Архіў

Адам Глёбус. Суайчыньнiцы

№ 02 (123) 1999 г.


 Адам Глёбус

Суайчыньнiцы

 

Качаткова

Пiсьменьнiца Паўлiна Качаткова спытала ў мяне: «Ты пра ўсiх пiшаш, а я для цябе толькi прататып у «Дамавiкамэроне»? «Напiшы пра сябе сама, я падпiшу». «Не, я так не магу»... А я мог, i не адзiн раз ставiлiся чужыя iмёны пад маiмi тэкстамi.

 

Караткевiч

Журналiстка Вольга Караткевiч запытала: «А Вы, спадар Глёбус, ведаеце, як беларускiя жанчыны ставяцца да беларускiх мужчын?» На жаль, ведаю, i ў блiжэйшы час прэзыдэнтам Беларусi можа быць толькi мужчына.

 

Баравiкова

Сябра пэн-клюбу Рыгор Барадулiн сьцьвярджаў: калi зазiрнуць у вочы да паэткi Раi Баравiковай, там можна пабачыць (Як бы гэта сказаць не па-барадулiнску, а больш ахайна й ня страцiць вобраз?) мужчынскiя пачаткi, якiя хiстаюцца, як мэтраномы. Некалькi разоў я заглядаў у сьветлыя вочы паэткi, але так i ня ўбачыў мужчынскiх ворганаў, якiя бачыў Барадулiн, не пашанцавала.

 

Iпатава

Ёсьць людзi, якiя па прыезьдзе ў новы горад перш-наперш iдуць у сабор, другiя наведваюць крамы й кiрмашы. А ёсьць i такiя, як тэлежурналiстка Вольга Iпатава — яны кiруюцца напрасткi да найвышэйшага начальства.

 

Сьвiрыдава

Эстрадная сьпявачка Алёна Сьвiрыдава любiла пiць каву ў Траецкай карчме. Пiў я неяк каву разам са Сьвiрыдавай. «Ты мой клiп па тэлiку бачыў?» Бачыў. «I як ён табе?» «У Маскву трэба ехаць, а то станеш тут Афанасьевай цi Ялiнскай». Алёна зьехала й засталася Сьвiрыдавай. Цяпер шкадую, што не назваў Лёндан замест Масквы.

 

Язерская

Музыказнаўца Элеанора Язерская, безумоўна, мае артыстычныя здольнасьцi. Толькi да тэлiвiзii, дзе працуе Элеанора, тыя здольнасьцi ня маюць анiякага дачыненьня. Тэлiвiзiя — празрыстая, лялечная, акварэльная. А з магутным целам Язерскай варта выступаць на цыркавых арэнах з дрэсiраванымi цюленямi цi са сланамi.

 

Церахава

Апошнiя гадоў зь дзесяць у «Цэнтральным» унiвэрсаме цi каля яго можна сустрэць жанчыну-бамжа ў чырвонай шапцы зь недакуркам на сiняватай губе. Часьцяком яна сядзiць на прыступках i пiша вершы ў зашмальцаваны сшытак. Раней яна пачытвала Рубцова, Цьвятаеву й Ахматаву. Цяпер не чытае, толькi пiша. Гэта паэтка — Ала Церахава. Яна скончыла лiтаратурны iнстытут iмя Максiма Горкага ў Маскве, выдала зборнiк расейскамоўных вершаў, зайшла ў сябе й не вяртаецца. Ала не жабрачка, яна рыецца ў сьметнiках, ды грошы ў людзей не выпрошвае. Спрабаваў даць, не бярэ, палохаецца, уцякае.

 

Пасьлядовiч

Нiколi зь ёю не гаварыў, ня выпала яе пабачыць, нi разу не наведаў яе пэрсанальнай выставы... Жывеш у адным горадзе з выдатнай мастачкай, сам десяць гадоў вучысься на мастака, i нават выпадкова не сустракаесься з Аленай Пасьлядовiч. Лёс.

Недзе годзе ў 79-м набыў я ў мастацкiм салёне рамку з афортам. Рамкi з афортамi паўцэньвалi, так уцэньваюць рэчы, што выйшлi з моды, так уцэньваюць кнiгi. Працу Алены Пасьлядовiч я з той рамкi дастаў, каб уставiць свой малюнак i пайсьцi на дзень нараджэньня да каханкi. Такiм чынам у мяне апынуўся афорт генiяльнай беларускай мастачкi Алены Пасьлядовiч.

 

Булыка

Валодзя Сiўчыкаў казаў, што лiтаратарка Галя Булыка зрабiла выдатны рамонт у сваёй кватэры на грошы, заробленыя пiсаньнем ананiмнай расейскамоўнай бэлетрыстыкi. Усё як у людзей. А што сталася з Галiнай беларускамоўнай паэзiяй? Цiшыня. I з гэтае цiшы ўсплывае чамусьцi верш Булыкi «Паэтка» зь цьмяным радком: «Па высокiх нагах успаўзалi зьмяiнкi расы».

 

Качаткова

Лiтаратарка Паўлiна Качаткова толькi ў лазенцы чытае «Зацемкi зь левай кiшэнi» Леанiда Галубовiча. Чытае ў лазенцы, а крытыкуе паўсюль. А пра што ж Вы, дарагi наш Лёня, думалi, калi пiсалi: «На мой суб’ектыўны погляд, жанчынам не абавязкова займацца лiтаратурнай творчасьцю». Калi меркаваць па погляду, Леанiд думаў пра сваю жонку, а пакрыўдзiлiся жонкi iншых асобаў.

 

Алексiевiч

Публiцыстка Сьвятлана Алексiевiч па расейскай тэлiвiзii выступiла супраць аб’яднаньня Беларусi з Расеяю. Як цяпер модна на правiнцыйных тэлебачаньнях, яна выказалася мэтафарычна, маўляў, цi могуць два вельмi хворых чалавекi стварыць нармальную сям’ю... Сама Сьвятлана жыве бяз мужа, таму аргумэнт набывае дадатковую вагу. I яшчэ... Калi ўжо рускамоўным людзям не патрэбна аб’яднаньне Беларусi з Расеяю, каму яно ўвогуле трэба?

 

Равяка

Лiтаратарка Тацяна Равяка пад псэўдонiмам Валянцiна Краскова напiсала бэстсэлер «Любоўнiцы Крамля». Бясспрэчна, таленавiтая кнiга. А дзе ж слава й падарункi? У псэўдонiма. Такi час, як сказаў бы стары Хэмiнгуэй: пераможца не атрымлiвае нiчога.

 

Камоцкая

Калi я слухаю CD cьпявачкi Касi Камоцкай, чамусьцi не магу пазбавiцца ад пытаньня: чаму такая разумная й адукаваная жанчына займаецца вельмi няпэўнай i хутказьменлiвай справай — песьнямi? Зь яе ведамi можна было б выкладаць фiлязофiю цi псыхалёгiю ва ўнiвэрсытэце. А Кася ахвяруе ўсю сябе разбуральнаму й рэвалюцыйнаму рок-н-ролу. Зрэшты, i там i там адна й тая ж аўдыторыя. I ў дадатак, у рок-н-роле няма рэктараў i дэканаў.

 

Лукша

«Глёбус, не пiшы вершаў, яны ў цябе не атрымоўваюцца», — цiха, як па-сакрэце, сказала мне паэтка Мiра Лукша. Калi не атрымлiваецца, я й не пiшу, Мiра, даўно не пiшу. Iншыя пiшуць. А я, як толькi пачало неатрымлiвацца, адразу й кiнуў.


Каментары

Цяпер чытаюць

У Познані гінеколаг выдаліў 24‑гадовай беларусцы матку і яечнікі без яе згоды. Яму пагражае да 20 гадоў турмы12

У Познані гінеколаг выдаліў 24‑гадовай беларусцы матку і яечнікі без яе згоды. Яму пагражае да 20 гадоў турмы

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, як Трампа рыхтавалі да прыняцця рашэння атакаваць Іран1

Трамп паведаміў, колькі будзе працягвацца кампанія ў Іране2

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі54

Беларуская вучоная ў 47 гадоў эмігравала з-за пазіцыі. Яна пакінула навуку і пайшла працаваць на фабрыку12

Падчас удараў па Тэгеране загінулі зяць і нявестка Алі Хаменеі8

Іран, верагодна, закрыў Армузскі праліў1

Стала вядома, як Трамп кіруе вайсковай аперацыяй супраць Ірана3

Мужчына на сапбордзе, які загінуў у Свіслачы ў цэнтры Мінска, ударыўся галавой аб мост, калі фатаграфаваўся2

«Белавія» паведаміла, што цяпер будзе з рэйсамі ў Дубай і Доху

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Познані гінеколаг выдаліў 24‑гадовай беларусцы матку і яечнікі без яе згоды. Яму пагражае да 20 гадоў турмы12

У Познані гінеколаг выдаліў 24‑гадовай беларусцы матку і яечнікі без яе згоды. Яму пагражае да 20 гадоў турмы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць