Архіў

Сілівончык — багатыр і халерык

№ 14 (135) 1999 г.


 Сілівончык — багатыр і халерык

 

У чытача публікацыяў пра падзеі ў вёсцы Мікалаеўцы складаецца ўражаньне, што Анатоль Сілівончык — нейкі монстар, які прыехаў у Беларусь з адной мэтай — даць волю сваім садысцкім схільнасьцям — і чамусьці абраў для гэтага свае родныя мясьціны. Але ж людзі ў Мікалаеўцы ведаюць Анатоля зь дзяцінства, бо побач ягоная родная вёска Гамза.

У Сьветлагорску ходзяць розныя вэрсіі падзеяў. Мы папрасілі расказаць пра А.Сілівончыка, аднаго з самых незвычайных і багатых беларусаў нашага часу, Ўладзімера Арлова, які добра ведаў самага калярытнага прадстаўніка беларускай дыяспары ў Сібіры. Ці можа Сілівончыку даравацца больш, чым даравалі б некаму іншаму, дзеля ягоных заслуг перад айчынай?

«Анатоль часта прыяжджаў да маці ў Гамзу, прывозіў туды на лета сваіх двух сыноў. Мне аднойчы давялося там быць, і я заўважыў, што аднавяскоўцы вельмі любяць Анатоля. Пра гэта сёньня ня кажуць. Некаторыя журналісты, праўда, узгадалі, што Сілівончык — яшчэ й мэцэнат. Але прагучала гэта досыць няўцямна, і таму мне хацелася б пачаць там, дзе іншыя ставілі кропку.

Варта нагадаць, што зь фінансавай падтрымкай Сілівончыка адбывалася пяцігадовая праца па стварэньні вобразу крыжа Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Пад час гэтай працы мастак-ювэлір Мікола Кузьміч аднавіў тэхналёгію перагародкавай эмалі часоў геніяльнага полацкага майстра Богшы — гэта пацьвердзілі прызнаныя аўтарытэты, дактары гістарычных навук з Акадэміі навук Беларусі Георгій Штыхаў і расейскія — Тацьцяна Макарава і Леанід Аляксееў. Пра значнасьць гэтай працы ўжо досыць шмат напісана.

Анатоль Сілівончык быў таксама фундатарам навукова-папулярнай кнігі «Жыватворны сымбаль Бацькаўшчыны», прысьвечанай гісторыі крыжа Сьвятой Эўфрасіньні, і фундаваў фільмы Віктара Шавялевіча «Шлях да сьвятыні» і «Пастка для зубра». На сродкі Сілівончыка была выдадзена адна з паэтычных кніг беларускага паэта з Санкт-Пецярбургу Анатоля Кірвеля. Таксама шырока вядома пра намеры Сілівончыка фінансаваць стварэньне і ўсталяваньне помнікаў Эўфрасіньні Полацкай у Менску і Полацку. Анатоль шмат дапамагаў полацкаму Спаса-Эўфрасіньнеўскаму манастыру і даваў грошы на праект яго рэгенэрацыі. Пад час адраджэньня манастыра ён фінансаваў адсяленьне мясцовых жыхароў, якія займалі будынак кельляў. Потым на ягоныя грошы для манастыра набылі мікрааўтобус.

Дарэчы, мікрааўтобус Сілівончык набыў і для сваёй роднай вёскі Гамза. Гэтым аўтобусам карыстаюцца і жыхары славутай цяпер Мікалаеўкі. Аўтобус працуе па графіку і, апрача таго кругласутачна дзейнічае як «хуткая дапамога» для мясцовых жыхароў, калі каму трэба ў больніцу ў Сьветлагорску або ў Бабруйску. Апошнім беларускім праектам, на які даў грошы Сілівончык, было выданьне набору рэпрадукцыяў фрэскавых размалёвак ХІІ ст. з полацкай Спасаўскай царквы.

Анатоль — безумоўна, неардынырны чалавек зь яркім халерычным тэмпэрамэнтам. Ён здольны на імпульсіўныя ўчынкі рознага кшталту. Летась ён выпадкова даведаўся пра адну менскую выпускніцу школы, якая засталася сіратой, і істотна дапамог ёй грашыма. Можна згадаць шмат эпізодаў, якія дэманструюць чалавечую шчырасьць Анатоля, ягоную гатоўнасьць на высакародны ўчынак. Таму мне бясконца сумна, што расейскія ваенізаваныя фармаваньні кшталту «Беркута» здолелі выкарыстаць нашага суайчыньніка ў сваіх мэтах.

Я думаю, Анатоль зразумеў, што для гэтых людзей у чорнай форме Беларусь — проста палігон для гульняў і забаваў. Тут любому бачна, што сам Сілівончык ня мог удзельнічаць у зьдзеках над сваімі суседзямі. Наколькі мне вядома, проста сытуацыя выйшла з-пад ягонага кантролю, і вялі рэй там расейскія башыбузукі, якія прайшлі вайну ў Аўганістане ці ў Чачэніі. Дзіўна, што людзей, якія непасрэдна зьдзяйснялі гэтую «баявую апэрацыю», проста беспакарана дэпартавалі ў Расею, а Сілівончыка зрабілі «крайнім». Магчыма, тут адыграў ролю ягоны характар, бо Анатоль мог рэзка размаўляць з прадстаўнікамі ўладаў.

Натуральна, Анатоль выбраў ня лепшы спосаб укладаньня грошай, і напэўна ён сам у гэтым пераканаўся. Я ўсё ж спадзяюся, што ён хутка выйдзе на свабоду і зробіць яшчэ нямала карысных справаў для Беларусі. Бо я ня ведаю, каго ў апошнія гады можна было б паставіць побач з Анатолем па значнасьці фінансавых укладаньняў у беларускія культурніцкія праекты. Сёньня ў нас больш такіх мэцэнатаў няма».

Гутарыў Аляксей Знаткевіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты21

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдактарка «Белсата» Аліна Коўшык папярэдзіла пра фэйкавыя паведамленні, разасланыя махлярамі ад яе імя

Маладую айцішніцу з Innowise Group асудзілі за палітыку5

Гарыць нафтаперапампоўная станцыя ў Башкартастане

«За ўсё, уключаючы рамонт, выйдзе $10 000 па курсе». Як мінчук будуе дом з марскога кантэйнера5

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка28

Уласнік «Мясной губерні» прасоўвае на эстраду васьмігадовую дачку. Яна ўжо паспела засвяціцца ў акцыі ў падтрымку Лукашэнкі13

Іран адмовіўся весці перамовы з ЗША без выканання пяці ўмоў8

У Беларусі сталі ставіць аўтаматы з піцай. Які там асартымент?1

Трагедыя Чорнай царквы. Як у 1920‑я навукоўцы спрабавалі ўратаваць помнікі БССР ад пралетарыяў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты21

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць