыя ўражаньнi: спачатку перамаглi немцы, пасьля расейцы, мы, пэўна, спрабавалi ўцякчы на Ўсход, ня здолелi, i час вайны правялi ў вёсцы пад Бабруйскам. Пасьля вайны скончыў рамесную вучэльню. Мяне накiравалi на працу ў Сiбiр...

 

«Справа Кукабакi» распачалася трыццаць гадоў таму ў Кiеве, калi савецкiя войскi ўвайшлi ў Чэхаславаччыну. Тады ва ўсiм СССР былi лiчаныя людзi, якiя адкрыта выказвалi сваё непрыняцьце такiх захадаў савецкага кiраўнiцтва.

М.К.: На момант акупацыi Чэхаславаччыны я ўжо адслужыў у войску, працаваў на заводзе хiмiкатаў у Кiеве. Мяне выклiкалi ў ваенкамат. Ня ведаю дакладна, дзеля чаго, магчыма, на «партызанку» — вайсковыя зборы. Як толькi я падыйшоў да патрэбнага вакенца ў ваенкамаце, я заявiў афiцэру, якi там сядзеў: «Калi вы мяне выклiкалi дзеля таго, каб адправiць у Чэхаславаччыну, вы гэта зрабiлi дарэмна. Уваход савецкiх войскаў у гэтую краiну я лiчу злачынствам. Саўдзельнiчаць у злачынстве я ня буду. Калi вы мяне туды адправiце прымусова, я павярну рулю аўтамата супраць вас». Узьняўся крык, мяне абклалi матамi, i я ледзь не патрапiў у псыхушку. Без даведкi з шпiталя ваенкамат не даваў даведку на месца працы. Давялося добра «павыкручвацца», каб пераканаць лечкамiсiю, што я папросту «наiўны».

 

С.К.: Вашымi ўчынкамi рухалi эмоцыi?

М.К: У мяне на той час былi ўжо даволi трывалыя погляды. Выпадак у ваенкамаце — гэта папросту эпiзод. Мною рухала нармальнае жаданьне выказаць сваё стаўленьне да падзеяў. Жаданьне не грунтавалася выключна на эмоцыi. Гэта былi нармальныя рэакцыi. Такiя ж, якiя ўзьнiкаюць, калi вы бачыце, як хтосьцi крыўдзiць дзiцёнка.

 

Мiхал Кукабака праз год быў вымушаны пакiнуць Кiеў. Гэтаму папярэднiчалi спробы перадаць лiст пратэсту праз генконсульства Чэхаславаччыны, а таксама дзейнасьць, скiраваная на байкот выбараў, якiя праводзiлiся ў 1968 годзе.

М.К.: Я i некалькi маiх знаёмых, якiх я здолеў пераканаць, агiтавалi ў вуснай форме. Наша пазыцыя была такая: аднапартыйныя выбары — гэта ня выбары; за камунiстаў мы не галасуем. Калi альтэрнатывы няма, навошта ўдзельнiчаць у шоў? Неўзабаве мяне выклiкалi ў кiеўскi гаркам КПУ, абвiнавацiлi ў мааiзме, а маiх прыяцеляў паспрабавалi прымусiць зрабiць на мяне данос. Нягледзячы на тое, што ў тыя часы для вялiкай колькасьцi савецкiх грамадзянаў увогуле адсутнiчаў панятак «даносу» цi «стукачаства» як чагосьцi антымаральнага, бо гэта разглядалася як праява патрыятызму, сфабрыкаваць супраць мяне палiтычную справу ўладам не ўдалося. Тады яны пайшлi iншым шляхам. Вырашылi выселiць мяне з iнтэрнату «за п’янства». У адказ я падаў судовы iск за паклёп i правёў апытаньне жыхароў iнтэрнату. Абыйшоў iх зь лiстом паперы, на якiм прапаноўваў засьведчыць сваё меркаваньне — п’янiца я цi не. Падпiсалiся ня ўсе, але вынiкi былi для мяне пазытыўнымi, справу «спусьцiлi на тармазах». Але перада мной паўстала пытаньне — куды зьяжджаць.

Я выбраў горад Аляксандраўск Уладзiмерскае вобласьцi. Аляксандраўск — гэта сто першы кiлямэтар ад Масквы. А сталiца на той час была адзiным месцам, дзе было магчыма ўступiць у кантакты з замежнымi карэспандэнтамi, то бок, адзiнай магчымасьцю перадаць нейкую iнфармацыю ў вольны сьвет. Масква была самым спрыяльным горадам для антыдзяржаўнай дзейнасьцi.

 

Мiхал Кукабака прыехаў у Аляксандраўск у жнiўнi 1969 году, а 14 красавiка 1970 году быў арыштаваны КГБ. Падставай зьявiўся лiст-адказ на артыкул ангельскага пiсьменьнiка Айвэра Мантэгю, якi ў сваiм артыкуле ў «Камсамольскай Праўдзе» «выкрываў» расейскага пiсьменьнiка-дысыдэнта Анатоля Кузьняцова, аўтара вядомага «Баб,яга Яру».

М.К.: Пасьля таго, як я паспрабаваў перадаць свой лiст на Захад, мяне выклiкалi ў гарадзкую пракуратуру Аляксандраўска. Пракурор запытаўся, маўляў, чаму вы, Мiхал Iгнатавiч, рэгулярна выступаеце супраць савецкае ўлады. Я адказаў, што ня маю нiчога супраць савецкае ўлады. Толькi я ведаю, што ў расейскай мове слова «совет» азначае працэс «советования». Але за трыццаць зь лiшкам гадоў свайго жыцьця я прыйшоў да высновы, што нашыя ўлады з намi, грамадзянамi, нiколi ня раiлася. Значыць, савецкае ўлады ў нас няма, за яе яшчэ прыйдзецца змагацца. Тады ззаду мяне зьлёгку хлопнулi па плячы, я абярнуўся — мiлiцыянт працягвае наручнiкi...

У мяне быў вельмi займальны прысуд. Там былi, напрыклад, такiя пасажы: «Падчас уборкi тэрыторыi завода Кукабака ў прысутнасьцi такiх i такiх неадабральна выказваўся аб ленiнскiм лёзунгу жыць i працаваць па-камунiстычнаму». Альбо напрыклад: «Падчас сустрэчы Новага году за сьвяточным сталом Кукабака казаў, што ў нас няма сапраўднай Канстытуцыi, што нават тая, якая ёсьць, не выконваецца. Неадабральна адгукаўся аб унутранай i зьнешняй палiтыцы савецкае дзяржавы». I ўсё ў такiм духу. Было такое адчуваньне, што за мной хадзiлi сьлед у сьлед i запiсвалi кожнае слова.

 

Мiхала Кукабаку судзiлi 6 верасьня 1970 году завочна. Аб вынiках ён даведаўся толькi праз год зьняволеньня ва Ўладзiмерскай сьледчай турме ў кастрычнiку 1971 г. Зь лiстапада 1971-га па 1976 год Кукабака знаходзiўся на «лячэньнi» ў Сычоўскай спэцпсыхклiнiцы, што ў Смаленскай вобласьцi. У свой час яна лiчылася адной з найгоршых установаў падобнага кшталту. У заключэньнi мэдэкспэртызы сьцьвярджалася, што «заняткi спортам, цiкавасьць да замежных моваў i фiлязофii прывялi да хвараблівых зьменаў асобы».

М.К.: Па вялiкiм рахунку, мне пашанцавала. Прынамсi, таму, што я здолеў пазьбегнуць моцных псыхатропных прэпаратаў. Да таго ж, я патрапiў да маладога лекара. На мой погляд, ён яшчэ быў ня моцна сапсаваны той сыстэмай. I ўрэшце, я адразу выбраў найбольш аптымальную лiнiю паводзiнаў. Як толькi я прыбыў у спэцклiнiку, я адразу ж памкнуўся атрымаць працу. Фармальна праца была дабраахвотнай справай. Але ж сярод «лячэбных» сродкаў iснавала так званая «працатэрапiя». То бок, калi пацыент адмаўляўся ад ласкавага запрашэньня папрацаваць, яго адразу ж пачыналi шпiгаваць нэўралептыкамi. Гэта быў сапраўдны стымул да працы. У першапачатковым значэньнi гэтага слова. Слова stymulus у Старажытным Рыме азначала палку для бiцьця рабоў...

Адрозьненьне спэцпсыхклiнiкi ад турмы заключаецца ў тым, што пацыент клiнiкi ўвогуле ня мае АНIЯКIХ правоў. Менавiта таму я нават не спрабаваў пiсаць нейкiя скаргi. Гэта разглядалася як праява «хваробы», i вяло за сабой пакараньне нэўралептыкамi. А гэтыя прэпараты разбуралi ня толькi псыхiку, але ўвесь арганiзм цалкам. Я бачыў людзей, якiя састарылiся ў тры разы хутчэй, чым наканавана прыродай.

Я меў доўгiя размовы з сваiм лекарам. Ён уступаў у дыялёг, i я нiколi ня мог зразумець, калi ён шчыры, а калi мне «падыгрывае». Але аднойчы ён сказаў: «Так, Мiхал Iгнатавiч, ад таго, як Вы ўлiплi ў гэтую гiсторыю, нiхто з нас не застрахаваны.»

 

Кукабака быў вызваленьны з Сычоўскай псыхушкi на пачатку 1976 году, а ўжо 1 лiстапада таго ж году быў iзноў арыштаваны, i зноў скiраваны ў спэцпсыхклiнiку па абвiнавачваньнi ў распаўсюджваньнi «Ўсеагульнай дэклярацыi правоў чалавека», дэ-юрэ легальнага дакумэнта на тэрыторыi СССР. Але празь некалькi месяцаў улады былi вымушаныя вызвалiць Кукабаку, паколькi аб ягонай справе загаварылi на мiжнародным псыхiятрычным кангрэсе, якi ў 1976 годзе праходзiў у Лёндане.

Наступным выступам Кукабакi стаўся артыкул «Абарона правоў чалавека i разрадка — непадзельныя», якi быў зачытаны ў радыё «Свабода». Сьледам зьявiлася эсэ «Скрадзеная Радзiма» аб русiфiкатарскай палiтыцы камунiстаў у дачыненьнi да Беларусi. Гэты артыкул прагучаў у эфiры «Нямецкае Хвалi», а таксама быў надрукаваны ў амэрыканскай газэце «Беларус». Эсэ выклiкала вялiкую дыскусiю па-за межамi СССР. Менавiта «Скрадзеная Радзiма» сталася асноўнай прычынай чарговага арышту Мiхала Кукабакi 19 кастрычнiка 1978 году. 22 чэрвеня 1979 году ён быў асуджаны «за антысавецкую агiтацыю i прапаганду». Зь лягеру Кукабака вызвалiўся толькi ў 1988 годзе. За гэты час яго судзiлi яшчэ два разы, кожны раз перад заканчэньнем вызначанага тэрмiну. У 1987 Кукабаку два месяцы апрацоўвалi ў Вiцебскай турме з мэтаю «выбiць пакаяньне». Са словаў iншага сядзельца Вiцебскага цантралу, Славамiра Адамовiча, памяць аб Кукабаку зьняволеныя перадаюць «з пакаленьня ў пакаленьне». Вызваленьне Мiхала Кукабакi было прымеркаванае да вiзыту прэзыдэнта Гарбачова ў Злучаныя Штаты Амэрыкi. Сёлета адзiн з апошнiх савецкiх дысыдэнтаў спраўляе сваеасаблiвы «юбiлей» жыцьця на волi.

С.К.: Пакуль Вы знаходзiлiся за кратамi, Вы былi моцным раздражняльнiкам для савецкiх уладаў. За вас заступалася некалькi мiжнародных хельсiнскiх групаў, сэнатары амэрыканскага кангрэсу, нават ангельскi мiнiстар. Напрыканцы 80-х Вашае iмя было моцным чыньнiкам супрацьстаяньня таталiтарнай сыстэме. Вызвалiўшыся зь лягеру, Вы апынулiся у цалкам iншым сьвеце ў параўнаньнi з часам, калi патрапiлi за краты. Цi iснуе для Вас у новых рэалiях панятак дысыдэнцтва?

М.К.: Дысыдэнства — рознаплянавае. Я ведаю, што ў сёньняшняй Беларусi iзноў зьявiлiся дысыдэнты. Я лiчыў i лiчу сябе беларусам, да майго вызваленьня спрычынiлася шмат асобаў зь беларускай заходняй дыяспары i дзеячоў беларускага незалежнiцкага руху. Але цяпер я грамадзянiн Расеi, i расейскiя рэалii мне больш вядомыя. Вось прыклад. Былi людзi, якiя лiчылi, што iм нестае свабоды дзеля самавыказваньня. Перабудова iм гэта дала, i яны спынiлiся, гэта iхная «столь». Яны цяпер могуць вольна публiкавацца, калi гэта не разыходзiцца з стэрэатыпамi масавай сьвядомасьцi. Але фактычна я дагэтуль зьяўляюся дысыдэнтам. Хоць я не лiчу сябе прафэсiяналам-праваабаронцам, але я сярод тых нешматлiкiх людзей, чые iдэi разыходзяцца нават з прызнанымi расейскiмi дэмакратамi. Сутнасьць разыходжаньня ў першую чаргу базуецца на нацыянальным пытаньнi. Пераважная большасьць расейскiх дэмакратаў стаiць гарой за «адзiную недзялiмую». Я ж лiчу, што найвялiкшай дабротай для жыхароў Расеi стаўся б распад гэтай вялiкай iмпэрыi. Пазбаўленьне расейцаў статусу народа-калянiзатара — гэта ў першую чаргу дабро для самiх расейцаў.

 

С.К.: У якiх расейскiх сродках масавай iнфармацыi Вы можаце прамовiць гэтыя словы?

М.К.: Можа быць, я залiшнi пэсымiст, але мяркую, што нi ў якiх.

 

С.К.: Цi могуць у Расеi Вашыя словы патрактаваць як «заклiк да зьвяржэньня iснуючага дзяржаўнага ладу»?

М.К.: Я нiколi не задумваюся над такiмi рэчамi. Для мяне слова «праўда» важнейшае за любыя пагрозы. Калi я перакананы, што маю рацыю — усё астатняе адпадае. Я ведаю, што пераважная большасьць расейцаў мяне не падтрымае. Як не падтрымлiвае iдэю, аб якой я пiсаў у адным з сваiх артыкулаў. Я сьцьвярджаў, што велiч народа ня ў колькасьцi ядзерных боегаловак, а ў дабрабыце i здатнасьцi паважаць сваю i iншыя культуры. Для расейскай масавай сьвядомасьцi такiя рэчы папросту незразумелыя... Такiх як я, у Расеi, на жаль, адзiнкi.

Каментары

Чалы: Чым даўжэй Лукашэнка марудзіць з выбарамі, тым больш аргументаў, каб яму не ісці14

Чалы: Чым даўжэй Лукашэнка марудзіць з выбарамі, тым больш аргументаў, каб яму не ісці

Усе навіны →
Усе навіны

Ад якіх хвароб лечыць лазня?2

«Знішчае вірусы, умацоўвае імунітэт». У Брэсце прадаецца дом з кедру3

«Ябацькі спалохаліся, што вайна, аказваецца, побач». Як у Гомелі абмяркоўваюць выбухі беспілотнікаў над горадам5

«Ну дзе ж я мог сустрэць класнага кіраўніка? У камеры магілёўскага СІЗА! А затрымалі яго праз наш чат выпускнікоў»4

У Нясвіжы памянялі мову вулічных шыльдаў «для зручнасці турыстаў і гасцей горада»15

Убачыць Беларусь з вышыні: топ-5 цікавых аглядных пляцовак

Жыхара Мінскага раёна будуць судзіць за адмаўленне генацыду беларускага народа2

Ці прыйдзе беларускі Хрушчоў пасля Лукашэнкі? Мікола Бугай адказвае Дракахрусту16

У Расіі завялі крымінальную справу на спявачку Манетачку3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чалы: Чым даўжэй Лукашэнка марудзіць з выбарамі, тым больш аргументаў, каб яму не ісці14

Чалы: Чым даўжэй Лукашэнка марудзіць з выбарамі, тым больш аргументаў, каб яму не ісці

Галоўнае
Усе навіны →